Сьцісла
- Ніякіх прынцыповых зьменаў у адносінах паміж Беларусьсю і Захадам ня будзе да мірнага пагадненьня аб Украіне.
- Сёньня Беларусь — частка новага расейскага блёку.
- Тэндэнцыя і гэтага году — працяг разбурэньня адносінаў.
- Усё будзе вызначацца глябальным стаўленьнем да Расеі, але беларускі трэк можа адрозьнівацца ў асобных дэталях.
— Гэтымі днямі аналітыкі заяўляюць пра пэўную разрадку палітычнай напружанасьці паміж афіцыйным Менскам і заходнімі суседзямі Беларусі. Ці гэта тактычная і часовая рэч, або гэта можа сьведчыць пра больш глыбокія зьмены ў адносінах паміж Беларусьсю і Захадам? Можа быць, наступае пэрыяд так званага «мірнага суіснаваньня»?
— Ніякіх прынцыповых зьменаў у адносінах паміж Беларусьсю і Захадам, мне здаецца, ня будзе — да таго часу, пакуль ня будзе заключана мірнае пагадненьне ў справе Ўкраіны. Бо так ці інакш ува ўсіх гэтых раўнаньнях трэба ўлічваць пазыцыю Масквы і тое, што яна мае дастаткова вялікія магчымасьці ціснуць на Менск і дабівацца сваіх мэтаў.
Андрэй Казакевіч
Калі у Масквы будзе жаданьне абвастраць сытуацыю праз гібрыдныя пагрозы, іншыя захады вакол беларускай мяжы — яны будуць рабіцца. І гэта ня тое, чым улады Беларусі могуць аднаасобна кіраваць.
Калі ўзяць вашую аналёгію зь «мірным суіснаваньнем», то трэба разумець, што яно тады, у 1960–70-я гады, тычылася ўсяго савецкага блёку. А сёньня Беларусь — частка новага расейскага блёку. І, вядома, мадэль ягонага існаваньня будзе вызначацца перш за ўсё асноўнай краінай, Расеяй. Адносіны з краінамі-сатэлітамі будуць вытворнымі ад таго, што атрымаецца ў выніку нейкага мірнага пагадненьня.
— Адразу хачу ўдакладніць вашую думку наконт таго, якія пытаньні Беларусі «дазволена» кантраляваць. Напрыклад, дывэрсіі на тэрыторыі Эўропы, у якіх абвінавачваюць Расею, — Беларусь тут наўрад ці неяк уплывае. А што зь мігранцкім крызісам? Мы бачым ужо некалькі дзён нуль спробаў нелегальнага пераходу мяжы. Значыць, Менск здольны сам кантраляваць гэта пытаньне?
— Думаю, што гэта ўсё-такі пытаньне кансэнсусу і нейкіх дамоўленасьцяў. Так ці інакш гэтая складаная схема з кіраваньнем мігранцкімі патокамі каардынавалася з Масквой. Вядома, канкрэтна на гэта можа ўплываць і Менск. Але калі ў Маскве прымуць рашэньне надалей выкарыстоўваць гэты крызіс, каб ціснуць на краіны Эўропы, то зноў зьявяцца гэтыя мігранты.
Пытаньне ў тым, што ціск празь міграцыйны крызіс паказаў даволі абмежаваны ўплыў на палітычную сытуацыю ў краінах — заходніх суседзях Беларусі. І таму Менск з Масквой, відаць, проста ўзгаднілі: давайце тут здымем напружанасьць, бо сытуацыя мяняецца.
Пакуль вельмі далёка да сапраўднай дээскаляцыі
Я б яшчэ падкрэсьліў, што пакуль вельмі далёка да сапраўднай дээскаляцыі. Калі ўзгадаць гісторыю міграцыйнага крызісу, то трэба памятаць, што ён прывёў ня толькі да закрыцьця памежных пунктаў, але і да ўводу санкцыяў. І пакуль мы ня бачым, каб санкцыі былі зьнятыя ці хаця б пачалася дыскусія пра гэта.
Пакуль гэтага не адбудзецца, нельга казаць пра «мірнае суіснаваньне». Бо атрымаецца вельмі істотная асымэтрыя — санкцыі застануцца, а мігранты зьнікнуць. Гэта, вядома, будзе мала нагадваць сапраўднае мірнае суіснаваньне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Літоўцы „міргнулі“ першыя». Класкоўскі пра тое, хто перамог у супрацьстаяньні Менску зь Вільняй і Варшавай— Калі прыводзім гістарычны прыклад «мірнага суіснаваньня», то ня кажам пра «любоў» да апанэнта, да блёку, раней савецкага, цяпер расейскага — дыктатарскага рэжыму. Аднак, зыходзячы з прагматычных матываў, зь відавочнай немагчымасьці хутка зьмяніць там уладу, — то мірнае суіснаваньне, магчыма, проста прагматычна і практычна прыносіць больш карысьці, чым закрыцьцё межаў ды іншая канфрантацыя. Хіба гэтая лёгіка ня можа запанаваць у заходніх сталіцах?
— Тэарэтычна ўсё магчыма, але пакуль што да гэтага далёка. Калі ўзгадаць гістарычную «разрадку», калі ідэя суіснаваньня стала дамінаваць ня толькі з савецкага боку, але і з заходняга, то мы бачылі рост гандлю паміж Савецкім Саюзам і Захадам. Мы бачылі значныя інфраструктурныя праекты кшталту пабудовы трубаправодаў з СССР у Заходнюю Эўропу. Можам узгадаць сумесныя касьмічныя праграмы Савецкага Саюзу і Злучаных Штатаў.
Мы бачым, што ў многіх кірунках супрацы, зьвязаных з высокімі тэхналёгіямі, у галіне навукі ўсё скарачаецца і згортваецца
І калі мы кажам пра сур’ёзныя інфраструктурныя праекты, то гэта фінансы, плянаваньне на шмат гадоў супрацы, што і адбывалася ў 1960–70-я гады. Аднак цяпер прыкметаў гэтага не відаць.
Тэндэнцыя нават гэтага году — працяг разбурэньня адносінаў. Прыкладам можа быць дыскусія пра расейскія энэрганосьбіты, ад якіх Захад адмаўляецца. Можна ўзгадаць новыя санкцыі, якія толькі-толькі ўводзяць супраць Расеі. Мы бачым, што ў многіх кірунках супрацы, зьвязаных з высокімі тэхналёгіямі, у галіне навукі усё скарачаецца і згортваецца.
Пакуль што мы дакладна ня ў пункце нейкай стабілізацыі. Вядома, усё магчыма, але спатрэбіцца шмат часу і гады перамоваў, каб тут штосьці стабілізаваць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Дабаўце кожнаму зь „неверагодных“ яшчэ пару гадоў турмы». У Беларусі завяршаецца транзыт у таталітарызм— Вы казалі, што ўсё залежыць ад таго, якое мірнае пагадненьне можа быць падпісанае ў выніку расейскай вайны з Украінай. Асноўныя санкцыі супраць Беларусі ўведзеныя акурат за падтрымку агрэсіі Расеі. Калі няма вайны, то ці паўстане пытаньне пра скасаваньне гэтых санкцыяў?
— Вядома. Больш за тое, Расея настойвае, каб скасаваньне гэтых санкцыяў было часткаю мірнага пагадненьня. Менск з свайго боку будзе імкнуцца, каб у гэты пакет трапіла і скасаваньне санкцыяў супраць Беларусі. Таму, хутчэй за ўсё, прынамсі частковае зьняцьце санкцыяў можа стаць часткай мірнага пагадненьня.
— Дэмакратычная супольнасьць Беларусі ўвесь час кажа, што нельга атаясамліваць Беларусь з Расеяй. Улічваючы аб’ектыўную рэальнасьць — сёньня Беларусь ёсьць вайсковым і палітычным саюзьнікам Расеі — ці магчымае істотнае адрозьненьне ў стаўленьні Захаду да Беларусі і да Расеі?
— Можна скарыстаць тую ж аналёгію з халоднай вайной. Быў Савецкі Саюз, але былі і ГДР, і Югаславія. І стасункі гэтых краін з Захадам адрозьніваліся ад тых, што меў з Захадам СССР.
Вядома, у значнай ступені ўсё будзе вызначацца глябальным стаўленьнем да Расеі, але беларускі трэк можа разыходзіцца ў асобных дэталях.
Ён можа адрозьнівацца ў лепшы бок — менш абмежаваньняў і больш супрацы, у той ступені, у якой гэта ня будзе пярэчыць расейскай замежнай палітыцы.
Шмат будзе залежыць ад пазыцыі беларускіх уладаў, іхняй гатовасьці ісьці на кампрамісы, і гатовасьці суседніх краінаў да дээскаляцыі
Але можа быць і наадварот. Маем прыклад такіх краінаў, як Альбанія, якая падчас халоднай вайны была яшчэ больш закрытыя, чым СССР.
Таму тут шмат будзе залежаць ад пазыцыі ўладаў Беларусі, іхнай гатовасьці ісьці на кампрамісы, і гатовасьці суседніх краінаў да дээскаляцыі. Таму гульня ў гэтым калідоры цалкам магчымая.
Цяпер нельга сказаць, што да Беларусі і Расеі аднолькавы падыход: тоеснасьці няма. Цяжка прагназаваць, што гэтыя падыходы цалкам сальюцца, бо гэтага відавочна ня хочуць ні Захад, ні ўлады Беларусі. Усё-такі ёсьць шмат нюансаў у гэтых стасунках. Ну і, адпаведна, гэта адкрывае Менску магчымасьці для манэўру.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пры рэалізацыі мірнага пляну ЗША для Ўкраіны Беларусь можа апынуцца пад пагрозай паглынаньня Расеяй — амэрыканіст Пянькоўскі