У Польшчы на чыгуначных рэйках знайшлі зьвязаныя дротам патроны. Паліцыя шукае чалавека, які гэта зрабіў

Паліцыя Польшчы на месцы дывэрсіі 17 лістапада 2025 году. Ілюстрацыйнае фота

У Польшчы ў раёне гораду Остраў Вялікапольскі на чыгуначных рэйках знайшлі два патроны, зьвязаныя дротам.

У паліцыі Польшчы назвалі гэта правакацыяй, адмыслова ўчыненай, каб праверыць рэакцыю спэцыяльных службаў.

«Мы знойдзем гэтага чалавека і прыцягнем да крымінальнай адказнасьці», — сказана ў паведамленьні паліцыі.

Паліцыянты сьцьвярджаюць, што патроны былі пустастрэльныя, а падклалі іх на рэйкі, на якіх ішоў рамонт.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Польшча патрабуе ад Беларусі выдаць двух дывэрсантаў, якія ўчынілі падрыў чыгункі

15 і 17 лістапада ў Польшчы адбыліся два здарэньні на чыгунцы. Спачатку стала вядома пра няспраўнасьці ў чыгуначнай інфраструктуры ў раёне паселішча Жычын у Мазавецкім ваяводзтве, у люблінскім кірунку. Каляіны пашкодзіў выбух, непадалёк выяўленая яшчэ адна выбуховая прылада, якая не здэтанавала, паведамлялі польскія мэдыя.

Другі падрыў адбыўся пад Пулавамі ў Люблінскім ваяводзтве, пашкоджаная чыгуначная кантактная сетка.

18 лістапада прэм’ер-міністар Польшчы Дональд Туск паведаміў, што дывэрсію на польскай чыгунцы зьдзейсьнілі грамадзяне Ўкраіны, якія пасьля гэтага праз пункт пропуску Тарэспаль выехалі ў Беларусь.

Тады ж міністар замежных справаў Польшчы Радослаў Сікорскі заявіў СМІ, што Варшава будзе патрабаваць ад Менску выдачы фігурантаў справы.

На наступны дзень пракуратура Польшчы выставіла абвінавачаньні ў зьдзяйсьненьні дывэрсіяў тэрарыстычнага характару на замову Расеі. Датычнымі да іх называюць 39-гадовага Аляксандра К. і 41-гадовага Яўгена І.

Мужчын абвінавачваюць у шпіянажы, які ўключае дывэрсіі ў інтарэсах замежных спэцслужбаў, у стварэньні пагрозы катастрофы наземнага транспарту і ў выкарыстаньні выбуховых рэчываў. Ім пагражае пажыцьцёвае зьняволеньне.

У справе аб дывэрсіях затрымалі яшчэ некалькі чалавек, але абвінавачаньні ім пакуль ня выставілі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасьля дывэрсіі на чыгунцы Польшча накіруе 10 тысяч вайскоўцаў на крытычныя аб’екты