Ведамства «запытала зьвесткі аб надзвычайнай сытуацыі на аб’екце ядзернай энэргетыкі для прыняцьця вычарпальных захадаў бясьпекі».
Раней Дэпартамэнт пажарнай бясьпекі і ратавальных апэрацыяў пры Міністэрстве ўнутраных справаў Літвы паведаміў, што на тэрыторыі закрытай Ігналінскай АЭС 25 лістапада здарыўся пажар. Ён успыхнуў у «адным з будынкаў найменш высокай катэгорыі небясьпекі».
З будынку эвакуавалі 9 чалавек, пацярпелых няма. Пажар зьлякалізавалі, а затым зьліквідавалі.
«Радыяцыйнай небясьпекі для насельніцтва не зафіксавана. На месцы ўжо праведзеныя вымярэньні радыяцыйнага фону, вынікі не перавышаюць устаноўленых нормаў. Інцыдэнт не ўплывае на радыяцыйную бясьпеку, таму ў насельніцтва няма падставаў турбавацца», — гаварылася ў паведамленьні, якое цытуе агенцтва «Позірк».
У ведамстве заявілі, што далейшыя праверкі зьменаў радыяцыйнага фону на тэрыторыі АЭС будуць працягнутыя, дадаткова будзе праверана абсталяваньне пажарных і ратаўнікоў, якія працавалі на месцы здарэньня.
У той жа дзень Дзяржаўная інспэкцыя бясьпекі атамнай энэргетыкі Літвы (VATESI) пацьвердзіла атрыманьне ад кампаніі, што кіруе АЭС, інфармацыі пра пажар. Як высьветлілася, ён здарыўся «ў комплексе абыходжаньня з радыяактыўнымі адыходамі».
«Кампанія паведаміла, што сытуацыю ўзялі пад кантроль, пажар патушылі, у часе інцыдэнту ніхто не пацярпеў, радыяцыйнай шкоды для работнікаў, насельніцтва і навакольнага асяродзьдзя няма».
Ігналінская АЭС была ў эксплюатацыі 26 гадоў — з 31 сьнежня 1983 году па 31 сьнежня 2009-га. Яна месьціцца ля возера Дрысьвяты, якое падзяляе Літву і Беларусь.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «На мяжы радыяцыя, беларускі бок маўчыць». Рэпартаж зь літоўскіх вучэньняў на выпадак аварыі на Астравецкай АЭС