За амаль тры месяцы пасьля зьнікненьня Міколы Статкевіча ўпершыню зьявілася афіцыйная інфармацыя пра палітыка. Сваякі Міколы Статкевіча атрымалі ліст ад міністэрства ўнутраных спраў Беларусі, у якім пазначана, што «Статкевіч М.В. адбывае пакараньне, згодна з выракам ад 14.12.2021».
Тады Міколу Статкевічу прысудзілі 14 гадоў зьняволеньня. Аднак, 11 верасьня Лукашэнка памілаваў Міколу Статкевіча і яшчэ 51 зьняволенага. Усіх, акрамя Статкевіча, прымусова перамясьцілі зь месцаў зьняволеньня на тэрыторыю Літвы. Мікола адмовіўся ад выезду зь Беларусі, а па дарозе да мяжы зь Літвой адчыніў дзьверы аўтобусу і выскачыў на нэўтральнай паласе паміж краінамі.
Некаторы час палітыка можна было бачыць праз камэры відэаназіраньня ад беларускага Памежнага камітэту, пасьля неядомыя людзі ў масках увялі яго ў невядомым кірунку.
Афіцыйна ўказ пра памілаваньне тады не публікаваўся, аднак прэс-служба Лукашэнкі называла гэта менавіта памілаваньнем. Напрыклад, 11 верасьня прэс-сакратар Лукашэнкі Наталья Эйсмант у размове з расейскай інфармацыйнай агенцыяй ТАСС гаварыла пра «памілаваньне 52 чалавек».
Мікола Статкевіч на беларуска-літоўскай мяжы, 11 верасьня 2025 году
Аляксандар Лукашэнка на нарадзе 17 верасьня выказаўся пра сытуацыю з палітзьняволеным Мікалаем Статкевічам, які адмовіўся ад прымусовай высылкі зь Беларусі. Лукашэнка сказаў, што прыняў рашэньне вызваліць Статкевіча і выслаць яго за мяжу, бо той быў у цяжкім стане.
Аднак, паводле Лукашэнкі, калі Статкевіч адмовіўся пакінуць Беларусь, апазыцыйнаму палітыку сказалі, што ён тады «пойдзе ў турму». «Добра, забралі яго», — дадаў Лукашэнка.
«Нічога агульнага з заканадаўствам»
Згодна з беларускім заканадаўствам і міжнароднымі нормамі, нельга высылаць грамадзян з іх краіны грамадзянства, а таксама памілаваньне не адмяняецца такім чынам, гаворыць юрыстка праваабарончага цэнтру «Вясна» Сьвятлана Галаўнёва.
«Падобныя дзеяньні ніяк не карэлююцца з існуючымі нормамі заканадаўства. Можа, яны адменяць заднім чыслом рашэньне пра памілаваньне, ці гэта новы перасьлед — не зразумела. Гэта ўсё не мае нічога агульнага з заканадаўствам. У законах, якія рэгулююць тое, як адбываецца памілаваньне, нічога не прапісана пра падобныя выпадкі. Калі ёсьць згода чалавека, ёсьць рашэньне пра памілаваньне — то чалавек лічыцца памілаваным. Некім чынам адмяніць гэта ў адміністрацыйным парадку немагчыма, гэта проста непрадугледжана», — гаворыць юрыстка.
Таксама па законе мусіць быць прадстаўленая інфармацыя пра чалавека, які аказаўся ў зьняволеньні.
«Такое ўтрыманьне без вестак парушае міжнародныя нормы і абавязкі краіны ў дачыненьні да сваіх грамадзян», — гаворыць юрыстка.
«Гэта беспрэцэдэнтная сытуацыя»
Юрыст Міхаіл Кірылюк зважае на тое, што чалавека, якога памілавалі могуць арыштаваць і асудзіць наноў, калі ён у пэрыяд пасьля вызваленьня парушыў закон. Аднак, для гэтага трэба новая справа і новы суд, усё астатняе — гэта беспрэцэдэнтная сытуацыя.
Вось што пра памаліваньне кажа Крымінальны кодэкс:
— Памілаваньне ажыцьцяўляецца прэзыдэнтам Рэспублікі Беларусь у адносінах да канкрэтнай асобы.
— На падставе акта памілаваньня асуджанага можна цалкам або часткова вызваліць ад пакараньня, замяніць астатнюю частку пакараньня на больш мяккую, вызваліць умоўна або зьняць судзімасьць.
— Калі асоба, умоўна вызваленая актам памілаваньня, на працягу неадбытай часткі тэрміну зьдзейсьніць наўмыснае злачынства, а таксама злачынства па неасьцярожнасьці, за якое яна асуджаецца да пазбаўленьня волі, суд прызначае ёй пакараньне паводле 73 артыкула Крымінальнага кодэксу.
Міхаіл Кірылюк
А вось што кажа артыкул 73:
— Калі асуджаны пасьля абвяшчэньня прысуду, але да поўнага адбыцьця пакараньня зьдзейсьніў новае злачынства, суд да пакараньня, прызначанага па новым прысудзе, поўнасьцю або часткова далучае неадбытую частку пакараньня па папярэднім прысудзе.
То бок, калі б Статкевіч зрабіў нешта, што беларускія ўлады расцанілі б як злачынства ўжо пасьля вызваленьня, то яго маглі затрымаць і зьмясьціць за краты па новай справе, але такой інфармацыі няма, зьвяртае ўвагу Міхаіл Кірылюк.
«Калі б ён сапраўды зрабіў нейкае злачынства (бо і мінулая прычына затрыманьня не было злачынствам, а нагодай для перасьледу) — то МУС Лукашэнкі не абмінуў бы пра гэта паведаміць. Гэта відавочнае свавольства. Вядома ў будучыні яны могуць нешта прыдумаць, „заднім чыслом“ сфабрыкаваць нейкія падставы для дадатковай крымінальнай адказнасьці аднак ужо зараз зразумела што гэта проста афармленьне палітычных рашэньняў», — зважае юрыст.
У найноўшай гісторыі Беларусі не было раней выпадкаў, калі чалавека памілавалі, а потым гэтае рашэньне нейкім чынам адмянялася.
Міколу Статкевіча затрымалі 31 траўня 2020 году, яшчэ да пачатку масавых пратэстаў у Беларусі і абвінавацілі ў арганізацыі масавых беспарадкаў. У чэрвені 2021 году яму прысудзілі 14 гадоў зьняволеньня. З лютага 2023 году палітыка ўтрымліваюць у рэжыме інкамунікада, без сувязі з роднымі.