21 лістапада ўзброеныя людзі ўварваліся ў школу супольнага навучаньня Сьвятой Марыі ў штаце Нігер і ўзялі ў закладнікі 303 дзіцяці і 12 настаўнікаў. Апэрацыя тэрарыстаў стала адным з найбуйнейшых масавых выкраданьняў людзей у Нігерыі, піша France24.
Выкраданьне адбылося празь некалькі дзён пасьля таго, як 17 лістапада ўзброеныя людзі ўварваліся ў сярэднюю школу ў суседнім штаце Кебі, забраўшы 25 дзяўчатак.
18 лістапада ўзброеныя людзі ўварваліся ўжо ў царкву ў штаце Квара. Напад быў запісаны на відэа і паказаны ў інтэрнэце. Бачна, як службу перапынілі стрэламі, як вернікі ўцякаюць і звонку крычаць. У выніку гэтага нападу загінулі два чалавекі, але 38 выкрадзеных вернікаў пазьней выратавалі сілы бясьпекі, паведаміў прэзыдэнт Нігерыі Бола Тынубу на старонцы ў X.
Хрысьціянская асацыяцыя Нігерыі заявіла: «Мы атрымалі добрыя навіны: пяцьдзясят вучняў школы Сьвятой Марыі ўцяклі і зноў сустрэліся з сваімі бацькамі».
З школы Сьвятой Марыі выкралі амаль палову агульнай колькасьці вучняў ва ўзросьце ад 8 да 18 гадоў, якіх тут больш за 600 чалавек.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трамп прыгразіў увесьці войскі ў Нігерыю, калі там ня спыняцца забойствы хрысьціянРост асьцярогаў за бясьпеку ў самай густанаселенай краіне Афрыкі выклікаў хвалю закрыцьця школаў у пэўных рэгіёнах краіны.
Больш за дзесяць гадоў таму ісламісцкія баевікі выкралі амаль 300 школьніц з гораду Чыбок. З таго часу Нігерыя сутыкнулася з сэрыяй масавых выкраданьняў, якія ў асноўным учыняюць злачынныя групоўкі дзеля выкупу.
Узброеныя групоўкі часта нападаюць на аддаленыя інтэрнаты, дзе, як яны ведаюць, няма аховы. Большасьць ахвяращ вызваляюць пасьля перамоваў.
Амаль праз тыдзень пасьля захопу два дзясяткі школьніц у суседнім штаце Кебі ўсё яшчэ лічацца зьніклымі бязь вестак.
Паводле крыніцы ў сілавых структурах, сілы бясьпекі вызначылі месцы, дзе могуць трымаць 25 дзяўчат. Толькі адной зь іх удалося ўцячы ў пачатку тыдня.
Тым часам у паўночна-ўсходнім штаце Борна 22 лістапада джыхадысты выкралі 13 жанчын і дзяўчат узростам ад 16 да 23 гадоў, калі яны вярталіся дадому з сваіх фэрмаў, паведаміў мясцовы чыноўнік агенцтву AFP.
Акрамя бандаў выкрадальнікаў, Нігерыя таксама сутыкаецца з крывавымі ісламісцкімі паўстанцамі на паўночным усходзе краіны. Ад 2019 году ў выніку гвалту ад іх загінулі больш за 40 000 чалавек, а каля двух мільёнаў мусілі пакінуць свае дамы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Тэрарысткі-самагубцы ўчынілі сэрыю выбухаў у адной з правінцый Нігерыі