У Польшчы заснавалі Асацыяцыю беларускіх выдаўцоў, да якой могуць далучыцца і зь іншых краін

Беларускія кнігі на фэстывалі Pradmova. Архіўнае фота

У Варшаве падчас фэстывалю Pradmova прайшоў устаноўчы сход беларускіх выдаўцоў з мэтай стварэньня прафэсійнай асацыяцыі.

У Асацыяцыю беларускіх выдаўцоў увайшло 11 сузаснавальнікаў, якія прадстаўляюць асобныя выдавецтвы або выдавецкія ініцыятывы. Абралі кіраўніцтва і сфармавалі рэвізійную камісію. Цяпер ідзе падрыхтоўка да рэгістрацыі ініцыятыву згодна з польскім заканадаўствам. На наступны плянуюць некалькі праектаў дзеля падтрымкі выдавецкай супольнасьці, піша Reform.news.

Старшынёй Асацыяцыі беларускіх выдаўцоў абралі Валянціну Андрэеву, рэдактарку кракаўскага выдавецтва Gutenberg.

«За апошнія гады відавочна адбываецца лявінападобны рост колькасьці выдавецкіх ініцыятываў за мяжой. Іх ужо не менш за дваццаць. Размовы пра неабходнасьць такога аб’яднаньня для незалежных выдаўцоў вяліся яшчэ ў Беларусі, у той час, калі выдавецкая справа не была такой небясьпечнай працай, як цяпер. Выдаўцы заўжды цікавіліся справамі адно аднаго і каардынавалі свае дзеяньні.

Такое аб’яднаньне сапраўды магло ўтварыцца яшчэ ў Беларусі, і я не магу адказаць на пытаньне, чаму яно там не ўзьнікла. Тут у эміграцыі мы ў большай ступені маем патрэбу адно ў адным. Без каардынацыі дзеяньняў, без узаемадапамогі і салідарнасьці ўсё было б нашмат складаней. Здаецца, усе выдаўцы пагаджаюцца, што мы не канкурэнты, што мы працуем у адным і тым жа полі і намагаемся насыціць патрэбы беларускага грамадзтва ў самых розных кнігах», — сказала Андрэева ў інтэрвію Reform.news..

Паводле яе слоў, імпрэзы, прысьвечаныя кнігавыданьню і беларускай кнізе, сталі папулярнымі, яны сустрэчы патрэбныя і чытачам, і выдавецкай супольнасьці.

Андрэева назвала адным з важных пытаньняў прысутнасьць беларускай кнігі у міжнародных кірмашах, да якіх пакуль не ўдаецца далучыцца. Другая задача — гэта праца над бачнасьцю беларускай кнігі для беларусаў у сьвеце, бо даволі складана кожнаму выдаўцу паасобку даносіць інфармацыю пра выдадзеныя кнігі да шырокага кола людзей.

Нягледзячы на польскую рэгістрацыю, якой дамагаецца ініцыятыва, да асацыяцыі могуць далучыцца выдаўцы зь любой краіны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На фэстывалі беларускай кнігі ў Варшаве ўзнагародзілі найлепшых перакладчыкаў мінулых двух гадоў
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Выдаўцы беларускіх кніг — «Людзі Cвабоды – 2024»