Як адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні, аэрапорт закрылі праз тое, што самалёт зьехаў з рулёжнай дарожкі.
Інцыдэнт адбыўся а 13:43 з самалётам польскай авіякампаніі LOT Polish Airlines, які прыляцеў з Варшавы. Пасажыраў высадзілі і даставілі ў тэрмінал. Яны змаглі забраць свой багаж і пакінуць аэрапорт.
«Ніхто з пасажыраў не пацярпеў. Прадстаўнік LOT Polish Airlines пацьвердзіў, што на борце самалёта, які прыбыў з Варшавы, знаходзіліся 63 пасажыры і чатыры чальцы экіпажу», — паведамілі ў Віленскім аэрапорце.
Прычыны інцыдэнту будуць расьсьледаваць сьледчыя Міністэрства юстыцыі. Пасьля таго, як завершацца сьледчыя дзеяньні на месцы здарэньня, самалёт перамесьцяць на стаянку і адновяць работу аэрапорту.
Папярэдне палёты спыненыя да 22:00. Пасажырам, якія мусілі вылецець рэйсамі да гэтага часу, парэкамэндавалі зьвязацца непасрэдна з сваімі авіякампаніямі для атрыманьня дадатковай інфармацыі і сачыць за абнаўленьнямі рэйсаў на сайце аэрапорту Вільні.
У Літве папярэдзілі аб небясьпечных умовах надвор’я 26 і 27 лістапада, зьвязаных з рэзкімі зьменамі тэмпэратуры, моцным сьнегам і дажджом.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Літве ля мяжы зь Беларусьсю афіцыйна адкрываецца інфраструктура для вайскоўцаў ЗША