Хроніка перасьледу: на Берасьцейшчыне звольнілі чыноўніка за рахунак у краіне Эўразьвязу

Суд у Менску. Архіўнае фота

Свабода вядзе храналёгію судоў, затрыманьняў, іншага перасьледу з палітычных матываў у Беларусі.

На Берасьцейшчыне звольнілі чыноўніка за рахунак у краіне Эўразьвязу. Пра гэта паведаміла пракуратура Берасьцейскай вобласьці.

Намесьнік кіраўніка адной з арганізацый Берасьцейшчыны, які займаў на працягу некалькіх гадоў кіроўную пасаду, «адкрыў і выкарыстаў у асабістых мэтах банкаўскі рахунак у замежным банку, зарэгістраваным на тэрыторыі Эўрапейскага зьвязу».

Выявілася гэта ў час праверкі пракуратуры і міліцыі. Такі выпадак расцанілі як «факт парушэньня дзяржаўнай службовай асобай антыкарупцыйнага абмежаваньня».

Прамая забарона на валоданьне і карыстаньне рахункам у замежных банках устаноўлена для дзяржаўных службовых асобаў артыкулам 17 Закону «Аб барацьбе з карупцыяй», адзначылі ў пракуратуры.

Абласная пракуратура пачала дысцыплінарнае вядзеньне — у выніку наймальнік звольніў супрацоўніка за «парушэньне пісьмовага абавязаньня ў выкананьні абмежаваньняў, прадугледжаных заканадаўствам аб барацьбе з карупцыяй».

«Названая падстава спыненьня працоўнага кантракту прызнаецца дыскрэдытацыйнай акалічнасьцю звальненьня. На працягу бліжэйшых пяці гадоў прызначэньне звольненай асобы на кіруючыя пасады ў арганізацыі як дзяржаўнай, так і прыватнай формаў уласнасьці будзе магчыма толькі па ўзгадненьні са старшынём выканкаму», — адзначылі ў пракуратуры.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 21 лістапада: у сьпіс «экстрэмістаў» дадалі яшчэ 30 чалавек

У «сьпісу экстрэмісцкіх матэрыялаў» улады дадалі 5 рэсурсаў і 2 відэаролікі

  1. БЕЛСАТ NOW (YouTube).
  2. жизьнь-малина (YouTube).
  3. getdonatehelp (Instagram).
  4. Фашик Донецький (Telegram).
  5. ЧестнОК LIVE (TikTok).
  6. «Сделка Лукашенко с Трампом. Как в Беларуси освобождали и выдворяли политзаключенных» (YouTube-відэа).
  7. «Лукашенко торгуется с Трампом. Что задумал диктатор и зачем он нужен США» (YouTube-відэа).

Пра гэта паведамілі праваабаронцы «Вясны».

Пэнсіянэрку зь Менску асудзілі за пратэсты

Ларысу Пракашку зь Менску ў 2025 годзе асудзілі за «ўдзел у дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак» (ч. 1 арт. 342 КК). Імаверна, яе абвінавацілі ва ўдзеле ў пратэстах. Дакладны вырак невядомы, але, падобна, ёй прысудзілі «хатнюю хімію».

Ларыса Пракашка скончыла Інстытут культуры (цяпер Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт культуры і мастацтваў), дзе вучылася на бібліятэкарку, піша «Наша Ніва».

Кватэру палітвязьня, які хадзіў на палітычныя суды, прадалі з аўкцыёну ў Берасьці

Аўкцыён па продажы кватэры Віталя Чопіка адбываўся цягам 25 лістапада.

Як паведамілі ў праваабарончым цэнтры «Вясна», у аўкцыёне бралі ўдзел толькі 2 асобы. У выніку перамог той, хто прапанаваў за 2-пакаёвую кватэру палітвязьня 112 270 рублёў. Цяпер пераможца аўкцыёну мае 10 працоўных дзён, каб аплаціць сваё набыцьцё.

Палітвязень Віталь Чопік адбывае 7-гадовы тэрмін паводле палітычнай справы (за тое, што хадзіў на «палітычныя» суды). Апроч вялікага тэрміну, берасьцейцу прызначылі штраф у памеры 40 тысяч рублёў. Менавіта праз такі вялікі штраф улады вырашылі прадаць ягоную кватэру праз аўкцыён.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як улады караюць удзельнікаў пратэстаў 2020 году пасьля сканчэньня тэрміну даўніны

Што такое «хімія» і «хатняя хімія»

«Хімія» — адбыцьцё пакараньня абмежаваньнем волі ў папраўчай установе адкрытага тыпу. Выраз зьявіўся ў СССР у пасьляваенныя часы, калі працу асуджаных пачалі актыўна выкарыстоўваць на будоўлях і шкодных вытворчасьцях (у тым ліку на хімічных прадпрыемствах). У Беларусі 29 папраўчых установаў адкрытага тыпу, або «хіміяў».

Праз пакараньне «хіміяй» прайшоў шмат хто зь беларускіх апазыцыянэраў.

«Да мяне маглі прыяжджаць наведнікі, мы сустракаліся і размаўлялі ў дворыку спэцкамэндатуры. Карыстаўся мабільным тэлефонам, даходзілі лісты, я пісаў з „хіміі“ нататкі... Некалькі разоў дазвалялі зьезьдзіць да бацькоў», — згадваў Павал Севярынец пра сваю «хімію» ў Пружанскім раёне, дзе працаваў на складзе мясцовай гаспадаркі.

«Хіміяй» часта заканчваюцца адседкі вязьняў, якія былі асуджаныя на вялікія тэрміны зьняволеньня, але праз добрыя паводзіны заслужылі палёгку.

Пакараньне «абмежаваньнем волі» магчыма адбыць і на так званай «хатняй хіміі» — калі ў прысудзе выкарыстоўваецца фармулёўка «без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу». Фактычна гэта сумесь «хіміі», якая прадугледжвае абавязковую прымусовую працу, і адбыцьця пакараньня з адтэрміноўкай, калі асуджаны знаходзіцца дома, але пад рэгулярным пільным кантролем міліцыі.

10 відаў няволі: гід па беларускіх турмах