Паводле інфармацыі ўкраінскага Каардынацыйнага штаба па пытаньнях абыходжаньня з ваеннапалоннымі, жанчыны і мужчыны, якія былі затрыманыя ў Беларусі і асуджаныя на розныя тэрміны пазбаўленьня волі — ад 2 да 11 гадоў, вяртаюцца ва Украіну.
Самай маладой украінцы, вызваленай сёньня, 18 гадоў, самай старэйшай — 58 гадоў. Сярод вызваленых мірных жыхароў ёсьць пацыенты з цяжкімі захворваньнямі, у тым ліку з анкалягічнымі.
Штаб падзякаваў ЗША і прэзыдэнту Дональду Трампу за плённую працу па вяртаньні ўкраінскіх мірных жыхароў і вайскоўцаў з Беларусі і Расеі.
Раней сёньня Беларусь абвясьціла аб памілаваньні 31 грамадзяніна Ўкраіны. Паводле слоў прэс-сакратара Аляксандра Лукашэнкі, памілаваньне стала вынікам дамоўленасьцей, дасягнутых паміж Менскам і Вашынгтонам.
- Аляксандр Лукашэнка падтрымаў паўнамаштабнае ўварваньне Расеі ва Ўкраіну 24 лютага 2022 года і дазволіў выкарыстоўваць беларускую тэрыторыю, ваенную інфраструктуру і паветраную прастору для ўварваньня і абстрэлу ўкраінскіх гарадоў, у выніку чаго загінулі дзясяткі тысяч украінскіх мірных жыхароў.