Пра гэта паведамляюць на сайце літоўскага замежнапалітычнага ведамства.
Падкрэсьлена, што Літва «стала першай дзяржавай пасьля Ўкраіны, якая заявіла аб гатоўнасьці далучыцца да Спэцыяльнага трыбуналу ў якасьці чальца — заснавальніка яго кіроўнага камітэту».
Урад Літвы 19 лістапада ўхваліў прапанову МЗС аб удзеле краіны ў Спэцыяльным трыбунале. Адзначалася, што расьсьледаваньне ў рамках Спэцыяльнага трыбуналу закране «пэўных асобаў, уключаючы найвышэйшае палітычнае і вайсковае кіраўніцтва РФ і Беларусі».
Заяўлена, што Міжнародны крымінальны суд (МКС) не валодае такой юрысдыкцыяй, таму мэта спэцыяльнага трыбуналу — «запоўніць гэты прагал».
«Асноўнай мэтай Спэцыяльнага трыбуналу, адной зь дзяржаваў-заснавальніц якога на пачатковым этапе стала Літва, будзе расьсьледаваньне і пакараньне злачынства агрэсіі», — гаварылася ў паведамленьні.
Прадугледжана, што МЗС Літвы будзе прадстаўляць краіну ў кіроўным камітэце Спэцыяльнага трыбуналу.
На сэсіі Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы (ПАРЭ) увесну 2025 году прынятая рэзалюцыя з папраўкай, якую ініцыявала каманда Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня і яго кіраўнік Павал Латушка: юрысдыкцыя Спэцыяльнага трыбуналу ў рамках Рады Эўропы за злачынства агрэсіі супраць Украіны «павінна распаўсюджвацца на меркаваныя злачынствы агрэсіі, учыненыя так званым кіраўніцтвам Беларусі».
На летняй сэсіі ПАРЭ прыняла рэзалюцыю з прапанаваным той жа камандай дадаткам аб адказнасьці Лукашэнкі за перамяшчэньне ўкраінскіх дзяцей з акупаваных Расеяй тэрыторыяў Украіны.
30 верасьня 2024 году ўрад Літвы перадаў у офіс пракурора Міжнароднага крымінальнага суду ў Гаазе матэрыялы аб «трансьмежавых злачынствах супраць чалавечнасьці, учыненых Лукашэнкам і яго паплечнікамі ў дачыненьні да беларусаў».
19 траўня 2025 году стала вядома, што Літва накіравала ў Міжнародны суд ААН заяву аб парушэньні Беларусьсю сваіх абавязаньняў у рамках Пратаколу супраць незаконнага ўвозу мігрантаў па сушы, моры і паветры ад 15 лістапада 2000 году, які дапаўняе Канвэнцыю Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў супраць транснацыянальнай арганізаванай злачыннасьці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці трапяць Лукашэнка і Пуцін пад міжнародны трыбунал? Дыскусія экспэртаўСёлета 25 чэрвеня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі і генэральны сакратар Рады Эўропы Ален Бэрсэ падпісалі дамову аб стварэньні Спэцыяльнага трыбуналу для расьсьледаваньня злачынства агрэсіі супраць Украіны.
У асноўную групу яго стварэньня ўваходзяць 41 дзяржава, Эўракамісія, Эўрапейская замежнапалітычная служба і Рада Эўропы.
Чакаецца, што пракурор Трыбуналу прыступіць да абавязкаў у канцы гэтага ці пачатку наступнага году. Першыя справы, якія будзе разглядаць Трыбунал, пракурору перадасьць Міжнародны цэнтар перасьледу злачынства агрэсіі супраць Украіны (ІСРА), які пачаў працу ў ліпені 2023 году на базе Агенцтва ЭЗ у пытаньнях крымінальнай юстыцыі.
Стварыць Трыбунал прапанавала Урзуля фон дэр Ляен у 2022 годзе. Структуру плянуюць сфармаваць у рамках Рады Эўропы, якую ў тым годзе пакінула Расея.
Раней кіраўніца замежнай палітыкі ЭЗ Кая Калас паведаміла, што Эўразьвяз вылучыў першыя 10 мільёнаў эўра на стварэньне Спэцыяльнага трыбуналу.
У Крамлі ўжо заяўлялі, што не прызнаюць легітымнасьць гэтага Трыбуналу. Краіны, якія выступаюць за яго стварэньне, «займаюць абсалютна аднабаковую і неканструктыўную пазыцыю», сьцьвярджае Масква.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Францыя заявіла аб пачатку працы над трыбуналам для расьсьледаваньня расейскай агрэсіі ва Ўкраіне