Курс на абвастрэньне: навошта Менск вяртае крызіс на мяжы зь Літвой

Аляксандар Лукашэнка, Гітанас Наўседа. Каляж

Сьцісла

  • Менск прыняў саступкі з боку суседзяў за слабасьць.
  • Рэальная мэта курса на абвастрэньне — гэта згода Літвы на афіцыйныя перамовы.
  • Згода Вільні весьці перамовы з кіраўніком МЗС Беларусі азначала б прарыў ізаляцыі на эўрапейскім кірунку.
  • Пакуль фірмовая стратэгія Лукашэнкі дасягаць сваіх мэтаў з дапамогай шантажу і грубага ціску не працуе.
Беларускія ўлады прымяняюць шантаж, жорсткі ціск на Літву, каб прымусіць яе да перамоваў на сваіх умовах. Акрамя палітычнага прызнаньня, афіцыйны Менск хацеў бы зьмякчэньня санкцый, найперш, доступу да літоўскіх партоў. Аднак Літва не паддаецца на ўльтыматум.

Канфлікт з Літвою не спыніўся

Пасьля таго, як мінулым тыднем Польшча адчыніла два дадатковая памежныя пераходы, а Літва датэрмінова адкрыла мяжу зь Беларусьсю, амаль зьніклі атакі мігрантаў зь беларускага боку. Здавалася, што ў адносінах Менска з суседзямі надышла разрадка. Гэта тое, чаго нібыта дамагаўся рэжым Аляксандра Лукашэнкі, калі меркаваць паводле афіцыйнай рыторыкі. Беларуская прапаганда з гэтай нагоды абвесьціла пра вялікую перамогу. То быў кампраміс з абодвух бакоў.

Аднак вось тут і пачалося самае цікавае. Як часта адбывалася ў дачыненьнях Беларусі з краінамі Захаду, саступкі з боку суседзяў Менск прыняў за слабасьць. А з слабымі што робяць? Правільна, іх даціскаюць, прымушаюць да капітуляцыі.

Таму адразу пасьля адкрыцьця мяжы ўлады Беларусі пайшлі на абвастрэньне стасункаў зь Літвой. Рэзка ўзмацніліся атакі кантрабанднымі балёнамі. 20, 23, 24 лістапада прыпынялася праца віленскага аэрапорту. Прычым, у ноч на 24 лістапада залёты балёнаў сталіся самімі інтэнсіўнымі ў гэтым месяцы.

Адначасова беларускі бок адмовіўся вяртаць больш за 1000 літоўскіх грузавікоў, якія ўтрымлівае ў Беларусі. Прычым, першапачаткова беларускія ўлады патрабавалі ад гаспадароў гэтых фур заплаціць за іх стаянку і ахову (120 эўра ў суткі за кожную машыну). Але потым пазыцыя афіцыйнага Менску памянялася.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Заплацілі 6700 эўра за стаянку». Што адбываецца зь літоўскімі фурамі ў Беларусі

Прымушэньне да перамоваў

Дзяржсакратар Рады бясьпекі Беларусі Аляксандр Вальфовіч пасьля сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам 25 лістапада заявіў:

«Яны (грузавікі. — РС) знаходзяцца тут толькі з адной прычыны: кіраўніцтва Літвы ня хоча ісьці на канструктыўны дыялёг на палітычным узроўні».

Такім чынам, выявілася рэальная мэта курса на абвастрэньне, які рэалізуе афіцыйны Менск. Гэта згода Літвы на афіцыйныя перамовы. Беларускія ўлады не хаваюць, што ладзяць шантаж, прад’яўляюць Вільні ўльтыматум. Грузавікі сталі закладнікамі, пабочнымі ахвярамі, як і віленскі аэрапорт.

Сам Лукашэнка абазначыў сваю пазыцыю:

«Няхай Міністэрства замежных спраў наша і літоўскае сустракаюцца і разрульвае гэтую сытуацыю».

Раней ён адмыслова прызначыў кіраўніка МЗС Максіма Рыжанкова ўпаўнаважаным весьці перамовы з Літвою. То бок, паводле разуменьня Менску, перамовы міністраў замежных спраў і зьяўляюцца «палітычным узроўнем».

Аб чым беларускі бок хацеў бы гаварыць? Рыжанкоў фармулюе задачы перамоваў так:

«Мы выступаем… за канчатковае ўрэгуляваньне ўсіх праблемных пытаньняў на мяжы, каб яе функцыянаваньне набыло ўстойлівы характар, прадказальны для грамадзян, для бізнэсу нашых краін, грамадзян і бізнэсу краін трэціх дзяржаў, якія карыстаюцца гэтай мяжой».

Навошта Менску перамовы на палітычным узроўні?

То бок, парадак дня перамоваў абмяжоўваецца тэмай мяжы. Але, падаецца, Рыжанкоў тут нешта недагаворвае. Бо памежныя пытаньні можна было б зьняць і на тым узроўні, які літоўскі бок называе «тэхнічным» — праз кантакты памежных, мытных ведамстваў.

Можна выказаць меркаваньне, што, паводле разьлікаў Менску, задачы перамоваў тут больш маштабныя.

Найперш, гэта палітычнае прызнаньне. Бо ёсьць супольнае рашэньне краін Эўрапейскага зьвязу аб непрызнаньні рэжыму Лукашэнкі, у тым ліку ягоных найвышэйшых чыноўнікаў. Гэтак Польшча свае кантакты зь Беларусьсю падтрымлівае, як прызнаў Лукашэнка, па лініі спэцслужбаў, але не на палітычным узроўні.

Згода Вільні весьці перамовы з Рыжанковым азначала б прарыў ізаляцыі, блякады на эўрапейскім кірунку, падрыў адзінства ЭЗ па беларускім пытаньні.

Магчыма, тут выяўляюцца пэўныя псыхалягічныя комплексы самога Лукашэнкі і ягонага атачэньня. Гэта комплекс ізгоя. Усё ж ізаляцыя, непрызнаньне — псыхалягічна цяжкая рэч. Пагатоў, калі ад кантактаў на палітычным узроўні адмаўляецца невялікая, у разуменьні беларускіх уладаў, Літва. Вось жа ЗША вядзе перамовы з Беларусьсю, Дональд Трамп выказвае камплімэнты Лукашэнку, а літоўскае кіраўніцтва адмаўляецца ад перамоваў, грэбуе.

Але ёсьць і рацыянальныя рэчы. Беларускія афіцыйныя асобы не хаваюць, што вядуць перамовы з ЗША аб зьняцьці ці зьмякчэньні санкцый адносна беларускага калію. Аднак, калі з амэрыканцамі і ўдасца дамовіцца па гэтым пытаньні, то праблема ўсё роўна ня вырашыцца без саступак з боку Літвы. Бо бліжэйшы для Беларусі порт Клайпеда знаходзіцца на літоўскай тэрыторыі. Таму пачаць перамовы можна зь мяжы, а потым перайсьці да тэмы зьмякчэньня санкцый.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці магчымае сёньня «мірнае суіснаваньне» Захаду з рэжымам Лукашэнкі? Адказвае палітоляг Андрэй Казакевіч

Стратэгія «мір празь сілу» не спрацоўвае

І дзеля дасягненьня сваіх мэтаў Менск ажыцьцяўляе моцны ціск на суседзяў. Беларускія ўлады лічаць, што Літва — слабое зьвяно на эўрапейскім кірунку. І з ёй можна гаварыць з пазыцыі сілы. Таму актывізаваліся атакі кантрабанднымі балёнамі, «узятыя ў закладнікі» грузавікі, можна зноў чакаць зьяўленьня на мяжы хвалі мігрантаў з паўднёвых краін. Рыжанкоў у сваім звыклым агрэсіўным прапагандысцкім стылі абвінавачвае Літву ва ўсіх сьмяротных грахах.

Але наколькі эфэктыўныя мэтады шантажу і ўльтыматуму, якія Менск выкарыстоўвае дзеля ціску на суседзяў? Стратэгія «мір празь сілу» — зусім не вынаходніцтва беларускіх уладаў. І часам яна працуе. У нашым выпадку такую стратэгію спрабуе дэманстраваць краіна, якая знаходзіцца ў пазыцыі слабасьці (у ізаляцыі, пад санкцыямі)

Літва на ўзроўні і прэзыдэнта Гітанаса Наўседы, і міністра замежных справаў Кястуціса Будрыса адрынула прэтэнзіі Беларусі. Кіраўнік літоўскай дзяржавы заявіў, што яго краіна ня будзе паддавацца такому ціску. Міністар замежных спраў у сваю чаргу адзначыў:

«Імкненьні Беларусі адгадваюцца, некаторыя з іх вельмі канкрэтныя і вядомыя… Першая задача — зьмяніць, калі гаварыць наўпрост, пераламаць палітыку Эўрапейскага зьвязу адносна Беларусі і Расіі, якая зьяўляецца палітыкай міжнароднай ізаляцыі і адмовы размаўляць з рэжымам».

Міністар Будрыс канстатаваў, што сам факт выхаду перамоваў на палітычна-дыпляматычны ўзровень азначаў бы, што Беларусь «ужо зрабіла крок» да аднаўленьня свайго месца ў міжнародных арганізацыях і зьняцьця санкцый.

Таму пакуль фірмовая стратэгія Лукашэнкі дасягаць сваіх мэтаў з дапамогай шантажу і грубага ціску не працуе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Настрой чыноўнікаў не такі добры, як хацелася б Лукашэнку, вэртыкаль ужо не маналіт, — Вольга Лойка