25 лістапада Аляксандру Мілінкевічу зрабілі складаную апэрацыю, паведамляла ягоная жонка ў Facebook. Яму выдалілі тромб. Пасьля гэтага адкрыўся «вельмі напружаны крывацёк», моцна падняўся ціск.
«Апэрацыя стэнаваньня была на соннай артэрыі, дзе 80% прасьвету было закрыта тромбам», — удакладніла Іна Кулей.
Апэрацыю стэнаваньня праводзяць, каб аднавіць крывацёк. Падчас яе ў звужаны прасьвет судзіны ўстаўляюць каркас — стэнт.
«Я бясконца веру, што з Божай дапамогай яго арганізм мусіць справіцца. Веру і малюся», — дадала Іна Кулей.
Аляксандру Мілінкевічу 78 гадоў. Ён паходзіць з Горадні. У 1990–1996 гадах працаваў намесьнікам старшыні Горадзенскага гарвыканкаму, спрыяў беларусізацыі ў горадзе. У 2006 годзе быў «адзіным кандыдатам» ад дэмакратычнай апазыцыі на прэзыдэнцкіх выбарах. Пасьля стварыў грамадзкі рух «За Свабоду» і да 2016 году быў ягоным кіраўніком. Апошнімі гадамі — пазаштатны дарадца Сьвятланы Ціханоўскай, адзін з арганізатараў «Вольнага беларускага ўнівэрсытэту».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Аляксандар Мілінкевіч: «Прэмія Сахарава ўзмоцніць шанцы Пачобута на вызваленьне і дапаможа іншым палітвязьням» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мілінкевіч расказаў, чаму верыць у вэрсію магчымага забойства Макея Расеяй