Жыхары беларускіх гарадоў сталі менш турбавацца наконт уступленьня Беларусі ў вайну — вынікі сацыялягічнага дасьледаваньня

Расейскія танкі на чугуначнай станцыі Навабеліца ў Гомелі, 30 сакавіка 2022

У 2025 годзе пагроза ўдзелу Беларусі ў вайне супраць Украіны застаецца актуальнай для 28% гараджан, тады як у красавіку 2022-га ўзровень занепакоенасьці з гэтай нагоды быў у два разы вышэйшым.

Пра гэта паведаміў сёньня старшы дасьледчык Цэнтру новых ідэй Генадзь Коршунаў на прэзэнтацыі сацыялягічнага дасьледаваньня «Вобраз беларускага рэжыму: агрэсар ці апякун?», піша інфармацыйнае агенцтва «Позірк».

Эмпірычную базу дасьледаваньня склалі дадзеныя некалькіх апытаньняў, галоўным зь якіх стала інтэрнэт-апытаньне, праведзенае з 26 па 30 траўня. Выбарка дасьледаваньня прадстаўляе дарослае гарадзкое насельніцтва краіны, якое карыстаецца інтэрнэтам. Аб’ём дасягнутай выбаркі склаў 512 рэспандэнтаў.

Дадзеныя дасьледаваньня паказваюць, што пагроза ўдзелу Беларусі ў вайне займае чацьвёртае месца сярод найболей важных праблем рэспандэнтаў. Больш за іншых гэтым занепакоеныя мужчыны, а таксама і людзі старэйшыя за 45 гадоў, адзначыў Коршунаў.

Першыя тры месцы займаюць праблемы эканамічнага характару: нізкія заробкі, рост коштаў, маленькія пэнсіі.

Аўтары дасьледаваньня мяркуюць, што ўзрастае «субʼектыўная значнасьць эканамічных праблем» — людзям «перастае хапаць грошай на жыцьцё».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «ПіК Свабоды». Каму з апанэнтаў Лукашэнкі давяраюць беларусы. Тлумачыць сацыёляг Генадзь Коршунаў

Дынаміка ўспрыманьня эканамічных праблем зьвязаная з запытам на палітычныя зьмены ў краіне: канкурэнтныя выбары, лібэралізацыю, паслабленьне кантролю з боку дзяржавы. Таксама, сьведчаць сацыёлягі, людзі спадзяюцца на зьмяншэньне рэпрэсій. Усё гэта, на думку аўтараў дасьледаваньня, фарміруе сытуацыю, у якой здольнасьць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі «выконваць функцыі апекуна і гаранта эканамічнай стабільнасьці ўсё больш ставяцца пад сумнеў».

Незадаволенасьць эканамічнай сытуацыяй і запыт на палітычныя зьмены азначаюць, што «вобраз рэжыму-міратворца, які ўзмацніўся адразу пасьля пачатку вайны, пачаў слабець».

Галоўнай задачай, якая стаіць перад уладай сёньня, рэспандэнты называюць забесьпячэньне правоў і свабодаў грамадзян (42% галасоў).

На другім месцы — прадастаўленьне людзям магчымасьцяў зарабляць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За 10 гадоў доля прыхільнікаў інтэграцыі з Расеяй зьнізілася, а колькасьць патрыётаў Беларусі вырасла — сацапытаньне

Самымі распаўсюджаным адказам на пытаньне «Чыя інтарэсы абараняе дзяржава ў першую чаргу?» стаў «інтарэсы вярхоўнай улады» (27%).

На пытаньні аб дасягненьнях і няўдачах Беларусі за апошнія 5 і 30 гадоў дзьве траціны апытаных не змаглі даць адказу.

«Звычайна падобны ўзровень адмовы ад адказу назіраецца, калі тэма выклікае моцнае напружаньне, здаецца незразумелай ці балючай. Яшчэ адзін варыянт — калі пытаньні зьяўляюцца нечаканымі і тычацца таго, што ў грамадзтве не абмяркоўвалася і адносна чаго ў людзей няма сфармаванай думкі. Імаверна, у дадзеным выпадку працуюць абодва тлумачэньні. Абагульняючы, можна сказаць, што дасягненьнямі краіны рэспандэнты лічаць не разьвіцьцё, а захаваньне сытуацыі ў розных сфэрах хаця б на мінімальным узроўні „стабільнасьці“», — адзначаецца ў дасьледаваньні.