«Мусім радавацца, што пра нас памятаюць», — Дзядок пра намаганьні ЗША ў вызваленьні палітвязьняў

Мікола Дзядок. 12 верасьня 2025.

У выніковым «ПіКу Свабоды» былы палітвязень Мікалай Дзядок разважае пра важнасьць увагі ЗША да тэмы палітвязьняў у Беларусі.

0:00 – Ці нясе «мірны плян» ЗША пагрозу незалежнасьці Беларусі? Амэрыканіст Пянькоўскі
4:35 – «Сход неабыякавых» супраць Ціханоўскай
11:10 – Адкрыцьцё літоўскай мяжы: чаго дамагліся абодва бакі? Палітоляг Юрконіс
19:40 – Хто паспрыяў вызваленьню каталіцкіх ксяндзоў? Тэалягіня Васілевіч
30:22 – Чаму зацягваецца вызваленьне палітвязьняў?
37:45 – Хто пацярпіць ад росту «камуналкі» і ці магчымы новы пратэст «дармаедаў»?
51:45 – Чаму варта наведаць фэст «Прадмова» ў Варшаве


— Амэрыканскі кангрэсмэн-дэмакрат Стыў Коэн даслаў па-беларуску ліст палітзьняволенай Марыі Калесьнікавай, у якім запэўнівае яе, што яе сябры па ўсім сьвеце не забыліся на яе і іншых палітвязьняў. Стыў Коэн быў сярод 4 аўтараў ліста дзяржсакратару ЗША Марка Рубіё, у якім кангрэсмэны заклікалі ў перамовах ЗША з Лукашэнкам да асьцярожнасьці, каб які-хаця б прагрэс у вызваленьні палітычных зьняволеных ня быў падарваны захаваньнем практыкі адвольных затрыманьняў. Лукашэнка на гэтым тыдні заявіў, што найхутчэй перамовы з амэрыканцамі адбудуцца ў сьнежні. Чакалася, што на гэтым тыдні ў Менск прыедзе спэцыяльны пасланьнік ЗША ў справах Беларусі Джон Коўл. Гэтага не адбылося. Чаму зацягваецца працэс вызваленьня палітвязьня?

— Я вельмі парадаваўся гэтаму лісту Коэна наконт Марыі Калеснікавай, таму што гэта кажа, што ЗША пра беларускае пытаньне памятаюць. Часам у дэмакратычным асяродзьдзі можна пачуць такія галасы, што амэрыканцы здрадзілі, ім там напляваць і на Ўкраіну, і на ўсё. Я заўсёды стараюся глядзець вачыма тых самых амэрыканцаў. Яны знаходзяцца ў іншай частцы кантынэнта. Фактычна, мы для іх гэта ня тое што правінцыя, гэта амаль што як іншая плянэта. Нейкая там малюпасенькая Беларусь, у якой нейкі адмарожаны дыктатар з фільма з Сашам Бароном Коэнам, і дыктатар такога кшталту, які катуе і забівае сваіх людзей. Ну і што? А як сытуацыя ў Беларусі ўплывае на амэрыканца простага? Ды ніяк. І чаму яны абавязаныя турбавацца за нашыя пытаньні больш, чым за свае ўласныя? Пры тым, што не забывайцеся, што ў іх пад бокам Вэнэсуэла, дзе ўвесь час страшэнныя парушэньні правоў чалавека адбываюцца, у іх пад бокам Куба, у іх пад бокам, Лацінская і Паўднёвая Амэрыка, дзе пытаньні нацыянальнай бясьпекі ЗША і правоў чалавека. Насамрэч мы мусім радавацца, што яны ўвогуле пра нас памятаюць, бо мы для іх, паўтаруся, вельмі далёкая, незразумелая маленькая краіна, якая наўпрост ніяк не ўплывае на ЗША, на жыцьцё звычайнага выбаршчыка ў ЗША.

Я думаю, трэба такія крокі вітаць, таксама вялікая праца ў беларускай дэмакратычнай супольнасьці, у тым ліку офіса Сьвятланы Ціханоўскай, што замежныя палітыкі пра нас памятаюць і робяць такія хай сымбалічныя жэсты. Зразумела, што гэты ліст ня дойдзе да Марыі Калесьнікавай, ён захрасьне, нават ня дойдзе да турэмнай цэнзуры, ён захрасьне яшчэ на ўзроўні беларускай мяжы. Недзе ў КДБ адразу патрапіць. Тым ня менш, такія сымбалічныя крокі — гэта важна. Я магу па сабе сказаць, што было вельлі важна ведаць і памятаць, што цябе падтрымліваюць людзі высокага сацыяльнага рангу, што не толькі твае сябры, не толькі твае паплечнікі цябе памятаюць, а нават моцныя гэтага сьвету, як бы гэта не гучала, бо ад іх шмат што залежыць. Гэта натхняе і дапамагае бачыць сваю барацьбу ў гістарычнай, у цывілізацыйнай пэрспэктыве, а ня толькі як сваё ўласнае змаганьне з несправядлівасьцю.

— Што былыя палітвязьні могуць зрабіць для тых, хто яшчэ за кратамі?

— Ствараць структуры салідарнасьці. Калі дазваляе мажлівасьць, падтрымліваць матэрыяльна структуры салідарнасьці, якія ўжо існуюць. «Байсол» у першую чаргу і многія іншыя ініцыятывы, напрыклад «Вольная». Іініцыятыў больш чым дастаткова. Фіксаваць свой досьвед адаптацыі на свабодзе, каб гэты досьвед у будучыні перадаць людзям, якіх вызваляюць. Людзі выходзяць, на жаль, траўмаваныя сыстэмай, траўмаваныя катаваньнямі і паразай 20-га года. Многія дагэтуль гэта вельмі моцна перажываюць, і не ўсім і не адразу, і не хутка атрымоўваецца інтэгравацца ў вольнае грамадзтва, дзе ўжо за гэтыя пяць ці шэсьць год зьмяніліся і культурныя нормы, зьмяніліся тэхналёгіі, зьмяніліся сацыяльныя нормы. Усё гэта трэба ўцяміць, зразумець, успрыняць, каб працэс адаптацыі не скаціўся ў злоўжываньне алькаголем ці наркотыкамі. Такое, на жаль, таксама бывае, альбо ў моцную дэпрэсію, што таксама назіраецца ў палітвязьняў і ня толькі. Проста памятаць, што людзі выходзяць траўмаваныя і атачаць іх клопатам, падтрымкай, каб яны адаптаваліся і малі нармальна, годна жыць у вольным сьвеце.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Яны змагаюцца супраць яе больш зацята, чым супраць „русского мира“ і лукашызму», — Дзядок пра сход крытыкаў Ціханоўскай