У Беларусі прызналі небясьпечнымі адразу восем расейскіх прадуктаў харчаваньня

Расейскія харчовыя прадукты. Ілюстрацыйнае фота

Гэта яблычны воцат, ласункі, кансэрвы з гародніны і адзін від малочнай прадукцыі.

Кампанія «Долголетие» з гораду Разані дадала ў кісламалочны напой «Тан» столькі вады, што ня вытрымала мінімальна дапушчальнага зьмесьціва бялку, паведаміў Дзяржаўны камітэт стандартызацыі Беларусі. Паводле кантрольнай арганізацыі, гэта не дазваляе называць напой кісламалочным прадуктам.

Кампанія «Прошу к столу» з гораду Падольску выкарыстала для сочыва з трускавак забаронены фарбавальнік, у таматнай пасьце гэтага ж вытворцы знойдзены незаяўлены кансэрвант. Небясьпечны для дзяцей фарбавальнік знайшлі ў працёртых з цукрам журавінах гэтай жа кампаніі.

У працёртых з цукрам малінах кампаніі «Знаток» (горад Цьвер) не пазначаны на этыкетцы наяўны ў прадукце шкодны дзецям фарбавальнік. Таксама не заяўленыя на этыкетцы харчовыя фарбавальнікі знайшлі ў ласунках «Слада — Юг» з Армавіру.

У кандытарскі вырабах «Красный бархат» і «Пальчики заварные» расейскіх вытворцаў знайшлі не заяўленыя на этыкетках харчовыя дабаўкі. Для вырабу воцату выкарыстаны забаронены кансэрвант. Дэсэрт «Красный бархат» робіць кампанія «Сладкий дом» з падмаскоўнай Балашыхі. На пакаваньнях да названых прадуктаў не было папераджальнага надпісу аб фарбавальніках, якія ўплываюць на актыўнасьць і ўвагу дзяцей. У вырабе «Пальчики заварные» знайшлі салодзіва, якое нельга дадаваць у прадукцыю, дзе ўжо ёсьць цукар.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі забаранілі некаторыя лідзкія спэцыі, іх палічылі небясьпечнымі для здароўя
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі здымаюць з продажу адзеньне Adidas. Гаворка толькі пра канкрэтную прадукцыю