«Вольны з вольнымі». Прэзыдэнт Польшчы назваў беларусаў часткай традыцыі Рэчы Паспалітай

Караль Наўроцкі ў Карлавым унівэрсытэце ў Празе

Пра гэта польскі прэзыдэнт сказаў у час лекцыі.

Караль Наўроцкі ў час лекцыі ў Карлавым унівэрсытэце ў Празе адзначыў, што беларусы — адзін з народаў, якія падзяляюць гістарычную спадчыну Рэчы Паспалітай. Прэзыдэнт Польшчы падкрэсьліў, што продкі палякаў, літоўцаў, беларусаў, украінцаў і габрэяў жылі ў адной дзяржаве на прынцыпах «вольны з вольнымі, роўны з роўнымі».

Словы Наўроцкага прыводзіць «Польскае радыё».

Наўроцкі таксама згадаў Францыска Скарыну як сымбаль эпохі Адраджэньня для беларусаў і нагадаў, што сваю першую Біблію на старабеларускай мове Скарына надрукаваў у Празе яшчэ ў 1517 годзе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці разумеем Скарыну і Сапегу? Моўны ТЭСТ

Лекцыя прэзыдэнта Наўроцкага была прысьвечаная праблемам, зь якімі сутыкаюцца краіны Цэнтральнай Эўропы, супрацы Польшчы з суседнімі краінамі і магчымасьцям трансфармацыі Эўрапейскага зьвязу, паведаміла афіцыйная старонка Карлавага ўнівэрсытэту ў Празе.

У час дэбатаў з польскім прэзыдэнтам студэнты абмеркавалі, як Польшча можа ўмацаваць сваю ролю слупа Эўропы супраць расейскага імпэрыялізму, і як супольная гісторыя ўплывае на польска-ўкраінскія адносіны сёньня.

Рэктарка ўнівэрсытэту Кралічкава і прэзыдэнт Наўроцкі таксама абмеркавалі будучыню супрацы ў галіне адукацыі. Абодва, як паведамляецца, надаюць вялікае значэньне перамовам аб новай фінансавай дапамозе навуцы і адукацыі з боку Эўразьвязу на наступныя гады.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Палітвязьня Пачобута ўзнагародзілі найвышэйшай дзяржаўнай узнагародай Польшчы