Рада БНР узнагародзіла беларускіх добраахвотнікаў ва ўкраінскім войску, у тым ліку пасьмяротна

Мэдаль Ордэну Пагоні. Архіўнае фота

На ўгодкі Слуцкага збройнага чыну Старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла ўзнагародзіла беларускіх добраахвотнікаў у складзе Ўзброеных сілаў Украіны.

З нагоды Дня герояў, які адзначаецца ў гонар удзельнікаў Слуцкага збройнага чыну 1920 году ў абарону Беларускай Народнай Рэспублікі, старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла зьвярнулася да беларусаў:

«Зьвяртаюся да вас сёньня, каб прыпомніць усім нам нашых, магчыма, найбольшых герояў. Прыпомніць зь вялізарнай удзячнасьцю і сказаць ім, што яны дасюль жывуць у сэрцы кожнага беларуса і што мы верым, што зь іхнай дапамогай мы адродзім нашую Бацькаўшчыну, не дазволім ворагам сьцерці яе з паверхні Зямлі».

Мэдалём Ордэну Пагоні з дадатковай адзнакай вайсковых заслугаў узнагароджаныя афіцэр, імя якога не разгалошваецца, і былы камандзір Палку імя Кастуся Каліноўскага Павал Шурмей. Трое ваяроў узнагароджаныя Мэдалём Ордэну Пагоні пасьмяротна.

За асабістую адвагу, праяўленую ў баях супраць расейскіх агрэсараў ва Ўкраіне дзеля свабоды Беларусі і Ўкраіны, адзін афіцэр узнагароджаны залатым Мэдалём БНР за баявыя заслугі першай ступені (залатым), пяцёра байцоў — срэбным мэдалём, зь іх двое — пасьмяротна.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прадстаўнік Рады БНР уручыў журналісту Свабоды Алегу Грузьдзіловічу мэдаль Ордэну Пагоні