Праваабарончы цэнтар «Вясна» прадставіў кароткамэтражны фільм «Гэта мой тата», які апавядае гісторыю сям’і Сяргея Ярашэвіча і Антаніны Канавалавай — фігурантаў так званай справы тэлеграм-каналу «Армія з народам».
Сяргей Ярашэвіч і Антаніна Канавалава былі асуджаныя і прызнаныя палітвязьнямі.
Антаніну вызвалілі ў 2024 годзе, яна зьехала зь Беларусі, каб узьяднацца з дзецьмі. Сяргей працягвае адбываць тэрмін у калёніі № 20. Фільм апісвае іх гісторыю, перажытыя наступствы рэпрэсіяў і чаканьне, у якім сям’я з малымі дзецьмі жыве ў эміграцыі.
Хто такія Антаніна Канавалава і Сяргей Ярашэвіч
Антаніну Канавалаву арыштавалі на два месяцы раней за мужа, у верасьні 2020 году. Спачатку Канавалаву асудзілі адміністрацыйна — на 40 базавых велічыняў штрафу за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі, але пасьля суду жанчыну не адпусьцілі, а затрымалі ўжо ў межах крымінальнай справы, інкрымінаваўшы 293-і артыкул Крымінальнага кодэксу аб «удзеле ў масавых беспарадках».
Судзілі Антаніну Канавалаву ў траўні 2021 году разам з мужам ды іншымі фігурантамі справы тэлеграм-каналу «Армія з народам». Жанчыну, якая мае дваіх непаўналетніх дзяцей, абвінавацілі таксама ў «навучаньні ці іншай падрыхтоўцы асобаў для ўдзелу ў масавых беспарадках» (частка 3 артыкулу 293 КК) і асудзілі на 5,5 году пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму.
Свой тэрмін Антаніна Канавалава цалкам адбыла ў жаночай калёніі № 4 у Гомлі. Жанчына выйшла на волю ў сьнежні 2024 году, але мусіла ўцячы з Беларусі, асьцерагаючыся новых рэпрэсіяў і дзеля ўзьяднаньня зь дзецьмі, якія ўжо жылі ў Польшчы разам з бабуляй.
«У пачатку красавіка 2025 году стала вядома, што ў Беларусі арыштавалі маёмасьць сям’і Антаніны», — паведамлялі пра Канавалаву праваабаронцы «Вясны».
Сяргею Ярашэвічу 43 гады, ён адзін з адміністратараў Telegram-каналу «Армія з народам», муж былой палітзьняволенай Антаніны Канавалавай. Пра затрыманьне Сяргея вядома, што ён вярнуўся ў Беларусь, калі даведаўся пра арышт жонкі, і ў кастрычніку 2020 году таксама быў арыштаваны.
Сяргея абвінавацілі ва «ўдзеле ў масавых беспарадках» (ч. 2 артыкулу 293 Крымінальнага кодэксу) і ў навучаньні ці іншай падрыхтоўцы асоб для ўдзелу ў масавых беспарадках ( ч. 3 артыкулу 293 КК). У 2021 годзе Ярашэвіча асудзілі на 5,5 года зьняволеньня, а амаль праз два гады асудзілі зноў паводле 411 артыкулу КК «аб непадпарадкаваньні патрабаваньням адміністрацыі папраўчай установы» і дадалі да тэрміну яшчэ 9 месяцаў. Агулам ён адбывае пакараньне тэрмінам у 6 гадоў 3 месяцы.
Яшчэ ў 2022 годзе КДБ унёс Сяргея Ярашэвіча ў сьпіс асобаў, нібыта датычных да «тэрарыстычнай дзейнасьці».
Пасьля другога суду Сяргея Ярашэвіча перавялі з калёніі № 11 у Ваўкавыску ў калёнію № 20 у Мазыры. Паводле праваабаронцаў «Вясны», у чэрвені Сяргей Ярашэвіч трапляў у ШЫЗА.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Антошкіна, 3». Партрэты жанчын, якія прайшлі праз калёнію №4 і засталіся сабой ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што цяпер патрэбна палітвязьням? Адказваюць былыя зьняволеныя і праваабаронцы. ВІДЭА