Як піша агенцтва BNS, ноту пратэсту перадалі прадстаўніку амбасады Беларусі ў панядзелак.
«Падчас сустрэчы беларускі прадстаўнік быў паінфармаваны аб зафіксаваных апошнімі днямі парушэньнях паветранай прасторы Літвы з тэрыторыі Беларусі, якія літоўскі бок расцэньвае як пагрозу нацыянальнай бясьпецы і цывільнай авіяцыі», — гаворыцца ў паведамленьні.
У сувязі з чарговымі парушэньнямі паветранай прасторы на мінулым тыдні некалькі разоў была парушана праца Віленскага аэрапорту.
МЗС Літвы запатрабавала ад Беларусі неадкладна прыняць захады для перадухіленьня такіх парушэньняў і нагадала, што ў выпадку наўмыснага ўхіленьня Беларусі ад спыненьня гэтых гібрыдных дзеяньняў Літва пакідае за сабой права аднавіць абмежаваньні на перасячэньне дзяржаўнай мяжы ці ўжыць дадатковыя контразахады.
Прадстаўніку Беларусі ў МЗС Літвы таксама нагадалі аб дагэтуль не зьліквідаваных перашкодах для вяртаньня ў Літву грузавікоў літоўскіх перавозьнікаў, якія былі затрыманыя ў Беларусі, гаворыцца ў паведамленьні.
На мінулым тыдні ўрад Літвы прыняў рашэньне адкрыць мяжу з Беларусьсю на 10 дзён раней за плянаваны тэрмін.
Рашэньне прынялі пасьля тэхнічных перамоваў зь Беларусьсю і пэўнага паляпшэньня сытуацыі з кантрабандай паветранымі балёнамі.
У канцы кастрычніка Вільня закрыла пункты пропуску Меднікі (зь беларускага боку Каменны Лог) і Салечнікі (Беняконі), дамагаючыся такім чынам рэакцыі Менску на масавыя прылёты зь Беларусі паветраных балёнаў з кантрабандай, якія, сярод іншага, перашкаджалі цывільнай авіяцыі Літвы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэм’ерка Літвы: калі сытуацыя зь Беларусьсю ня зьменіцца, будзе прынятае рашэньне закрыць мяжуПамежыя пераходы аднавілі працу апоўначы 20 лістапада (а 1:00 менскага часу). За тры тыдні, пакуль яны былі закрытыя, рэжым Аляксандра Лукашэнкі пасьпеў узмацніць жорсткасьць правілаў знаходжаньня ў краіне літоўскага грузавога транспарту, увязаўшы іх з працай пунктаў пропуску.
У Беларусі затрымалася каля 1,3 тысячы зарэгістраваных у Літве грузавікоў, якія ня могуць выехаць з краіны нават пры адкрытай мяжы. Менск пры гэтым дамагаецца кантактаў зь Вільняй на палітыка-дыпляматычным узроўні.
- Увечары 23 лістапада рэйсы ў аэрапорце Вільні зноў прыпынялі на некалькі гадзін праз падазрэньне на прылёт паветраных балёнаў.
- Навігацыйныя сыстэмы паблізу аэрапорту выявілі балёны, якія маглі трапіць у паветраную прастору краіны зь Беларусі.
- Абмежаваньні на выкарыстаньне паветранай прасторы зьнялі 24 лістапада прыблізна а 00:25, з 1:40 аэрапорт зноў прыпыніў сваю працу і з 3:25 аднавіў.
Закрыцьцё пераходаў на мяжы Літвы і Беларусі
- 8 жніўня 2023 году Літва закрыла пункты пропуску Шумск (з боку Беларусі Лоша) і Цьверач (Відзы), 1 сакавіка 2024-га — Лаварышкі (Катлоўка) і Райгорад (Прывалка). На мяжы зь Беларусьсю працягвалі працаваць два памежныя пераходы — Меднікі (Каменны Лог) і Салечнікі (Беняконі).
- Урад Літвы стаў задумвацца пра поўнае закрыцьцё мяжы зь Беларусьсю пасьля таго, як у кастрычніку некалькі разоў вымушана прыпынялася праца аэрапортаў у Вільні і Коўне з прычыны зьяўленьня паблізу іх аэрастатаў, якія, паводле заяваў МЗС Літвы, ляцелі зь Беларусі, несучы кантрабанду, перадусім цыгарэты.
- Да 27 кастрычніка памежная служба Літвы падчас залёту балёнаў з кантрабанднымі цыгарэтамі двойчы цалкам закрывала мяжу зь Беларусьсю на некалькі гадзін уначы. Упершыню мяжа была закрытая ў ноч на 22 кастрычніка.
- А з 27 кастрычніка Літва закрыла яе для беларусаў цалкам, з пэўнымі выняткамі, напрыклад, для вяртаньня на радзіму грамадзян Літвы і для машын з дыпляматычнымі нумарамі. Пункты пропуску на мяжы Літвы і Беларусі Меднікі (Каменны Лог) і Салечнікі (Беняконі) таксама закрылі.
- Урад Літвы заявіў, што мяжа цалкам закрываецца да 30 лістапада, але тэрмін можа быць падоўжаны, калі сытуацыя з залётамі балёнаў не палепшыцца.
- Улады Беларусі ў адказ 31 кастрычніка забаранілі літоўскім грузавікам выяжджаць цераз польскую і латвійскую мяжу.
- Ад 3 лістапада ўлады ў Менску ўвогуле забаранілі рух па тэрыторыі Беларусі грузавікам, зарэгістраваным ува ўсіх краінах Эўразьвязу.
- 10 лістапада на загад Аляксандра Лукашэнкі ўсе літоўскія фуры, якія знаходзяцца ў Беларусі, сабралі на адмысловых пляцоўках і ўзялі пад ахову з выстаўленьнем рахункаў — 120 эўра на содні. Паводле Лукашэнкі, фураў было больш за 1100.
- Увечары 10 лістапада Літва зьвярнулася да Менску з просьбай дазволіць выезд грузавікоў сваіх кампаніяў у Літву. Неўзабаве стала вядома, што Менск адмовіў.
- Міністар унутраных справаў Літвы Ўладзіслаў Кандратовіч у інтэрвію Свабодзе прызнаў, што закрытыя пераходы выкарыстоўваліся таксама для перадачы сродкаў на кантрабанду цыгарэт у Літву, і гэта пачалі вывучаць літоўскія крыміналісты.
- Лукашэнка 31 кастрычніка заявіў, што літоўцы «самі з тэрыторыі Беларусі перакідалі цыгарэты на мэтэаралягічных зондах», каб зарабіць на перапродажы.
- Вільня марна спрабавала вярнуць транспарт шляхам кантактаў на ведамасным узроўні. Беларусь прапанавала Літве або скасаваць рашэньне аб закрыцьці мяжы, або выйсьці на палітычна-дыпляматычнае разьвязаньне праблемы.
- 28 кастрычніка Польшча заявіла, што гатовая адкрыць два памежныя пераходы зь Беларусьсю ў лістападзе. Але 30 кастрычніка пасьля кансультацыяў зь Літвой перанесла гэты неназваны тэрмін яшчэ на некалькі тыдняў. Толькі 17 лістапада адкрыліся двух пункты ў Баброўніках (з боку Беларусі Бераставіца) і ў Кузьніцы (Брузгі). У той жа час кіраўнік МЗС Літвы Кястуціс Будрыс заявіў, што Літва можа адкрыць два закрытыя памежныя пераходы зь Беларусьсю раней за 30 лістапада.
- 19 лістапада ўрад Літвы вырашыў, што закрытыя ў кастрычніку два пункты пропуску на мяжы Літвы і Беларусі Меднікі (Каменны Лог) і Салечнікі (Беняконі) адкрыюцца з 20 лістапада.
- Перад гэтым рашэньнем прэмʼер-міністарка Інга Ругінене заявіла, што апошнім часам паветраных балёнаў з кантрабандавымі цыгарэтамі стала меней. Ругінене таксама адзначыла, што былі «пэўныя пазытыўныя рэчы» і з боку Беларусі.
- Пераходы Меднікі (Каменны Лог) і Салечнікі (Беняконі) зноў адкрыліся 20 лістапада.