Сямёра за кратамі, 140 безь ліцэнзіяў. Чаму сярод памілаваных Лукашэнкам палітвязняў няма ніводнага адваката

Адвакатка Юлія Юргілевіч за кратамі падчас судовага працэсу па сваёй справе. Архіўнае фота

Прынамсі 7 беларускіх адвакатаў цяпер за кратамі — яны атрымалі выракі ад 6 да 10 гадоў турмы. Тры дзясяткі абаронцаў адбылі адміністрацыйныя арышты. Больш за 140 пазбаўленыя адвакацкіх ліцэнзіяў.

Паводле праваабарончага цэнтру «Вясна», за апошні год у некалькі этапаў у Беларусі памілавалі 330 палітычных зьняволеных. Але сярод памілаваных Лукашэнкам ніколі не было ніводнага адваката. Адвакаты — адна з трох самых уразьлівых прафэсійных групаў (пасьля палітыкаў і журналістаў), супраць якіх чыняць палітычна матываваныя рэпрэсіі ўлады Беларусі.

«Аспрэчыць адвакатаў у працэсуальным пляне вельмі складана»

Адна з самых аўтарытэтных беларускіх адвакатак Натальля Мацкевіч, якая бараніла Віктара Бабарыку, Сяргея Ціханоўскага, Марфу Рабкову, Мікалая Дзядка ды іншых, перакананая, што перасьлед адвакатаў выкліканы жаданьнем здушыць усе нязгодныя галасы. Зь яе словаў, гэта заўважна ў прысудах усіх «палітычных».

Натальля Мацкевіч

«Але калі выказваюцца адвакаты, яны ня проста выкладаюць свае меркаваньні, а прамаўляюць праўныя аргумэнты. Аспрэчыць адвакатаў вельмі складана ў працэсуальным пляне, дый у грамадзкай думцы таксама. Бо адвакаты вядуць прафэсійную дыскусію. І людзі яе вельмі станоўча ўспрымалі як у судовых паседжаньнях (калі яны былі яшчэ адкрытыя), так і ў публічнай прасторы (калі адвакаты мелі сьмеласьць выказвацца). Тут цалкам відавочна — трэба прымусіць замоўкнуць увесь адвакацкі корпус, каб яны не казалі ў судах пра дэфэкты ў заканадаўстве і ў практыцы, каб не прыводзілі праўных аргумэнтаў.

І гэты складнік аўтарытэтнай юрыдычнай думкі таксама непажаданы для ўлады. Бо ён узьдзейнічае на грамадзкую думку. Таму нікога і не памілавалі», — падсумоўвае Мацкевіч.

«Асаблівае стаўленьне»

Яшчэ адна беларуская адвакатка (пагадзілася размаўляць на ўмовах ананімнасьці. — РС), якая таксама бараніла вядомых палітыкаў, грамадзкіх актывістаў, журналістаў і таксама была пазбаўленая ліцэнзіі і выключаная з калегіі адвакатаў, выказала думку наконт памілаваньня: калі ўлады вызваляюць кагосьці з-за кратаў, гэта не зьвязана ні з прафэсіяй, ні з полам.

«Яны кіруюцца іншымі чыньнікамі. Таму я б не казала, што калі адвакатаў не памілавалі, то ўлада неяк асабліва ставіцца да гэтай групы. Мне здаецца, што асаблівае стаўленьне ёсьць да ўсіх, хто выступае супраць улады, хто мае іншую думку, апроч праўладнай. То бок калі чалавека судзяць паводле палітычнага артыкулу, да яго ўжо асаблівае стаўленьне. Але, безумоўна, адвакаты пад пільнай увагай ўлады. Адвакатаў не вызваляюць», — кажа яна.

І прыводзіць прыклад: летась 28 лютага адбыліся масавыя затрыманьні адвакатаў. І вядома толькі тое, што яны дакладна адбыліся. Ні прозьвішчаў, ні абставінаў затрыманьня не раскрываюць. Пасьля гэтых падзеяў некалькі дасьведчаных адвакатаў проста зьніклі зь сьпісаў Міністэрства юстыцыі.

Максім Знак атрымаў найбольшы тэрмін з усіх асуджаных па палітычных справах беларускіх адвакатаў - 10 гадоў пазбаўленьня волі

Сёлета за краты трапіў яшчэ адзін адвакат, кажа суразмоўца Свабоды.

«Увесну быў затрыманы Сяргей Хлыстоў, адвакат з Гомля. Яго абвінавачвалі паводле артыкулаў 130, ч.1 („распальваньне варожасьці“) і 361-3 („заклік да санкцыяў“) Крымінальнага кодэксу. Вырак невядомы, але па гэтых двух артыкулах дакладна прысуджаюць пазбаўленьне волі. Калі адвакаты працавалі сумленна, якасна, хацелі дапамагчы людзям — яны за гэта і пацярпелі. Таму такія велічэзныя тэрміны і рэпрэсіі. Мы хвалюемся за нашых калег, робім што можам, але, на жаль, той жа Максім Знак ужо больш за 1000 дзён у рэжыме інкамунікада», — нагадвае былая адвакатка.

Нагода для перасьледу

Юрыстка праваабарончага цэнтру «Вясна» Вікторыя Рудзянкова скончыла Акадэмію кіраваньня. Яе матывацыя паступіць менавіта туды — каб зразумець, як там вучаць дзяржаўных службоўцаў. Віка мяркуе, што калі яна вучылася ў Акадэміі (гэты час прыпаў на 2020 год), было нельга казаць, што ў тым ВНУ моцна ігнаравалі тэму правоў чалавека — вяршэнства права, як трактаваць нормы і гэтак далей. І прызнаецца, што ідэалягічная прамыўка мазгоў была, але пры ўсім гэтым тыя, хто хацеў добра ведаць права і законы, маглі іх нармальна вывучаць — з падтрымкай некаторых выдатных выкладчыкаў.

А незалежных ад дзяржавы адвакатаў, якія добра ведаюць асновы права і законы, улада лічыць пагрозаю, мяркуе праваабаронца.

«Бо зараз на дзяржаўным узроўні законы „перакручваюць“ і няправільна інтэрпрэтуюць, каб былі фармальныя нагоды пераследаваць чалавека. Але нават паводле заканадаўства Беларусі, калі сапраўды разумець і дух, і літару закону, пры палітычна матываваным крымінальным перасьледзе ёсьць зьмястоўныя памылкі ў трактоўцы заканадаўства. І такі перасьлед часта суправаджаецца працэсуальнымі парушэньнямі. І, вядома, нярэдка — катаваньнямі, што ўвогуле зьяўляецца злачынствам дзяржаўных службоўцаў.

Менавіта на хібы ўказваюць незалежныя адвакаты. А для рэжыму такія адвакаты, акрамя таго, што яны таксама носьбіты „экстрэмісцкіх“ поглядаў (чытай — праўды), дык яшчэ і выступаюць у якасьці люстэрка, у якое людзям зь юрыдычнай адукацыяй балюча глядзець», — эмацыйна кажа юрыстка «Вясны».

Мінус 597 чалавек

Паводле сайту Міністэрства юстыцыі, на канец жніўня ў Беларусі працуюць 1610 адвакатаў, усе ў складзе 177 юрыдычных кансультацыяў.

Прыватнай адвакацкай практыкі ў Беларусі больш няма.

Паводле справаздачы Беларускай асацыяцыі адвакатаў правоў чалавека, адвакатаў у краіне з 2020 году паменела на 597 чалавек. Але, як вынікае з сайту Міністэрства юстыцыі, адвакатаў пастаянна набіраюць. І ня толькі зь ліку выпускнікоў юрфаку. Шмат хто прыходзіць у адвакатуру зь сілавых структураў — Сьледчага камітэту, міліцыі, пракуратуры.

Адвакат Віталь Брагінец, 8 гадоў пазбаўленьня волі

Натальля Мацкевіч, адвакатка правоў чалавека, кажа, што і раней былі выпадкі, калі, да прыкладу, супрацоўнікі пракуратуры пераходзілі ў адвакаты, але прайшоўшы ўсе абавязковыя працэдуры, у тым ліку кваліфікацыйны экзамэн.

«Пасьля 2020 году быў зьменены парадак прыходу ў адвакатуру для былых сілавікоў. Калі яны, пакідаючы сваё ведамства, ідуць па накіраваньні, то трапляюць у адвакатуру без кваліфікацыйнага экзамэну. То бок гэта лягчэйшы шлях.

Да таго ж заўважаецца зьніжэньне прэстыжу прафэсіі адваката. Гэтая прафэсія становіцца вельмі небясьпечнай, і чалавек ня можа сябе ў поўным аб’ёме рэалізаваць як юрыст, бо аргумэнты абаронцы застаюцца непачутымі. І нават прыток у адвакатуру зь іншых сфэраў (напрыклад, зь юрфаку БДУ) — ён ужо не такі, як раней. І на гэтым фоне асабліва заўважныя фігуры, якія прыходзяць у адвакатуру зь сілавых органаў», — тлумачыць Натальля Мацкевіч.

Кожнага, хто прыходзіць у адвакатуру на стаж, мае зацьвердзіць Міністэрства юстыцыі, падкрэсьлівае юрыстка.

«Чалавека лібэральных поглядаў проста не зацьвердзяць. Гэта асобны фільтар для „ідэалягічна вытрыманых“», — заўважае яна.

За 2024 год у адвакатуру прыйшлі прынамсі дзевяць былых сілавікоў. Сярод іх абвінаваўца ў берасьцейскай «карагоднай справе», экспэрт, які даў ацэнку партрэту аўтарства Алеся Пушкіна (мастака, які быў зьняволены за партрэт і замардаваны ў горадзенскай турме), а таксама іншыя пракуроры ў справах палітзьняволеных.

Яшчэ адзін прыклад — у 2025 годзе ў адвакатуру прынялі былую намесьніцу пракурора Фрунзэнскага раёну Менску Крысьціну Асран, якая была абвінаваўцай у многіх «палітычных справах» (праграміста Сьцяпана Чыкілёва, Юліі Аніскевіч ды іншых, а таксама кіраўніка «Мотавела» Аляксандра Мураўёва).

Кароткая хроніка ціску на інстытут адвакатуры ў Беларусі

Першыя «наезды» на адвакатаў, якія абаранялі кандыдатаў у прэзыдэнты і ўдзельнікаў Плошчы-2010, пачаліся ў 2011 годзе. Міністэрства юстыцыі на прадпісаньне КДБ правяло паседжаньні кваліфікацыйнай камісіі. Пазбавілі ліцэнзіяў адвакатаў Тамару Сідарэнку, Уладзімера Букштынава, Алега і Тацяну Агеевых, Паўла Сапелку, Уладзімера Тоўсьціка, Тамару Гараеву.

У 2017 годзе пазбавілі адвакацкай ліцэнзіі Ганну Бахціну, якая абараняла фігуранта справы «Белага легіёну» Міраслава Лазоўскага, а раней была адвакаткай у Ірыны Халіп, Эніры Браніцкай, Ільлі Валавіка, Эдуарда Пальчыса. Кваліфікацыйная камісія вырашыла, што абаронца з 30-гадовым стажам ня мае адпаведнага досьведу.

Адвакат Аляксандар Данілевіч, асуджаны на 6 гадоў пазбаўленьня волі

У 2020 годзе яшчэ перад прэзыдэнцкімі выбарамі да затрыманых палітыкаў і актывістаў не дапускалі адвакатаў. 9 верасьня 2020 году былі затрыманыя адвакаты Максім Знак і Ільля Салей — сябры Каардынацыйнай рады. 24 верасьня 2020 году адвакатку Марыі Калесьнікавай Людмілу Казак затрымалі на вуліцы, калі яна ехала на сустрэчу з падабаронным, сілай запхнулі ў машыну і павезьлі ў ізалятар на Акрэсьціна. З восені 2020 году адвакатаў, якія баранілі вядомых палітзьняволеных — Віктара Бабарыку, Марыю Калесьнікаву ды іншых — пачалі масава караць дысцыплінарными спагнаньнямі і выклікаць на нечарговыя атэстацыі.

У траўні 2021 года былі прынятыя папраўкі ў Закон аб адвакатуры. Зьмены ў заканадаўстве рыхтаваліся ўпотай ад прафэсійнай супольнасьці, яны фактычна пазбаўлялі адвакатуру рэштак незалежнасьці, істотна пашырылі паўнамоцтвы Міністэрства юстыцыі ў кіраваньні інстытутам адвакатуры, міністэрству дазвалялася неабгрунтавана ўмешвацца ў адвакацкую дзейнасьць. Прыватныя адвакацкія канторы закрылі, няўгодных адвакатаў зь лёгкасьцю пазбаўлялі ліцэнзіяў.

31 траўня 2021 году Андрэя Мачалава выключылі з калегіі адвакатаў за паведамленьне ў мэдыя аб катаваньнях яго падабароннай Вольгі Залатар. Мачалаву прысудзілі 2 гады «хіміі».

Абаронцаў Віктара Бабарыкі Зьмітра Лаеўскага і Яўгена Пыльчанку пазбавілі ліцэнзіяў падчас судовага працэсу над палітыкам. Натальлю Мацкевіч, якая бараніла Віктара Бабарыку, Сяргея Ціханоўскага, Марфу Рабкову, Мікалая Дзядка, выключылі з калегіі адвакатаў за тое, што яна нібыта перапыніла сьледчага на допыце, калі ён зачытваў правы і абавязкі, а таксама перамовілася зь іншым адвакатам падчас вочнай стаўкі.

Такім чынам, з 2020 году больш за 140 адвакатаў страцілі ліцэнзіі, амаль тры сотні мусілі пакінуць прафэсію, дзясяткі беларускіх абаронцаў мусілі зьехаць з краіны, асьцерагаючыся рэпрэсіяў. Цяпер у Беларусі працуюць 1610 адвакатаў — усе ў дзяржаўных юрыдычных кансультацыях.

У вязьніцах Беларусі знаходзяцца мінімум 7 адвакатаў

На гэты момант праваабаронцы называюць сем прозьвішчаў адвакатаў, асуджаных з палітычных прычынаў. Рэальна іх можа быць значна больш.

Максім Знак (асуджаны на 10 гадоў зьняволеньня);

Віталь Брагінец (8 гадоў);

Аляксандар Данілевіч (6 гадоў);

Анастасія Лазарэнка (6 гадоў);

Аляксей Бародка (6 гадоў);

Юлія Юргілевіч (6 гадоў);

Сяргей Хлястоў (дакладны вырак невядомы).