«Сьпіс экстрэмістаў»
Паводле некаторых так званых «няцяжкіх» артыкулаў Крымінальнага кодэксу (у тым ліку і «народнага» 342-га артыкулу) тэрмін даўніны — 5 гадоў ад моманту ўдзелу ў акцыях пратэсту. Асноўныя мірныя мітынгі і маршы пачаліся ў жніўні і працягваліся да лістапада 2020 году. Гэта азначае, што тэрмін даўніны сканчаецца ў жніўні–лістападзе 2025 году.
Першай «ластаўкай» быў 36-гадовы Андрэй Хрысьцін з Гомля. Летам 2025 году яго зьмясьцілі ў СІЗА, асудзілі ў Партызанскім судзе Менску паводле 342 артыкулу («арганізацыя або ўдзел у масавых беспарадках»), вынесьлі вырак: «вызвалены ад крымінальнай адказнасьці ў сувязі з сканчэньнем тэрміну даўніны». Але яго прозьвішча ўсё адно 12 верасьня 2025 году зьявілася ў «сьпісе экстрэмістаў».
За два з паловай месяцы ў «экстрэмісцкі сьпіс» дадалі больш за 60 чалавек, асуджаных паводле «народнага артыкулу» 342 КК і вызваленых ад адказнасьці, бо скончыўся тэрмін даўніны.
Юрыстка праваабарончага цэнтру «Вясна» Вікторыя Рудзянкова тлумачыць, што адзінай падставай для ўключэння ў «сьпіс экстрэмістаў» МУС служыць судовы вырак паводле артыкулаў экстрэмісцкай накіраванасьці, які ўступіў у сілу. Але судовае прызнаньне чалавека вінаватым яшчэ ня робіць яго аўтаматычна асобай, датычнай да «экстрэмісцкай дзейнасьці», бо для ўнясеньня ў сьпіс патрэбна адміністрацыйнае рашэньне органаў МУС.
«Усё залежыць ад таго, ці даходзіць справа да суду. Бо пракурор ці сьледчы (са згоды пракурора) можа спыніць вядзеньне крымінальнай справы, а можа накіраваць яе ў суд. Таму шлях праз суд у гэтым выпадку — найгоршы сцэнар для чалавека. Калі справа ўжо апынулася ў судзе, то суд выносіць стандартны вырак, які мы бачым у „сьпісе экстрэмістаў“ як падставу для ўключэньня ў яго. Бо фармальна, каб спыніць вытворчасьць па справе праз сканчэньне тэрмінаў даўніны без вынясеньне выраку — усяго толькі трэба згода чалавека. Суд таксама можа з яго згоды спыніць вытворчасьць на такой падставе. Я падазраю, што ў тых, адносна каго ўсё ж быў вынесены такі вырак, ніхто не запытваўся — толькі дзеля таго, каб быў такі вырак і каб была падстава ўключыць іх у «сьпіс экстрэмістаў», — кажа Рудзянкова.
Пратэсты ў Менску, жнівень 2020 году
У асобнай графе сьпісу МУС стандартна пазначана: «уступіў у сілу вырак суду ў сувязі са зьдзяйсьненьнем злачынства, прадугледжанага артыкулам 342 КК».
«То бок гэты вырак фармальна патрэбны, каб адпаведна закону „Аб супрацьдзеяньні экстрэмізму“ была магчымасьць уключыць такіх людзей у „сьпіс экстрэмістаў“. Гэта яшчэ раз падкрэсьлівае адвольнасьць і рэтраспэктыўнасьць выкарыстаньня сьпісу як інструмэнту рэпрэсіяў, а ня як неабходнага ў дэмакратычным грамадзтве праўнага мэханізму. „Сьпіс экстрэмістаў“ — гэта чыстай вады інструмэнт кантролю і дадатковых рэпрэсіяў», — тлумачыць юрыстка.
«Экстрэмістка» праз тыдзень пасьля суду
Да беларускі Ганны (імя зьмененае дзеля бясьпекі. — РС) сілавікі прыйшлі ў чэрвені 2025 году, бо знайшлі ў сацыяльных сетках некалькі фота з восеньскага маршу пратэсту 2020 году. Адзін здымак быў з праезнай часткі вуліцы на фоне калёны людзей. Правялі агляд кватэры, забралі ноўтбук і два тэлефоны, прывезьлі ў Сьледчы камітэт. Там сьледчы паведаміў, што на жанчыну завялі крымінальную справу паводле 342-га артыкулу.
Сям’я Ганны тры месяцы была ў жудаснай напрузе. Але калі справа дайшла да суду — якраз скончыўся 5-гадовы тэрмін даўніны па гэтым артыкуле. Жанчына і яе блізкія спачатку выдыхнулі з палёгкай.
«Але адвакат празрыста намякнуў, што, маўляў, рана радавацца. Калі празь некалькі дзён я атрымлівала ў канцылярыі судовае рашэньне, мяне папярэдзілі, што трэба будзе наведаць міліцэйскі пастарунак — маўляў, „чакайце позвы“. А праз тыдзень пасьля суду даведалася, што я — „экстрэмістка“ і што ў мяне будзе шмат абмежаваньняў. Вось зараз вывучаю, што мяне чакае…», — кажа жанчына.
Як доўга дзейнічаюць абмежаваньні
Юрыстка «Вясны» Вікторыя Рудзянкова тлумачыць, што людзі, уключаныя ў «сьпіс экстрэмістаў», сутыкаюцца з блякаваньнем фінансавых апэрацыяў (рахункі, пераводы, платы), забаронай працаваць ва ўстановах адукацыі, дзяржаўнага кіраваньня, у арміі, мэдыцыне, сацыяльнай сфэры. Абмежаваньні дзейнічаюць да пяці гадоў пасьля зьняцьця суджанасьці.
«На мой погляд, кантроль за людзьмі нават пасля пагашэньня суджанасьці ня мае ніякага сэнсу з гледзішча лёгікі права: чалавек ужо ня суджаны і ніякіх абавязкаў у сувязі з „злачынствам“ мець ня можа, яго праўны стан мусіць „абнуліцца“ так, нібыта ён ніколі ня быў злачынцам, бо ён і пакараньне, і нагляд / назіраньне ўжо мусіць прайсьці. Дарэчы, уключаюць у „сьпіс экстрэмістаў“ і тых, каго вызвалілі ад крымінальнай адказнасьці зь іншае нагоды — усё адно не перастаюць кантраляваць і абмяжоўваць», — кажа юрыстка «Вясны» Вікторыя Рудзянкова.
Напрыклад, у сьпіс занесьлі асуджаную, але вызваленую ад крымінальнай адказнасьці Паліну Жаковіч, якая ў 2020 годзе была непаўналетняй.
Паводле артыкулу 86 КК, Паліну вызвалілі ад крымінальнай адказнасьці з прыцягненьнем да адказнасьці адміністрацыйнай.
Абскарджваньне
Юрыстка «Вясны» Вікторыя Рудзянкова рэкамэндуе беларусам абскарджваць уключэньне ў «сьпіс экстрэмістаў», юрыдычная служба «Вясны» можа дапамагчы ў такіх справах.
«Людзей, можна сказаць, такім чынам „пазначаюць“ і вядуць пералік няўгодных, што, вядома, уплывае на іх звычайнае жыцьцё», — кажа яна.
На думку юрысткі «Вясны», большасьць «палітычных» уключаюць у гэты сьпіс, а таму па ім можна хаця б часткова арыентавацца для разуменьня і маштабу, і якасьці перасьледу.