У Пэкіне адбыўся дадатковы адбор на Алімпіяду-2026 у фігурным коўзаньні. У нэўтральным статусе ў адборы выступілі й спартоўцы зь Беларусі. У жаночым адзіночным коўзаньні Вікторыя Сафонава ў суме набрала 181,91 бала і заняла чацьвертае месца. Удзел у Алімпіядзе забясьпечвалі першыя пяць пазыцыяў.
Такім чынам, 22-гадовая Сафонава можа выступіць на Алімпіядзе ў Міляне і Картыне д’Ампэца. Яна стала першай прадстаўніцай Беларусі, якая трапляе на гэтыя Гульні.
Ураджэнка Масквы зь беларускім пашпартам на самой Алімпіядзе, як і ў адборы, будзе выступаць у нэўтральным статусе. Пасьля кваліфікацыі ў Пэкіне яна чакала рашэньня адмысловай камісіі МАК.
Вікторыя Сафонава нарадзілася ў 2003 годзе і да 2019-га выступала за Расею. Перайшла пад чырвона-зялёны сьцяг перад сэзонам 2019/20 году — і адразу стала лідэркай беларускай зборнай. Пераехаць выступаць за Беларусь Сафонаву падштурхнулі амбіцыі выйсьці на міжнародную арэну, бо ў Расеі яна не вытрымлівала канкурэнцыі за месца ў зборнай, адзначала «Трыбуна».
Але дэбют ня быў лёгкім. За пару дзён да старту на чэмпіянаце сьвету ў Стакгольме ў 2021 годзе Сафонаву зьнялі праз станоўчы тэст на COVID-19.
Фігурыстка ўжо пасьпела 6 разоў стаць чэмпіёнкай Беларусі, то бок стала найлепшай на ўсіх падобных турнірах, у якіх удзельнічала. У 2022 годзе яна ўжо выступала ад Беларусі на Алімпіядзе, тады стаўшы 13-й у агульным заліку — гэта адносна высокі вынік, але ўсё ж далёкі ад мэдалёў. Тым ня менш, для Беларусі вынік Сафонавай стаў найлепшым сярод вынікаў усіх фігурыстаў на Алімпіядах у гісторыі краіны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускія лыжнікі ня змогуць выступіць на Алімпіядзе-2026 нават у нэўтральным статусе