24 лістапада ніжняя палата Нацыянальнага сходу — Палата прадстаўнікоў — разглядала адразу 9 законапраектаў. Сваю працу дэпутаты пачалі, згодна з тэлеграм-каналам Палаты, у 10:38, а скончылі ўжо ў 13:59.
Сярод іншага дэпутаты разглядалі зьмены ў законах аб прадпрымальніцкай дзейнасьці, аб натарыяльнай дзейнасьці, зьмены ў працэсуальна-выканаўчым кодэксе аб адміністрацыйных правапарушэньнях, разглядалі бюджэт Беларусі на 2026 год, а таксама зьмены ў падаткаабкладаньні. На ўсё гэта — 3 гадзіны 21 хвіліна, ці 201 хвіліна. Атрымліваецца крыху больш за 20 хвілін на адзін закон.
Бюджэт на наступны год дэпутаты разгледзелі і прынялі ў першым чытаньні (першае слуханьне, такіх мусіць быць два) наагул за 10 хвілін. Тэкст гэтага дакумэнту складаецца больш чым з 80 старонак.
На ратыфікацыю пагадненьня з Аб’яднанымі Арабскімі Эміратамі аб гандлі паслугамі і рэалізацыі інвэстыцыяў спатрэбілася 9 хвілін.
Звычайна законапраект у Палаце прадстаўнікоў прадстаўляе чыноўнік профільнага ведамства, а не самыя дэпутаты. Тады яны могуць задаць свае пытаньні. Напрыклад, сёлета пры разглядзе бюджэту пытаньняў было два: дэпутат Андрэй Балыш пацікавіўся, ці будзе павялічана падтрымка аграпрамысловага комплексу. Дэпутатка Юлія Волкава прыгадала, што нядаўна на сустрэчы з навукоўцамі Лукашэнка гаварыў пра разьвіцьцё навукі, і спытала, ці новы бюджэт улічвае задачы, якія Лукашэнка паставіў. Спрэчак і іншых пытаньняў не было.
Хто рыхтуе законы, якія прымаюць дэпутаты
Палата прадстаўнікоў у Беларусі — гэта, паводле Канстытуцыі, заканадаўчы выбарны орган. То бок дэпутаты могуць як уносіць прапановы ў законы, якія ім аддаюць на разгляд іншыя ведамствы, так і прапаноўваць свае законы.
На практыцы ж адбываецца ня так. У часе працы Палаты прадстаўнікоў мінулага скліканьня 2019–2024 гадоў дэпутаты, згодна з справаздачай праваабарончага цэнтру «Вясна», ініцыявалі толькі два законапраекты,. Адзін зь іх быў адкліканы, а другі распрацавала наймаладзейшая дэпутатка, мадэль і пераможца конкурсу «Міс Беларусь — 2018» Марыя Васілевіч. Гэта закон «Аб адказным абыходжаньні з жывёламі». Ён прыняты і дзейнічае.
Палата прадстаўнікоў. Заля, дзе адбываецца галасаваньне. Архіўнае фота
Усе іншыя прынятыя законы, а іх было некалькі сотняў, ініцыявалі ўрад, адміністрацыя прэзыдэнта (дэкрэты) і іншыя ведамствы.
То бок дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, выбары якіх адбываюцца раз на 5 гадоў, у асноўным разглядаюць і прымаюць законапраекты, якія ім рыхтуюць профільныя міністэрствы і ведамствы. Гэта ў размове з Свабодай падцьвярджае рэдактар этэру «Эўрарадыё» Зьміцер Лукашук, які больш за 10 гадоў пэрыядычна працаваў у Палаце прадстаўнікоў як карэспандэнт і меў акрэдытацыю ад гэтага органу.
«Самыя дэпутаты законаў амаль не распрацоўваюць, гэта адзінкі за 5 гадоў. Ад дзяржаўных інстытуцыяў, кшталту адміністрацыі прэзыдэнта і профільных ведамстваў, прыходзяць гатовыя законапраекты», — кажа Лукашук.
Як працуюць дэпутаты
Найперш законапраекты з профільных ведамстваў паступаюць у камісіі Палаты прадстаўнікоў, усяго такіх камісіяў 14. У межах камісіяў дэпутаты могуць азнаёміцца з законапраектам і ўнесьці свае праўкі й прапановы, што таксама здараецца надзвычай рэдка, кажа Зьміцер Лукашук.
«Фактычна законапраекты як прыходзілі, так і прымаліся. Каб дэпутаты зь іншых камісіяў цікавіліся „няпрофільнымі“ для сябе законапраектамі — такога не бывае. Напрыклад, каб нехта з камісіі ў пытаньнях культуры пацікавіўся законапраектам, які тычыцца правапарадку, зьменаў ў Крымінальным кодэксе, — такога не бывае. Звычайна ўсё прымаецца хутка: фармальна разгледзелі, фармальна абмеркавалі, прагаласавалі», — апісвае завядзёнку Зьміцер.
Як правіла, законапраект прэзэнтуе кіраўнік ведамства, якое яго распрацавала. Калі, напрыклад, законапраект распрацавала МУС, то гэта будзе міністар унутраных справаў. Паводле працэдуры ён мае пераканаць дэпутатаў у важнасьці прапанаваных зьменаў. Аднак пераконваць там нікога ня трэба, заўважае Зьміцер Лукашук.
«Нібыта паводле працэдуры ён пераконвае дэпутатаў, каб яны прагаласавалі. Дэпутаты могуць задаць адно ці два загадзя ўзгодненыя пытаньні. Далей ідзе галасаваньне — і ўсё. Звычайна разгляд законапраекту займае некалькі хвілінаў», — гаворыць суразмоўца.
Пасьля разгляду ў Палаце прадстаўнікоў законапраект таксама разглядае верхняя палата Нацыянальнага сходу — Савет рэспублікі, пасьля яго перадаюць на подпіс Лукашэнку.
Апошнія выбары ў Палату прадстаўнікоў у Беларусі былі 25 лютага 2024 году. Прадстаўнікоў апазыцыі ў гэтым органе няма з 2019 году. Вынікаў выбараў у беларускую Палату прадстаўнікоў не прызнаюць міжнародная супольнасьць і незалежныя назіральнікі.