У Літве ля мяжы зь Беларусьсю афіцыйна адкрываецца інфраструктура для вайскоўцаў ЗША

Салдаты трымаюць літоўскі і амэрыканскі сьцягі падчас цырымоніі адкрыцьця амэрыканскага вайсковага лягеру Herkus у Падбродзьдзі, Літва, 30 жніўня 2021 году

У новых казармах разьмясьціліся два батальёны амэрыканскай дывізіі, якая базуецца ў Тэхасе, цяпер дысьлякаваныя ў Літве. Яны ўзброеныя танкамі Abrams, баявымі машынамі пяхоты Bradley і самаходнымі гаўбіцамі Paladin.

У сераду 26 лістапада ў Падбродзьдзі афіцыйна адкрываецца вайсковая інфраструктура для амэрыканскіх вайскоўцаў у Літве.

На палігоне імя генэрала Сільвестраса Жукаўскаса пабудавалі тры казармы, шматфункцыйны цэнтар з спартовай заляй і вучэбнымі клясамі, сталоўкі, зону тэхнічнага абслугоўваньня, верталётныя пляцоўкі і іншыя аб’екты, піша BNS.

Міністэрства абароны Літвы паведаміла, што ў цырымоніі адкрыцьця прымуць удзел міністар абароны Робертас Каўнас, амбасадар ЗША пры NATO Мэтю Ўітакер, амбасадарка ЗША ў Літве Кара Макдональд, вайскавод Сухаземных сілаў Літвы Нярыюс Станкявічус і вайскавод Сухаземных сілаў ЗША ў Эўропе і Афрыцы Крыстафэр Донаг’ю.

Будаўніцтва інфраструктуры выканала кампанія Merko statyba.

Тут абсталяваныя сыстэмы водазабесьпячэньня вадой, газам і электрычнасьцю, каналізацыі, падлучаныя да сетак бліжэйшага гораду. Рэканструявалі чыгуначную рампу з новымі ўзмоцненымі жалезабэтоннымі сьценамі, абсталявалі пляцоўку для разгрузкі, адрамантавалі наяўныя дарогі і пабудавалі новыя асфальтабэтонныя і бэтонныя дарогі.

Паводле Міністэрства абароны Літвы, у кастрычніку 12-я ратацыя амэрыканскіх узброеных сіл у Літве пераехала ў казармы на палігоне ў Падбродзьдзі.

Праект, будаўніцтва ў рамках якога пачалі ў верасьні 2023 году, фінансавалі Міністэрства абароны Літвы і NATO ў супрацы з Агенцтвам падтрымкі і закупаў NATO (NSPA).

Інвэстыцыі Літвы ў інфраструктуру для амэрыканскіх войскаў перавышаюць 200 млн даляраў ЗША.

Амэрыканскія салдаты пэрыядычна праходзяць ратацыю ў Літве зь вясны 2014 году, а цяжкаўзброеныя батальёны разьмешчаныя ў краіне з 2019 году.

Дысьлякаваны ў Літве амэрыканскі батальён з 2022 году ўзмоцнены артылерыйскім падразьдзелам.

Аднак у цяперашні час Вашынгтон пераглядае прысутнасьць сваіх сілаў у Эўропе, а Літва імкнецца захаваць ці павялічыць наяўны ў краіне вайсковы кантынгент.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Нямецкая брыгада заступіла на службу ў Літве, недалёка ад мяжы зь Беларусьсю
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як краіны Балтыі рыхтуюцца да вайны з Расеяй і якая яе імавернасьць у хуткім часе