Галіна Пазьняк расказала, ці «цяжка быць жонкай Зянона Пазьняка» і як яны вырашаюць канфлікты

Галіна і Зянон Пазьнякі

Жонка Зянона Пазьняка ўпершыню за многія гады дала вялікае інтэрвію. У размове яна расказала пра сумеснае жыцьцё з палітыкам, сваю падтрымку яго ў грамадзка-палітычнай дзейнасьці і пра тое, ці лёгка быць жонкай вядомага палітыка.

Галіна Пазьняк па адукацыі настаўніца расейскай мовы. У 1980–1990-я гады працавала ў Менскім інстытуце пэдагогікі. Напрыканцы 80-х яна далучылася да Беларускага народнага фронту і была абраная дэпутаткай Менгарсавету. Дзякуючы яе намаганьням бел-чырвона-белы сьцяг залунаў над дзяржаўнай установай у сталіцы — за два тыдні да таго, як ён стаў дзяржаўным.

У інтэрвю для ютуб-каналу «Беларускі крок» Галіна Пазьняк расказала, што да грамадзка-палітычнай дзейнасьці яе прыцягнуў удзел у акцыі «Дзяды» ў 1988 годзе, якую ладзіў яе будучы муж.

«У 1988 годзе мае сябры прапанавалі мне схадзіць на Маскоўскія могілкі, на першыя „Дзяды“. Я ўбачыла людзей з кветкамі, якія прыйшлі адзначыць дзень памяці продкаў, і машыны міліцыі з усёй Беларусі. Да могілак трэба было ісьці скрозь строй — гэта было страшна. Я бачыла, як зь людзей зьдзекваліся ні за што. Гэта перавярнула маю сьведамасьць».

Галіна Пазьняк успамінае, што калі Беларускі народны фронт вылучаў дэпутатаў на выбары, яна ўдзельнічала ў адукацыйных канфэрэнцыях для сяброў руху. На адной зь іх упершыню ўбачыла будучага мужа.

«Ён адразу мяне вельмі ўразіў сваёй палымянасьцю, упэўненасьцю і, скажу вобразна, скіраванасьцю ў неба», — сказала Галіна.

У 1995 годзе яны з Зянонам Пазьняком пабраліся шлюбам. На пытаньне, ці цяжка быць жонкай палітыка, жанчына адказала:

«Быць жонкай Зянона Пазьняка — гэта вялікае шчасьце. Для мяне гэта гонар і вялікая адказнасьць».

З 1996 году Пазьнякі жывуць у эміграцыі, у Польшчы і ў ЗША. Галіна называе сваю ролю ў дзейнасьці мужа тэхнічнай:

«Зянон шмат піша кніг і артыкулаў. За нашы гады эміграцыі ён напісаў і выдаў больш за 40 кніг. Я тэхнічна набіраю іх, вычытваю як мовазнаўца».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Лукашэнка ставіцца да Пазьняка лепш, чым да ўсіх іншых апазыцыянэраў», — Фрыдман

На пытаньне пра канфлікты ў сям’і Галіна адказала:

«Канфліктаў у нас няма. Бываюць нейкія супярэчнасьці, часьцей за ўсё па маёй віне: нешта ня так сказала ці зрабіла. Але сапраўдных канфліктаў няма, бо жывем адной марай, адным спадзяваньнем, адной барацьбой».

На пытаньне, чаму яе навучыў муж, яна адказала: «Усьвядомлена любіць свой народ».

Галіна прывяла некалькі гісторый. Адна зь іх — са студэнцкіх гадоў, калі выпадкова трапіла на вясельле ў беларускай вёсцы. Там ёй давялося начаваць у хаце, і гаспадыня паказала рушнікі, тканыя і вышываныя.

«Я была гэтым уражана і вельмі хваліла жанчыну за прыгожую працу. На раніцу яна падарыла мне адзін з рушнікоў. Гэта быў вялікі скарб, я спрабавала адмовіцца, але яна сказала: „У нас у вёсцы, калі госьцю нешта спадабалася, трэба абавязкова падарыць — і робім гэта ад шчырага сэрца“».

Другая гісторыя зь першых гадоў пасьля эміграцыі, калі яна выкладала беларускую мову ў Варшаўскім унівэрсытэце. Студэнтка-полька расказала, як жыла ў Беларусі і вывучала мясцовыя гаворкі. На вуліцы яе выпадкова сустрэла іншая жанчына і наступным разам запрасіла прыяжджаць да яе: «Дзетка, прыяжджай другі раз да мяне, а не да Ганны. У мяне хата цяплейшая. Ёсьць кароўка, малако, масла, тваражок».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пазьняк: Толькі ўнутры Беларусі можа зьявіцца нацыянальны лідэр

«Гэта ўразіла студэнтку, і яна сказала, што вельмі любіць Беларусь і беларусаў. Беларускі народ — добры і часам, можа, празьмерна цярплівы да ворагаў. Я зразумела гэта ўсё дзякуючы Зянону, што наш народ вялікі — і гэта ня толькі прыгожыя словы».

На пытаньне пра параду беларусам Галіна Пазьняк заклікала вяртаць беларускую мову:

«Калі пачынаўся Беларускі народны фронт, я была расейскамоўнай. Мы сустракаліся раз на тыдзень, абмяркоўвалі справы, стараліся гаварыць па-беларуску, але часам пераходзілі на расейскую. Усталявалі правіла: гадзіну гаворым толькі беларускія словы. Было цяжка, галава балела, але разумелі — без беларускай мовы мы расейцы. Трэба адраджаць сваю мову, бо бяз яе беларусы стануць расейцамі».