Прыезд Сьнягуркі ў маёнтак Дзеда Мароза
Дзе: Нацыянальны парк Белавеская пушча
Калі: 6 сьнежня
Цана білету: 30 рублёў для дзяцей, 40 рублёў для дарослых
Зімовы турыстычны сэзон у Белавескай пушчы адкрыюць ужо 6 сьнежня. У рэзыдэнцыю Дзеда Мароза прыедзе Сьнягурка, пройдзе імпрэза з экскурсіяй па маёнтку, конкурсамі, гульнямі, песьнямі, карагодамі.
У канцы сьнежня дзяцей з Магілёва, Воршы, Полацку, Шклова, Віцебску запрашаюць у падарожжа на цягніку ў Белавескую пушчу да Дзеда Мароза. Трохдзённая вандроўка абыдзецца ў 165–230 рублёў для дзяцей розных узростаў, у 230 рублёў — для дарослых.
Адметна, што ў лістападзе беларускі Дзед Мароз зь Белавескай пушчы езьдзіў на «дзень нараджэньня расейскага Дзеда Мароза» у Расею, у Вялікі Усьцюг.
Сьвята Зюзі
Дзе: спартова-турыстычны комплекс «Азёркі», Пастаўскі раён, Віцебская вобласьць
Калі: з 6 сьнежня
Цана білету на тур зь Менску: 199 рублёў
Традыцыйны беларускі пэрсанаж Зюзя, а не савецкі Дзед Мароз будзе сустракаць дзяцей на беларускім Паазер’і. У навагодняй сьвяточнай праграме можна будзе ўбачыць іншых герояў беларускай міталёгіі: Ваструху, Бая, Бадзюлю, Шатана.
Выстава, прысьвечаная героям беларускай міталёгіі, у Магілёўскім краязнаўчым музэі. На фота - Зюзя. Ілюстрацыя з кнігі "Чароўны сьвет". Магілёў, 1 сьнежня 2016 году
Навагоднія праграмы для дзяцей з удзелам Зюзі пройдуць у сьнежні і студзені яшчэ ў дзьвюх вобласьцях: у нацыянальным парку «Прыпяцкі» (Гомельская вобласьць) і ў Бераставіцкім доме культуры (Горадзенская вобласьць). Але на большасьці дзяржаўных навагодніх імпрэзаў усё ж фігуруе савецкі пэрсанаж Дзед Мароз.
Вайсковая рэзыдэнцыя Дзеда Мароза
Дзе: гісторыка-культурны комплекс «Лінія Сталіна»
Калі: 25 сьнежня — 7 студзеня
Цана білету на «Лінію Сталіна»: 15–25 рублёў
Дзед Мароз у гэтай рэзыдэнцыі выступае ў форме генэрала і прыяжджае на савецкім танку Т-50. Наведнікаў чакаюць «падарункі, казачная атмасфэра і навагодняе чараўніцтва», абяцаюць арганізатары. Вайсковая рэзыдэнцыя Дзеда Мароза працуе на «Лініі Сталіна» на навагоднія сьвяты прынамсі апошнія дзевяць гадоў.
Ілюстрацыйнае фота
Апошнімі гады дзяцей у Беларусі прымусова мілітарызуюць у школах і нават дзіцячых садках. Сьвята, зьвязанае з цудамі і сямейным адпачынкам, ідэолягі цяпер таксама прыстасавалі пад патрэбы вайсковай прапаганды.
Дзед Мароз на гелікоптэры
Дзе: Горадня, Цэнтральны спартовы комплекс «Нёман», плошча Леніна, плошча Савецкая
Калі: 20 сьнежня
Удзел бясплатны
Традыцыйнае шэсьце Дзядоў Маразоў і Сьнягурак пачнецца ўвечары 20 сьнежня ў Горадні з плошчы Леніна. Галоўны Дзед Мароз абяцае прыляцець у Горадню на гелікоптэры, які прызямліцца на полі ЦСК «Нёман». Ягонае прызямленьне можна будзе бачыць на вялікім экране. Трансьлявацьме гэта дзяржаўная тэлевізія. Шэсьці Дзядоў Маразоў пройдуць таксама ў іншых абласных і раённых гарадах.
Калядныя спатканні з Сантай у Суле
Дзе: парк-музэй інтэрактыўнай гісторыі «Сула», 50 кілямэтраў ад Менску
Калі: 11 сьнежня — 17 студзеня
Цана білет для дзіцячай групы з дарослымі: 101–114 рублёў
Гэта анімацыйная экскурсія для дзяцей і дарослых, якая расказвае пра традыцыі, зьвязаныя зь зімовымі сьвятамі ў продкаў беларусаў. Яна ўключае тэатралізаваныя дзеяньні, абрады, гульні, танцы, катаньне на санях. Наведнікам прапануюць сабраць старажытны «сьвяточны сталовы набор», паўдзельнічаць у рамесных майстар-клясах, паглядзець спэктакль батлейкі. У канцы экскурсіі пачастунак.
У Суле ў ноч з 31 сьнежня на 1 студзеня можна таксама адзначыць сам Новы год з маршалкам-вядоўцам, старажытымі і сучаснымі забавамі і танцамі, рыцарскімі баямі, Дзедам Марозам і Сьягуркай.
Падарожжа ў Браслаў
Дзе: турыстычная база «Браслаўскія азёры»
Калі: 31 сьнежня — 2 студзеня
Цана: 620 рублёў для дарослага, 460 рублёў для дзіцяці да 12 гадоў
У праграму ўваходзяць сьвяточны банкет у навагоднюю ноч, абед на прыродзе, «танцы на палянцы», магчымасьць пагуляць у більярд, папарыцца ў лазьні.
Ілюстрацыйнае фота
Аркестар з музыкай з «Гары Потэра»
Дзе: Менск, Чыжоўка-Арэна
Калі: 2, 3, 4 студзеня
Цана білету: ад 41 да 335 рублёў
Сымфанічны аркестар і хор з Санкт-Пецярбургу Imperial Orchestra выканаюць музыку зь фільмаў пра Гары Потэра, а таксама зь фільмаў «Адзін дома», «Фантастычныя стварэньні», «Калядная гісторыя». У шоў «Новы год у Хогвартсе» возьмуць удзел больш за сто артыстаў. Арганізатары абяцаюць спалучыць музыку з кіно і спэцыяльнымі эфэктамі, калі будуць лётаць паветраныя гімнасты, а таксама мётлы, сьвечкі й кнігі.
Музыканты выступяць у мантыях факультэтаў Хогвартсу. Наведнікаў таксама чакаюць аніматары ў вобразах Волан-дэ-Морта, Макгонагала, тэматычныя фатазоны і сувэнірныя шапікі з мантыямі, чароўнымі палачкамі і шалікамі факультэтаў.
Калядныя Цары
Дзе: мястэчка Семежаў, Капыльскі раён, Менская вобласьць
Калі: 13 студзеня
Калядныя Цары — гэта беларускі народны абрад, які аб’ядноўвае элемэнты карнавалу і народнай драмы. У ім удзельнічаюць маладыя мужчыны і юнакі — Цары, адзетыя ў белыя штаны і кашулі, на грудзях крыж-накрыж павязаныя чырвоныя семежаўскія паясы з традыцыйным арнамэнтам. На галаве высокія шапкі, упрыгожаныя каляровымі стужкамі. Яны рушаць па вясковай вуліцы сьвяточнай працэсіяй, уваходзяць у дом і разыгрываюць гісторыка-рэлігійны абразок. З надыходам цемры Цары запальваюць паходні.
Гэты абрад, які абыходзяць толькі ў Семежаве штогод 13 студзеня, у 2009 годзе ўнесьлі ў сьпіс нематэрыяльнай спадчыны UNESCO.
У 2023 годзе гідаў, якія везьлі групу людзей на гэтае сьвята, затрымалі.
Ілюстрацыйнае фота
Адпачынак у гарах
Дзе: у Закапаным, Польшча
Калі: студзень, люты
Цана: 290 эўра за тыдзень
У сярэдзіне лютага зьявіліся прапановы тураў для беларусаў на гарналыжны курорт у Польшчы, у Закапаным. Выезд зь Менску. Туры плянуюцца ў студзені і лютым, калі чакаецца больш сьнегу. У тур уваходзіць аглядная экскурсія па Кракаве, 5 начлегаў у Закапаным, трансфэры да пад’ёмнікаў і тэрмальных крыніцаў. Сярэдняя цана туру 290 эўра.
Арганізаваць падобную паездку можна самастойна. Ecolines пусьціў аўтобусы зь Менску ў польскае Закапанае. Цана білету ў адзін бок 280–290 рублёў. На дваіх у два бакі праезд абыдзецца прыблізна ў 1200 рублёў. Жытло на пяць начлегаў у Закапаным на дваіх можна знайсьці за суму ад 500 да 1000 эўра (прыкладна 1500–3000 беларускіх рублёў).
Гэтыя туры зьявіліся пасьля таго, як Польшча 17 лістапада адкрыла два пункты пропуску на мяжы зь Беларусьсю — у Кузьніцы (зь беларускага боку Брузгі) і Баброўніках (Бераставіца).