Лукашэнка ў М’янме падзяліўся сакрэтамі «стабільнасьці» і «перамогі» на выбарах. Што яшчэ вядома пра супрацу рэжымаў

Цырымонія афіцыйнай сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі ў М’янме, 28 лістапада 2025 году

Аляксандар Лукашэнка ўпершыню наведвае М’янму, якой пяць гадоў пасьля дзяржаўнага перавароту кіруе вайсковая хунта.

Як і ў Беларусі, у М’янме масава перасьледуюць грамадзян, а 3,5 мільёна чалавек вымушаныя былі зьехаць з сваёй краіны, яе пакінулі і незалежныя СМІ. У М’янме зьняволілі нобэлеўскую ляўрэатку Аўнг Сан Су Чы, якая да хунты ачольвала краіну. У вязьніцы застаецца і беларускі ляўрэат Нобэлеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі.

Наведваньню М’янмы Лукашэнкам папярэднічалі два візыты кіраўніка вайсковай хунты Мін Аўнг Глайнга ў Менск у 2025 годзе, хоць сам Лукашэнка паведаміў, што сёлета яны сустракаліся шэсьць разоў. У 2023 годзе М’янма адкрыла ў Менску дыпляматычнае прадстаўніцтва.

Лукашэнка стаў другім палітыкам, які наведаў М’янму пасьля перавароту, — у 2021 годзе ў гэтую краіну прыяжджаў тагачасны прэм’ер Камбоджы Хун Сэн.

Лукашэнка: 2025 год — гістарычны для дачыненьняў дзьвюх краін

У М’янме Лукашэнку зладзілі пампэзны прыём — з чырвонай дарожкай, ганаровай вартай і аркестрамі, а перад візытам адну з вуліц у сталіцы краіны Найп’ідо ўрачыста перайменавалі ў Менскую.

Вуліца Менская ў сталіцы М’янмы. 28 лістапада 2025 году

«Беларусь адкрытая для пашырэньня супрацы з М’янмай, мы кіруемся выключна нацыянальнымі інтарэсамі, не азіраючыся на вонкавых гульцоў», — заявіў Лукашэнка 28 лістапада на сустрэчы зь Мін Аўнг Глайнгам, паведаміла дзяржаўнае агенцтва БелТА.

Як паведаміла праваабарончая група «Справядлівасьць для М’янмы», вонкавы сьвет працягвае ціснуць на вайсковую хунту, абмяжоўваць яе даходы і доступ да зброі. Краіны Эўразьвязу ўвялі санкцыі супраць кампаніяў, якія прадавалі зброю хунце.

Дакладчык ААН у правах чалавека ў М’янме заклікаў краіны сьвету разарваць сувязі з хунтай і ўвесьці глябальнае эмбарга на пастаўкі ёй зброі. Нягледзячы на гэта, многія міжнародныя кампаніі працягваюць весьці бізнэс з хунтай. Беларусь, Расея, Кітай і Індыя надалей прадаюць ёй зброю.

У чэрвені 2025 году група «Справядлівасьць для Мʼянмы» выявіла новыя доказы глыбокай вайсковай супрацы рэжымаў Беларусі і Мʼянмы, у тым ліку пастаўкі спэцыяльна распрацаванай сыстэмы кіраваньня супрацьпаветранай абаронай і падрыхтоўку вайскоўцаў, зьвязаных з вайсковай прамысловасьцю, у беларускіх унівэрсытэтах.

Сыстэма кіраваньня супрацьпаветранай абаронай пастаўляецца празь дзяржаўную кампанію «Белспэцзьнештэхніка» (BSVT). Яна ўключае ў сябе аўтаматызаваную сыстэму кіраваньня «Панарама» і радарную тэхналёгію «Усход» 3D, прызначаную для аўтаматычнага выяўленьня паветраных абʼектаў і адсочваньня цэляў, у тым ліку бесьпілётнікаў, якія выкарыстоўваюць сілы супраціву ў М’янме.

Супрацу ў рыхтаваньні м’янманскіх вайскоўцаў узаконілі

Як паведаміла выданьне Eleven (выдаецца ў М’янме), 28 лістапада ў межах візыту Лукашэнкі падпісана пагадненьне аб супрацы ў галіне адукацыі паміж Янгонскім унівэрсытэтам і Беларускім дзяржаўным унівэрсытэтам інфарматыкі і радыёэлектронікі (БДУІР).

Згодна з расьсьледаваньнем арганізацыі «Справядлівасьць для М’янмы», менавіта ў БДУІР вайскоўцы Мʼянмы цяпер навучаюцца і праводзяць дасьледаваньні ў галіне радыёэлектроннай тэхнікі для сыстэмаў супрацьпаветранай абароны.

М’янманскія студэнты зьвязаныя з ключавымі збройнымі прадпрыемствамі на сваёй радзіме.

«Гэтая інфармацыя зьявілася ў той час, калі вайскоўцы Мʼянмы ўсё больш абапіраюцца на паветраныя напады, бо сілы супраціву пашыраюць эфэктыўны кантроль. Вайскова-паветраныя сілы хунты без разбору атакуюць мірных жыхароў, школы і лякарні, што прыводзіць да перасяленьня мірнага насельніцтва і ахвяраў сярод яго. Ваенныя злачынствы зьдзяйсьняюцца цалкам беспакарана», — адзначаюць праваабаронцы ў расьсьледаваньні.

Праваабаронцы заклікалі ўвесьці санкцыі супраць вайскова-прамысловых кампаніяў і ўнівэрсытэтаў Беларусі за супрацу з Мʼянмай.

«Партнэрства паміж беларускім рэжымам і вайскоўцамі Мʼянмы фармавалася шмат гадоў. Беларусь была адзінай краінай, што прагаласавала супраць рэзалюцыі Генэральнай Асамблеі ААН 2021 году, якая заклікала краіны арганізацыі перадухіліць паток зброі ў Мʼянму, і гэтая ўзаемная падтрымка злачынцаў з таго часу толькі паглыбілася», — паведаміў прэсавы сакратар «Справядлівасьці для Мʼянмы» Яданар Маўнг.

Палітычная дапамога Лукашэнкі

Выданьне The Irrawaddy, заснаванае ў М’янме, але вымушанае працаваць у Тайляндзе, зьвярнула ўвагу, што візыт Лукашэнкі адбываецца ў той час, калі хунта імкнецца прадэманстраваць міжнародную легітымнасьць перад заплянаванымі на сьнежань–студзень выбарамі, якія апанэнты хунты лічаць фіктыўнымі.

Афіцыйны прыём Лукашэнкі ў М’янме, 28 лістапада 2025 году

«Прапагандысцкі апарат хунты ўжо пачаў рыхтаваць сустрэчу — падымаць сьцягі, усталёўваць рэклямныя шчыты з выявай Лукашэнкі, трансьляваць відэаматэрыялы, якія славяць „сяброўства“ паміж двума рэжымамі», — адзначаецца ў публікацыі.

Журналісты падкрэсьліваюць, што супраца паміж рэжымамі з продажу зброі пашырылася на дыпляматыю, гандаль і інвэстыцыі. Пра гэта сьведчаць і дакумэнты, падпісаныя 28 лістапада, — аб узаемным бязьвізавым рэжыме, аб мытнай супрацы і аб уніканьні падвойнага падаткаабкладаньня.

Згодна з інфармацыяй м’янманскага выданьня ў эміграцыі, Беларусь накіруе ў М’янму сваіх назіральнікаў на выбары 28 сьнежня, калі адбудзецца першы этап галасаваньня.

«Лукашэнку, якога часта называюць „апошнім дыктатарам Эўропы“, некаторыя аналітыкі лічаць узорам для Мін Аўнг Глайнга, які рыхтуецца замацаваць уладу праз выбары, графік якіх зь сьнежня па студзень упершыню агучылі падчас сустрэчаў у Менску ў сакавіку. Двума месяцамі раней чыноўнікі вайсковай хунты езьдзілі ў Менск, каб „вывучыць“ беларускую выбарчую сыстэму, якая нязьменна прыводзіць Лукашэнку да ўлады», — адзначаецца ў публікацыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўнік хунты М’янмы падчас візыту ў Менск абяцаў правесьці выбары, але без Аўнг Сан Су Чы

Візыт адбываецца пасьля гібелі беларускі ў М’янме

Як вынікае з афіцыйнай інфармацыі, якую распаўсюджваюць дзяржаўныя СМІ Беларусі, у часе візыту не абмяркоўвалася пытаньне аб гібелі 27-гадовай беларускі Веры Краўцовай.

Аб яе зьнікненьні стала вядома з словаў яе маці 4 кастрычніка. 16 кастрычніка ў МЗС Беларусі паведамілі, што пасольства Беларусі ў Віетнаме, адначасова акрэдытаванае ў суседняй М’янме, вядзе працу дзеля яе вышуку.

Дакладна высьветлілі, што зьніклая грамадзянка вылецела ў Янгон (М’янма) з Бангкоку (Тайлянд) 20 верасьня. Далей сьляды беларускі губляліся.

Да пошукаў далучылі замежнапалітычныя і сілавыя ведамствы дзьвюх краін, апараты ганаровых консульстваў Беларусі ў Янгоне і Бангкоку. Але дагэтуль так і не агучылі афіцыйную інфармацыю — ні ўлады Беларусі, ні кіраўніцтва М’янмы.

Веры Краўцовай было 27 гадоў, яна мела досьвед у мадэльных здымках, у тым ліку ў Кітаі. Брала ўдзел у шоў «Голас». Спачатку паведамлялася, што яе падманам завабілі ў Тайлянд, а потым пераправілі празь мяжу ў М’янму, дзе яе нібыта прымусілі працаваць у цэнтры махлярства, а пазьней забілі дзеля продажу яе органаў.

22 кастрычніка яе бацькі атрымалі даведку на бірманскай мове аб тым, што яна працавала ў вёсцы Пхлу і памерла ад сардэчнага прыпадку. З даведкі вынікала, што яе цела паддалі крэмацыі ў вёсцы Інкін 16 кастрычніка а 12:00.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пракурор суду ў Гаазе запатрабаваў арыштаваць кіраўніка вайсковага рэжыму М’янмы