14 лістапада прапагандысты пачалі актыўна крытыкаваць краму з-за елачных шароў з партрэтам вялікай беларускай паэткі Ларысы Геніюш. Першай пра гэта напісала прапагандыстка Ксенія Лебедзева. Яна абурылася, што такія цацкі прадаюцца адкрыта. Яе допіс хутка падхапілі іншыя супрацоўнікі дзяржаўных СМІ, а прарасейская прапагандыстка Вольга Бондарава заявіла, што нават накіравала зварот у міліцыю.
Пасьля розгаласу крама зьняла ўпрыгожаньні з продажу. Гэта адбылося на працягу некалькіх гадзін.
Ларыса Геніюш (1910–1983) — беларуская паэтка, дзяячка беларускага адраджэньня, захавальніца архіваў БНР. Разам з мужам была пазбаўленая чэскага грамадзянства і выдадзеная ў СССР, грамадзянства якога, нягледзячы на катаваньні і лягеры камуністычнага рэжыму, так і ня ўзяла.
Рэжым Лукашэнкі ўжо ня ўпершыню шкодзіць людзям, якія шануюць вялікую паэтку. Напрыклад, у 2023 годзе ўлады цішком прыбралі бюст Геніюш, пастаўлены ў 2003 годзе пры зэльвенскай царкве з дабраславеньня мітрапаліта Філарэта. А ў 2025 годзе прапагандысты сарвалі вечарыну пра жыцьцёвы і творчы шлях беларускай паэткі, якая мелася адбыцца 8 ліпеня ў галерэі «Парасон».
Ларыса Геніюш — не адзіная ўдзельніца беларускага нацыянальнага руху, на якую абрынуліся прарасейскія і пралукашэнкаўскія прапагандысты. На крыжы Вацлаву Ластоўскаму ў Курапатах рэгулярна зьяўляюцца абразьлівыя надпісы на расейскай мове, тамсама ва ўрочышчы грамадзкасьць фіксуе й іншыя акты вандалізму, чаго традыцыйна не заўважае ці адмаўляецца рэгістраваць міліцыя.
У Лідзе сёлета зьнік памятны камень з магілы ксяндза Адама Фалькоўскага.
Апошнім часам рэжым Лукашэнкі ўсяляк намагаецца сьцерці памяць пра Кастуся Каліноўскага і паўстаньне 1863 году. Так, у 2023 годзе ў Горадні загадкава зьнік памятны знак у гонар паўстанцаў, а на ягоным месцы зьявілася дошка ў гонар савецкіх чыгуначнікаў-падпольшчыкаў. У Старых Дарогах у прыватным музэі ўжо спачылага Анатоля Белага зьнік барэльеф у гонар Кастуся Каліноўскага, на гістфаку БДУ падчас рамонту зьнішчылі керамічнае пано Каліноўскага і яго паўстанцаў, у Менску закрылі бар «Каліноўскі». Падчас праверкі бібліятэчных фондаў загадана схаваць глыбока ў архівы ўсе кнігі пра паўстаньне 1863 году і асобу Каліноўскага.
У Астравецкім раёне прыбралі крыж у гонар 150-годзьдзя паўстаньня Каліноўскага, які стаяў на пад’езьдзе да памежнага пункту «Катлоўка — Лаварышкі».
Таксама ўлады зьнішчаюць іншыя памятныя месцы беларускай гісторыі. Напрыклад, у 2023 годзе ў Грозаве і Семежаве зьніклі крыжы, усталяваныя ў памяць герояў Слуцкага збройнага чыну.
Таксама ўлады зьнішчылі шэраг польскіх пахаваньняў у розных частках краіны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праваслаўе, міліцыя, «вайсковы патрыятызм». Чым і як тлумяць галовы беларускім дзецям