У сераду ў цэнтры Вашынгтону каля Белагу дома двое салдатаў Нацыянальнай гвардыі атрымалі цяжкія раненьні, а чыноўнікі ахарактарызавалі падзею як мэтанакіраваны напад. Падазраванага затрымалі пасьля таго, як ён атрымаў агнястрэльныя раненьні, піша Reuters.
Міністэрства ўнутранай бясьпекі ідэнтыфікавала падазраванага як грамадзяніна Афганістану. Улады заявілі, што пакуль не высьветлілі матыву стральбы.
«Крытычны інцыдэнт: паліцыя акругі Калюмбія знаходзіцца на месцы страляніны на рагу 17-й вуліцы і вуліцы I, паўночны захад. Калі ласка, унікайце гэтага раёну», — паведаміла паліцыя сталічнай акругі Калюмбія.
Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што стралок таксама атрымаў раненьні.
«Жывёліна, якая страляла ў двух жаўнераў Нацыянальнай гвардыі, абодва зь якіх атрымалі сур’ёзныя раненьні і зараз знаходзяцца ў розных лякарнях, таксама мае сурʼёзныя раненьні, але, нягледзячы ні на што, ён заплаціць вельмі высокую цану», — напісаў Трамп у сацыяльных сетках.
Міністарка ўнутраных справаў ЗША Крысьці Ноўм паведаміла, што падазраваны — грамадзянін Афганістану, які прыбыў у ЗША ў 2021 годзе.
«З гэтага моманту апрацоўваньне ўсіх іміграцыйных запытаў, якія тычацца грамадзян Афганістану, спыняецца на нявызначаны тэрмін да далейшага перагляду пратаколаў бясьпекі і праверкі», — заявіла Крысьці Ноўм.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У выніку страляніны ў школьнай царкве ў Мінэсоце забітыя двое і каля 20 параненыя