У рэпартажы праграмы ТСН, што выйшаў на тэлеканале «1+1», адзначаецца, што ўпершыню вызваленых украінцаў не сустракалі на дарозе зь дзяржаўнымі сьцягамі Ўкраіны жыхары памежных паселішчаў, як гэта адбываецца штораз пры абменах палоннымі з Расеяй празь беларускую тэрыторыю.
«Кажуць, што людзей папрасілі не выходзіць, імаверна таму, што сярод тых, хто вяртаецца, ёсьць тыя, каго ў Беларусі асудзілі за так званыя побытавыя крымінальныя злачынствы, і ўкраінскія спэцслужбы павінны іх праверыць», — адзначаецца ў рэпартажы.
Прадстаўнік Каардынацыйнага штабу Ўкраіны ў пытаньнях абыходжаньня з ваеннапалоннымі Багдан Ахрыменка адмовіўся называць прозьвішчы іншых вызваленых украінцаў. Раней у СМІ згадвалі толькі 18-гадовую Марыю Місюк, якую затрымалі, калі ёй было 16, абвінавацілі ў «тэрарызьме» і асудзілі на 13 гадоў турмы, і 30-гадовую шматдзетную маці Лідзію Грук, якую асудзілі за «агентурную дзейнасьць» на 4 гады зьняволеньня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Малодшай дачцэ вызваленай зь Беларусі ўкраінкі Лідзіі Грук пры яе затрыманьні было 7 месяцаў«На жаль, я не магу камэнтаваць зараз прозьвішчы. Сёньня людзі, якіх вярнулі, з рознымі артыкуламі, паколькі мы разумеем, што Беларусь і Расейская Фэдэрацыя таксама прымяняюць да нашых грамадзян, часам праўдзівыя выракі выносяць, а часам гэта выдуманыя злачынствы, у якіх яны абвінавацілі нашых грамадзян», — сказаў журналістам Багдан Ахрыменка.
22 лістпада прадстаўнік Галоўнага ўпраўленьня выведкі Міністэрства абароны (ГУР) Андрэй Юсаў паведаміў, што грамадзян Украіны, вернутых 22 лістапада, у Беларусі пераважна абвінавачвалі ў падтрымцы сваёй краіны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Грамадзян Украіны, вернутых 22 лістапада, у Беларусі пераважна абвінавачвалі ў падтрымцы сваёй краіны — Галоўнае ўпраўленьне выведкі Ўкраіны- Пра тое, што Аляксандар Лукашэнка памілаваў 31 грамадзяніна Украіны, якія «зьдзейсьнілі крымінальныя злачынствы на тэрыторыі» Беларусі, 22 лістапада заявіла прэс-сакратар Лукашэнкі Натальля Эйсмант.
- Паводле яе, рашэньне прынятае «у разьвіцьцё дасягнутых дамоўленасьцяў» з прэзыдэнтам ЗША Дональдам Трампам, «на просьбу ўкраінскага боку, у мэтах стварэньня ўмоваў для ўрэгуляваньня ўзброенага канфлікту ў сумежнай дзяржаве».
- «Пазьней вызваленьне групы суайчыньнікаў пацьвердзіў украінскі Каардынацыйны штаб у пытаньнях абыходжаньня з ваеннапалоннымі. Штаб паведаміў, што гэта «жанчыны і мужчыны, затрыманыя на тэрыторыі Беларусі і прыгавораныя да розных тэрмінаў зьняволеньня — ад 2 да 11 гадоў».