«Альбо страта годнасьці, альбо рызыка страты ключавога партнэра»: Зяленскі — украінцам пра мірны плян, прапанаваны ЗША

Уладзімір Зяленскі, 21 лістапада 2025

«Цяпер адзін з самых цяжкіх момантаў нашай гісторыі», — заявіў прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі ў звароце да ўкраінцаў.

«Украіна можа апынуцца перад вельмі складаным выбарам: альбо страта годнасьці, альбо рызыка страты ключавога партнэра. Альбо складаныя 28 пунктаў, альбо вельмі цяжкая, самая цяжкая зіма, і далейшыя рызыкі. Жыцьцё без свабоды, годнасьці і справядлівасьці, і каб мы верылі таму, хто напаў ужо двойчы», — патлумачыў прэзыдэнт Украіны.

Уладзімір Зяленскі заявіў аб неабходнасьці ўлічваць інтарэсы Ўкраіны, але паабяцаў канструктыўна шукаць рашэньні разам з ЗША:

«Я буду прыводзіць аргумэнты, я буду пераконваць, прапаноўваць альтэрнатывы, але мы не дамо ворагу падставаў сказаць, што гэта Ўкраіна ня хоча міру» — сказаў Зяленскі.

Прапанаваны прэзыдэнтам ЗША Дональдам Трампам «мірны плян» мае 28 пунктаў у 8 блёках і прадугледжвае прызнаньне Крыму, Данеччыны і Луганшчыны de facto расейскімі, а Херсоншчыну і Запарожжа — «замарожанымі» на лініі сутыкненьня. Дакумэнт таксама прадугледжвае адмову Ўкраіны ад інтэграцыі ў NATO, скарачэньне яе войска і правядзеньне выбараў праз 100 дзён пасьля падпісаньня мірнай дамовы з Расеяй.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мірны плян» ЗША прадугледжвае выбары ва Ўкраіне і яе адмову ад NATO — поўны тэкст праекту

Агенцтва Reuters паведаміла са спасылкай на дзьве неназваныя крыніцы, што Злучаныя Штаты аказваюць ціск на Ўкраіну, каб яна пагадзілася на новы амэрыканскі плян спыненьня вайны, і прыгразілі спыніць абмен разьведдадзенымі і пастаўкі зброі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пры рэалізацыі мірнага пляну ЗША для Ўкраіны Беларусь можа апынуцца пад пагрозай паглынаньня Расеяй — амэрыканіст Пянькоўскі