У Вільні асудзілі грамадзяніна Ўкраіны за падпал IKEA

Гандлёвы цэнтар IKEA, ілюстрацыйнае фота

Акруговы суд у сталіцы Літвы ў панядзелак пакараў трыма гадамі і чатырма месяцамі пазбаўленьня волі 18-гадовага грамадзяніна Ўкраіны Данііла Бардадзіма. Яго прызналі вінаватым у справе пра падпал гандлёвага цэнтру IKEA ў траўні 2024 году.

Паводле сьледзтва, ён зрабіў гэта на замову расейскіх спэцслужбаў, перадае LRT.

Бардадзіму пагражала 5 гадоў пазбаўленьня волі, але тэрмін быў зьменшаны на траціну, бо ён прызнаў віну і таму справу разглядалі паводле скарочанай працэдуры.

Паводле сьледзтва, Бардадзім і ягоны саўдзельнік, таксама грамадзянін Украіны, на замову расейскай спэцслужбы абяцалі падпаліць і падарваць гандлёвыя цэнтры ў Літве і Латвіі, каб прымусіць улады гэтых краін і ўсяго ЭЗ да «скарачэньня або спыненьня падтрымкі Ўкраіны», а таксама для дэстабілізацыі дзяржаўных структураў.

Бардадзім схаваў у адным з аддзелаў IKEA запальную прыладу з гадзіньнікавым мэханізмам, якая спрацавала каля 4-й гадзіны раніцы 9 траўня 2024 году. Той жа ноччу ён выехаў у Варшаву. Праз тое, што пажар адбыўся ноччу, ніхто не загінуў і не пацярпеў. Шкода гандлёваму цэнтру склала 485 тысяч эўра. Пракуратура назвала гэты ўчынак тэрактам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ад Лёндана да Вільні: як зьвязаныя з Расеяй структуры наймаюць моладзь для дывэрсій супраць краін Эўразьвязу

13 траўня Бардадзім вярнуўся ў Літву, каб забраць з схову сродкі, прызначаныя для іншай дывэрсіі — на тэрыторыі Латвіі. У той жа дзень яго затрымалі ў аўтобусе па дарозе ў Рыгу. На той час яму было 17 гадоў.

Паводле матэрыялаў справы, яму ў якасьці ўзнагароды абяцалі аўтамабіль BMW 530, а таксама — разам з саўдзельнікам — 10 тысяч эўра.

«Сабраныя зьвесткі дазволілі зрабіць выснову, што арганізатары — расейская ваенная разьведка. У гэтым кірунку расьсьледаваньне працягваецца», — заявіў раней кіраўнік Дэпартамэнту расьсьледаваньня арганізаваных злачынстваў Генпракуратуры Літвы Артурас Урбяліс. Паводле яго, крама IKEA была абраная таму, што гэтая гандлёвая сетка сышла з Расеі.

Саўдзельніка Бардадзіма затрымалі ў Польшчы і будуць судзіць там.

Данііл Бардадзім нарадзіўся ў Хэрсоне і зьехаў з Украіны пасьля расейскага ўварваньня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расьсьледаваньне: расейскія дывэрсанты ледзь не ўчынілі выбухі ў жылым доме ў Вільні