Эўрапейскі парлямэнт прыняў рэзалюцыю наконт мірнага пляну для Ўкраіны і Расеі. У ёй адзначана, што справядлівы і трывалы мір можа грунтавацца толькі на міжнародным праве. А значыць, ня можа быць гаворкі пра парушэньне тэрытарыяльнай цэласнасьці, незалежнасьці і сувэрэнітэту Ўкраіны.
А пагрозы гэтага эўрадэпутаты ўгледзелі ў пляне спыненьня вайны, распрацаваным ЗША. У рэзалюцыі выказваецца заклапочанасьць наконт таго, ці па-ранейшаму амэрыканская адміністрацыя прыхільная міжнароднаму праву і бясьпецы ва Ўкраіне і Эўропе.
У Эўрапарлямэнце асабліва падкрэсьлілі, што мір, дасягнуты з парушэньнем міжнароднага права, будзе мець глыбокія наступствы для бясьпекі ва ўсёй Эўропе.
«Нішто пра Ўкраіну не павінна вырашацца без Украіны, і нішто пра Эўропу не павінна вырашацца без Эўропы», — гаворыцца ў рэзалюцыі.
Таму эўрадэпутаты заклікалі лідэраў Эўразьвязу і краін, што ў яго ўваходзяць, «праявіць лідэрства ў гэты крытычны геапалітычны момант».
«Мір ня можа быць дасягнуты шляхам саступак агрэсару». І павінен мець гарантыі для Ўкраіны, якія стрымлівалі б Расею ад паўтарэньня агрэсіі, — адзначана ў прынятым тэксьце.
А для пачатку якіх-колечы перамоваў пра мір трэба спыніць агонь, лічаць эўрадэпутаты.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як праслухоўвалі Ўшакова, Уіткафа і Дзьмітрыева. Што вядома з размоваў і як адрэагаваў ТрампШто яшчэ павінна быць у мірным пагадненьні
- надзейныя гарантыі бясьпекі для Ўкраіны;
- пацьверджаньне свабоднага права Ўкраіны выбіраць ваенныя і палітычныя саюзы безь якога-небудзь расейскага вэта;
- вывад усіх расейскіх войскаў з усяе Ўкраіны;
- абавязаньне Расеі цалкам кампэнсаваць Украіне ўсю шкоду і страты;
- гарантыі поўнай адказнасьці Расеі за злачынствы агрэсіі і ваенныя злачынствы, учыненыя ёй, ейнымі саюзьнікамі і проксі-сіламі;
- вяртаньне ўсіх ваеннапалонных, грамадзянскіх затрыманых і выкрадзеных украінскіх дзяцей;
- вылучэньне «рэпарацыйнага крэдыту» для Ўкраіны, у тым ліку з выкарыстаньнем замарожаных расейскіх актываў;
- спыненьне Расеяй гібрыднай вайны супраць ЭЗ і Ўкраіны.
Разам з заклікамі вывесьці ўсе расейскія войскі ў рэзалюцыі Эўрапарлямэнту ёсьць пункты, зь якіх вынікае, што ў Эўропе разглядаюць і сытуацыю, калі Ўкраіна акупаваных тэрыторый ня верне.
- Эўразьвяз пацьвердзіў, што не прызна́е захопленыя землі Ўкраіны расейскімі;
- заклікаў да разгортваньня міжнароднай міратворчай місіі ААН з абодвух бакоў лініі судакрананьня;
- падкрэсьліў важнасьць прысутнасьці NATO і ЗША ўздоўж усходняга флянгу.
У выпадку адмовы ад міру ЭЗ пагражае Расеі новымі санкцыямі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На саміце АДКБ Лукашэнка выказаўся пра «мірны плян» для Ўкраіны і зноў паскардзіўся на санкцыі і закрыцьцё межаў