Кіраўніцтва славутага парыскага музэю Люўр вырашыла павысіць цану квіткоў для наведнікаў спа-за межаў ЭЗ. Прычым цана вырасьце адразу на 45%, паведамілі агенцтву AFP парыскія прафсаюзы музэю і супрацоўнікаў.
З 14 студзеня жыхары дзяржаваў, якія не ўваходзяць у Эўрапейскі Зьвяз, а таксама Ісьляндыі, Ліхтэнштайну і Нарвэгіі, маюць плаціць 32 эўра — на 10 эўра больш, — паведамілі яны.
Увага да Люўру рэзка павысілася пасьля таго, як музэй абрабавалі. У кастрычніку сярод белага дня банда з чатырох чалавек уварвалася ў Люўр з драбінай і вуглавымі шліфавальнымі машынамі. Ліхадзеям удалося выкрасьці ювэлірныя вырабы на суму каля 102 мільёнаў даляраў. Перад узломам галоўны адміністратар музэю публічна папярэджваў пра ня лепшыя ўмовы бясьпекі ў былым каралеўскім палацы, які летась наведалі 8,7 мільёна чалавек.
17 лістапада знакаміты парыскі музэй заявіў, што закрывае адну з сваіх галерэяў дзеля засьцярогі пасьля таго, як праверка выявіла структурныя недахопы ў некаторых бэльках будынку. 65 чалавек, якія звычайна там працуюць, пераселяць, пакуль будзе ісьці далейшае расьсьледаваньне. Адпаведна ня будзе працаваць і галерэя грэцкай керамікі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Люўр зачыніць адну з галерэяў — праверка выявіла недахопы ў сыстэме аховы экспанатаў