Як паведаміла выданьне «Суспільне», Лідзію Грук затрымалі разам з мужам Яўгенам паводле абвінавачаньня ў «тэрарызьме», але потым ёй перакваліфікавалі абвінавачаньне на «агентурную дзейнасьць». Мужа асудзілі на 24 гады, а яе — на 4 гады зьняволеньня.
«Ніякіх дзеяньняў я не рабіла [тэрарыстычных]. Я ведала, што мой муж дапамагае ўкраінцам, што ён зь імі кантактуе. Я ведала, што ён на баку Ўкраіны», — сказала Лідзія ў камэнтары выданьню пасьля вызваленьня.
Паводле яе, цяпер усе чацьвёра іхных дзяцей — двое сыноў і дзьве дачкі — знаходзяцца ў мужавай маці ў Беларусі, але яна іх хоча забраць ва Ўкраіну.
У 2024 годзе ў прапагандысцкім фільме на тэлеканале АНТ сьцьвярджалі, што Лідзія Грук разам з сваім мужам Яўгенам нібыта фатаграфавала памежныя аб’екты. Сям’я жыла ў Маларыцкім раёне Берасьцейскай вобласьці. На гэтай падставе іх абаіх абвінавацілі ў тэрарызьме.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Парушальнікі закону, прыхільнік «русского мира» і шматдзетная маці. Што вядома пра меркаваных дывэрсантаў з ДрагічынаУ «Аднаклясьніках» Яўген Грук ня раз ставіў «клясы» (ухвальныя знакі) і рабіў перапосты з прарасейскіх групаў. Ён ухваляў публікацыі ў суполках, якія выступалі супраць Украіны ці «выкрывалі» ўкраінскія ўлады. Таксама Яўген Грук ставіў «клясы» публікацыям, якія прапагандуюць дасягненьні расейскай вайсковай прамысловасьці.
Паводле інфармацыі BelPol, Грука судзілі за нясплату алімэнтаў, крадзяжы, парушэньне ўмоваў адбыцьця пакараньня. Ня менш як 20 разоў яго каралі за адміністрацыйныя правапарушэньні.
Жонка Яўгена Грука Лідзія — этнічная ўкраінка, родам з суседняй з Маларыцкім раёнам Валынскай вобласьці Ўкраіны. У сацыяльных сетках у яе пазначаны брат-украінец, які, імаверна, служыць памежнікам. Прынамсі, на здымках ён у форме памежніка і з сабакам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Грамадзян Украіны, вернутых 22 лістапада, у Беларусі пераважна абвінавачвалі ў падтрымцы сваёй краіны — Галоўнае ўпраўленьне выведкі Ўкраіны- Пра тое, што Аляксандар Лукашэнка памілаваў 31 грамадзяніна Украіны з тых, што «зьдзейсьнілі крымінальныя злачынствы на тэрыторыі» Беларусі, 22 лістапада заявіла прэс-сакратар Лукашэнкі Натальля Эйсмант.
- Паводле яе, рашэньне прынятае «у разьвіцьцё дасягнутых дамоўленасьцяў» з прэзыдэнтам ЗША Дональдам Трампам, «на просьбу ўкраінскага боку, у мэтах стварэньня ўмоваў для ўрэгуляваньня ўзброенага канфлікту ў сумежнай дзяржаве».
- Пазьней вызваленьне групы суайчыньнікаў пацьвердзіў украінскі Каардынацыйны штаб у пытаньнях абыходжаньня з ваеннапалоннымі. Ведамства паведаміла, што гэта «жанчыны і мужчыны, затрыманыя на тэрыторыі Беларусі і прыгавораныя да розных тэрмінаў зьняволеньня — ад 2 да 11 гадоў».