Польшча атрымае 44 мільярды эўра ад Эўразьвязу для ўмацаваньня свайго «Ўсходняга шчыта»

Прэм’ер-міністар Польшчы Дональд Туск, архіўнае фота

«Амаль 44 мільярды эўра будуць вылучаныя на набыцьцё бесьпілётнікаў для „Ўсходняга шчыта“», — адзначыў 26 лістапада прэм’ер-міністар Польшчы Дональд Туск.

«Усходні шчыт» — праект стварэньня фартыфікацый і сыстэмаў абароны на мяжы Польшчы зь Беларусьсю і Расеяй для ўмацаваньня ўстойлівасьці да магчымых нападаў і «гібрыднай вайны».

«Нарэшце мы дасягнулі адназначнага прызнаньня ўсёй Эўропай таго, што „Ўсходні шчыт“ — гэта агульная адказнасьць усяго Эўрапейскага зьвязу. І Эўропа пачала ставіцца да яго як да месца, куды мы ўкладваем эўрапейскія грошы, а ня толькі польскія», — адзначыў у аўторак Дональд Туск.

Польшча таксама купіць тры падводныя лодкі ў Швэцыі.

Гэта значна ўмацуе пазыцыі Польшчы ў Балтыйскім моры і павысіць нацыянальную бясьпеку, лічыць польскі прэм’ер.

Грошы вылучаюцца ў выглядзе крэдыту пад невялікі адсотак паводле праграмы SAFE.

«Нішто не даецца бясплатна, але гэта вельмі ільготныя крэдыты. Польшча стала найбуйнейшым бэнэфіцыярам гэтага праекту», — зазначыў Туск.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Польшча паставіць яшчэ адну загароду на мяжы зь Беларусьсю

Рэалізоўваць праект «Усходні шчыт» палякаў прымусілі рэжымы Лукашэнкі і Пуціна. У ліпені 2021 году Аляксандар Лукашэнка заявіў, што з прычыны санкцыяў Беларусь больш ня будзе стрымліваць нелегальную міграцыю ў краіны Эўразьвязу. Неўзабаве на межах Беларусі і ЭЗ зьявіліся дзясяткі тысяч мігрантаў. А праз год пачалося поўнамаштабнае ўварваньне Расеі ва Ўкраіну.

На мяжы зьявіцца сыстэма выяўленьня, папярэджаньня і сачэньня. Гэта шмат розных узроўняў: бесьпілётнікі, зьнішчальнікі F35, спадарожнікі. Там будзе сыстэма доступу да тактычнай базы ўзброеных сіл Польшчы — сетка базавых станцый уздоўж межаў, ваенная сувязь, мачты з носьбітамі сэнсараў IMINT, SIGINT. Палякі створаць на мяжы інфраструктуру для сыстэм барацьбы з бесьпілётнікамі.

На мяжы выкапаюць супрацьтанкавыя равы, наставяць шмат жалезабэтонных «вожыкаў» і іншае. А прапаганда пераконвае, што супрацьтанкавыя абмежаваньні палякі робяць для таго, каб напасьці праз гэтыя равы на Беларусь.

У рамках праграмы «Усходні шчыт» будуць пабудаваныя сховішчы для салдат і грамадзянскіх асоб, бункеры ад сродкаў паражэньня, склады зброі. А калі ў палякаў не застанецца сумневаў, што на яе нападуць, мяжа будзе замінаваная.

Гэтыя інвэстыцыі будуць рэалізаваныя ня толькі на мяжы. Тэрыторыя так званага шчыту павінна ахопліваць паласу ад 50 да 100 км у глыб краіны.

Скончыць будаўніцтва плянуюць да 2028 году.