У Беларусі індывідуальным прадпрымальнікам забароняць займацца геннай інжынэрыяй. Чым гэта патлумачылі

Ілюстрацыйнае фота

Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі ўхваліла ў першым чытаньні законапраект, які прадугледжвае зьмены у заканадаўстве ў пытаньнях прадпрымальніцкай дзейнасьці.

Як адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні, у законах «Аб расьлінным сьвеце» і «Аб жывёльным сьвеце» індывідуальных прадпрымальнікаў выключаць з нормаў, што рэгулююць грамадзкія дачыненьні, зьвязаныя з нарыхтоўкай (закупкай) дзікарослых расьлін і (або) іх частак і дзікіх жывёлін, якія не адносяцца да аб’ектаў паляваньня і рыбацтва.

Апроч таго, індывідуальных прадпрымальнікаў выключаць зь сьпісу суб’ектаў, якія ажыцьцяўляюць генна-інжынэрную дзейнасьць. Адпаведныя зьмены ўнясуць у закон «Аб бясьпецы генна-інжынэрнай дзейнасьці».

«Гэты падыход абумоўлены неабходнасьцю абароны тэрыторыі краіны ад магчымых нэгатыўных наступстваў, зьвязаных з стварэньнем, выкарыстаньнем і распаўсюдам генна-інжынэрных арганізмаў», — падкрэсьлілі ў Палаце прадстаўнікоў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Квантавыя кампутары і генная інжынэрыя. Што прапануе стратэгія разьвіцьця навукі і тэхнікі да 2040 году