У Бярэзані чалавек параніў міліцыянта нажом і схаваўся ў лесе. Пры затрыманьні яго паранілі з зброі

Вечарам 22 лістапада ў Бярэзані (Беразіно) мужчына зьнянацку некалькі разоў ударыў нажом міліцыянта, які падышоў, каб праверыць у яго дакумэнты.

Паводле паведамленьня МУС, мужчына быў падобны на нейкага падазраванага, па якога прыехаў нарад міліцыі пасьля выкліку.

Пасьля гэтага нападнік уцёк.

За ягоныя пошукі ўзяліся мясцовыя міліцыянты ўлучна з кіраўнікамі, а таксама сілавікі з Галоўнай управы крымінальнага вышуку, АМАПа, «Алмаза», унутраных войскаў.

На месца здарэньня прыехаў міністар унутраных спраў Іван Кубракоў.

Нападніка затрымалі сёньня каля 14:30 у лесе. Ён, паводле МУС, «аказаў супраціўленьне, праявіў агрэсію» і зноў «пайшоў на міліцыянта з нажом».

Як вынікае з паведамленьня, каб затрымаць, падазраванага паранілі стрэлам. «Прымянялася зброя. Мужчыну аказваецца мэдычная дапамога», — гаворыцца ў допісе МУС.

Параненаму міліцыянту таксама аказалі ўсю неабходную дапамогу ў шпіталі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сьледчы камітэт агучыў дэталі забойства жанчыны ў Менску і плянаваньня помсты яшчэ 40 чалавекам