Аўкцыён на продаж маёнтку Падароск, што знаходзіцца ў Ваўкавыскім раёне Горадзенскай вобласьці, не адбыўся.
Як вынікае з сайту Беларускай унівэрсальнай таварнай біржы, на аўкцыён не зарэгістраваўся ніводны ўдзельнік.
Пачатковую цану маёнтку вызначылі ў 2 160 490 рублёў, а першы крок таргоў — 108 024 рублі.
Маёнтак ужо адзін раз прадавалі ў 2013 годзе, але вярнулі на балянс мясцовых уладаў празь нібыта невыкананьне пакупніком інвэстыцыйных умоваў.
Маёнтак Падароск — гісторыка-культурная каштоўнасьць. Ён пабудаваны ў канцы XVIII стагодзьдзя. У яго было шмат уласьнікаў, апошнія зьвязаныя з Раманам Бохвіцам — гэта сын вядомага філёзафа Флярыяна Бохвіца. Раманавага сына Отана арыштавалі ў 1939 годзе, ён памёр у турме Ваўкавыску.
Згодна з умовамі, маёнтак маюць пачаць выкарыстоўваць не пазьней за тры гады ад падпісаньня дамовы куплі-продажу або ў тэрміны, прадугледжаныя распрацаванай праектнай дакумэнтацыяй.
Цяперашні стан галоўнага будынку маёнтку, які выстаўлялі на продаж 14 лістапада 2025 году
У 2013 годзе маёнтак за 120 тысяч даляраў набыў бізнэсовец Павал Падкарытаў. Ён плянаваў адкрыць там турыстычны комплекс, падвёў камунікацыі, зрабіў поўную рэстаўрацыю ўязной брамы.
У палацы адкрылі часовую экспазыцыю на 14 заляў, якая дазваляла праводзіць комплексную экскурсію пра гісторыю шляхты Вялікага Княства Літоўскага, Рэчы Паспалітай і Расейскай імпэрыі. Яна была часткова зьвязаная зь лёсам былых уладальнікаў — Бохвіцаў. Агулам у праект укладзена каля мільёна даляраў.
«Калі ў 2013 годзе я набываў Падароск, у дамове былі досыць ляяльныя варункі: за два гады мы мусілі ўвесьці аб’ект у гаспадарчы абарот, зьвязаны з турыстычнай дзейнасьцю. Мы гэта і зрабілі, запусьцілі комплекс для турыстаў, ладзілі экскурсіі, прымалі турыстаў, абсталявалі інфраструктуру. Калі кіравацца патрабаваньнямі закону — прэтэнзіяў да нас узьнікнуць не магло. Аднак на пэўным этапе ўлады выставілі патрабаваньне. Аказваецца, за два гады мы мусілі распрацаваць дакумэнтацыю, правесьці рэстаўрацыйныя працы і здаць аб’ект у эксплюатацыю адпаведна будаўнічым нормам», — расказваў Свабодзе бізнэсовец.
Маёнтак Падароск перад продажам
Невыкананьне ўмоваў стала фармальнай прычынай разрыву дамовы з боку дзяржавы. Дамова не прадугледжвала ніякага вяртаньня грошай.
«Мясцовыя ўлады зацікаўленыя, каб зь іх нехта зьняў цяжар адказнасьці за гістарычныя аб’екты. Пэўны час мы знаходзілі зь мясцовымі ўладамі агульную мову. Аднак надышла сытуацыя, калі ім паступіла каманда, што такога інвэстара тут быць не павінна. Нават ня ведаю, што ім не спадабалася. Завялі крымінальную справу, год шукалі склад злачынства і нічога не знайшлі», — дадаў Павал Падкарытаў.
У крымінальнай справе былі 6 фігурантаў:
- заснавальнік «Маёнтку Падароск» Павал Падкарытаў;
- дырэктар «Маёнтку Падароск» Юры Меляшкевіч;
- фінансавы дырэктар Зьміцер Карабач;
- бухгальтар Вольга Балтрукевіч;
- былы дырэктар Андрэй Колас;
- супрацоўнік фонду «Вяртаньне» Сяргей Макарэвіч.
Урэшце крымінальную справу закрылі з прычыны адсутнасьці складу злачынства.
Цяпер, як вынікае з фатаздымкаў, апублікаваных на сайце біржы, маёнтак пачаў разбурацца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На продаж выставілі «Мураванку Храптовічаў» XVIII стагодзьдзя ў Шчорсах. ФОТА