Удзельнікаў кліматычнай канфэрэнцыі ААН у Бразыліі эвакуавалі праз пажар у будынку

Пажар у месцы правядзеньня кліматычнай канфэрэнцыі ў Бразыліі

Буйная сустрэча пад эгідай ААН адбываецца ў горадзе Бэлем.

Удзельнікаў канфэрэнцыі ААН у пытаньнях клімату COP30 (30-я Канфэрэнцыя бакоў) эвакуавалі з прычыны пажару ў месцы яе правядзеньня.

Полымя і дым убачылі ў зоне павільёну для сустрэчы. ААН паведаміла, што пажар патушылі праз шэсьць хвілін. 13 чалавек атрымалі дапамогу пасьля ўдыханьня дыму. Пакуль невядома, што стала прычынай пажару.

Удзельнікі зьезду спрабавалі дамовіцца аб наступных кроках у барацьбе супраць зьменаў клімату, але пажар парушыў працэс.

Адмыслоўца ў неадкладнай мэдычнай дапамозе Кімбэрлі Гамфры, якая дапамагае пацыентам у мэдычным цэнтры COP, паведаміла BBC, што пацярпелыя — «у асноўным людзі, якія ўдыхалі дым, у аднаго траўма лёгкіх ад дыму».

Шэраг дэлегацыяў розных краін мусілі пакінуць памяшканьне й укрываліся пад дахам запраўкі, паведаміў BBC сябра дэлегацыі Вялікай Брытаніі. Ён сказаў, што пажар спыніў перамовы.

ААН, якая праводзіць канфэрэнцыі ў пытаньнях зьмены клімату, заявіла, што пажарная служба правярае месца правядзеньня збору, каб ацаніць ступень бясьпекі. Арганізацыйныя пытаньні часова перадалі бразыльскім уладам.

Тысячы людзей прысутнічаюць на перамовах ААН у пытаньнях клімату, у тым ліку сябры дэлегацыяў з усяго сьвету. Амаль 200 краін спрабуюць дамовіцца, як дасягнуць прагрэсу ў барацьбе са зьменамі клімату.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як кліматычная анамалія можа спарадзіць ланцужок катастрафічных наступстваў. Гісторыі незвычайнага надвор’я