Ізраіль забіў вайсковага начальніка «Хезбалы» ў выніку ўдару па Бэйруце ў нядзелю, паведамілі ізраільскія вайскоўцы. Лібанскія ўлады заявілі, што ў выніку ўдару па жылым доме загінулі пяць чалавек, піша AFP.
Хайтам Алі Табатабаі — сама высокапастаўлены камандзір «Хезбалы», забіты Ізраілем з пачатку замірэньня ў лістападзе 2024 году. Тое пагадненьне мела на мэце спыніць больш як год ваенных дзеяньняў паміж дзьвюма краінамі.
Прэм’ер-міністар Ізраілю Біньямін Нэтаньягу заявіў у нядзелю, што ягоная краіна «не дазволіць „Хезбале“ аднавіць сваю ўладу», і заклікаў лібанскі ўрад «выканаць свае абавязаньні ў раззбраеньні „Хезбалы“».
Міністэрства аховы здароўя Лібану заявіла, што ў выніку ізраільскага нападу загінулі пяць чалавек і яшчэ 28 былі параненыя.
Міністэрства не назвала імёнаў загінулых у выніку ўдару, нанесеным у паўднёвым прадмесьці Бэйруту Харат-Хурайк, густанаселеным раёне, дзе «Хезбала» мае вялікі ўплыў. Аднак сама групоўка пазьней заявіла, што забітыя чацьвёра яе байцоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Хезбала» атакавала Ізраіль, той ударыў у адказ. Ізраільскі МЗС пераблытаў месца нараджэньня ХрыстаГэта ўжо пяты ізраільскі ўдар па паўднёвых прадмесьцях Бэйруту з моманту падпісаньня пагадненьня пра спыненьне агню ў лістападзе 2024 году пасьля году канфлікту. Удар адбыўся за тыдзень да заплянаванага візыту папы Лява XIV у Лібан.
У сваёй заяве вайскоўцы настойвалі на тым, што «застаюцца адданымі» спыненьню агню.
«Хезбала» ў сваёй заяве пацьвердзіла забойства «вялікага камандзіра» Табатабаі ў выніку «здрадлівага нападу Ізраілю».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ізраіль і ХАМАС заявілі, што дамовіліся аб спыненьні агню і абмене закладнікамі