Праз санкцыі звузяцца банкаўскія сэрвісы, падаражэюць цыгарэты. Што яшчэ зьменіцца ў Беларусі з 1 сьнежня

Менск, архіўнае фота

З пачаткам каляндарнай зімы беларусаў чакаюць ня толькі сьнегапады і маразы, але і зьмены ў пэўных правілах жыцьця і цэнах на тавары.

Калядныя сьвяты на 4 дні

На Каляды паводле грыгарыянскага календара беларусы будуць адпачываць ажно 4 дні: сьвяточныя выходныя пачнуцца з чацьвярга, 25 сьнежня, і працягнуцца да нядзелі, 28 сьнежня. За пятніцу, 26 сьнежня, беларусы адпрацуюць у суботу, 20 сьнежня, пастанавіў урад.

Новы пакет санкцыяў ускладніць банкаўскія плацяжы

2 сьнежня набываюць моц абмежаваньні для трох беларускіх банкаў, накладзеныя Эўразьвязам у кастрычніку ў новым, 19-м пакеце санкцыяў. Пад абмежаваньні трапілі «Альфа-Банк», «Сбер Банк (Беларусь)» і «Банк ВТБ (Беларусь)».

У «Альфа Банку» растлумачылі, што пасьля пачатку дзеяньня санкцыяў выпушчаныя ім карты па-ранейшаму будуць працаваць у Беларусі і за мяжой, аднак у Эўразьвязе магчымыя праблемы праз пэрсанальных рашэньняў замежных контрагентаў наконт беларускіх картаў.

Кліенты банку, якія маюць iPhone, ня змогуць плаціць праз Apple Pay, а таксама аплочваць падпіскі Apple праз iCloud, паведамляе MYFIN.

Зьмены, якія ўводзяць самі банкі

«Беларусбанк» для паляпшэньня сэрвісу з 1 сьнежня мяняе правілы карыстаньня карткамі, а таксама абнаўляе ўмовы іх абслугоўваньня. Цяпер кліенты змогуць пры патрэбе максымальна апэратыўна заблякаваць сваю картку, пазваніўшы на нумар 147. Але важна ведаць, што званок павінен быць з мабільнага тэлефону, пазначанага ва ўліковай сыстэме банку. Новыя карты, якія будуць выпускаць узамен былых, цяпер будуць мець унікальны нумар — мяркуецца, што гэта павысіць бясьпеку.

«МТБанк» з 2 сьнежня істотна зьніжае мінімальную камісію за пераводы ў расейскіх рублях, пры пераводзе на карысьць фізычнай або юрыдычнай асобы за межы банку мінімальная камісія складзе 20 беларускіх рублёў. Раней камісія складала 150 BYN. Зьмены ўвойдуць у сілу ўжо 2 сьнежня.

БНБ-Банк з 22 сьнежня ўводзіць ліміты для бескантактавага зьняцьця грошай з сваіх картак: для Mastercard і Visa гэта будзе сума 1700 даляраў, а для астатніх картаў — 350 даляраў.

БЧ пускае дадатковыя цягнікі

На калядныя і навагоднія сьвяты з 24 сьнежня да 12 студзеня Беларуская чыгунка прызначыла больш за 200 дадатковых цягнікоў.

Ад 14 сьнежня БЧ уводзіць новы графік руху цягнікоў на 2025–2026 гады. Некалькі складаў пойдуць зьмененым маршрутам з новым графікам. Гэта датычыцца цягнікоў № 83/84 Гомель – Санкт-Пецярбург – Гомель, № 55/56 Гомель – Масква – Гомель, № 606/605 Берасьце – Полацак – Берасьце, а таксама некаторых цягнікоў рэгіянальных лініяў на ўчастку Магілёў – Жлобін.

З 14 сьнежня дадаткова прызначаюць цягнік Менск – Пінск у суботы і нядзелі, а таксама ў сьвяты і перадсьвяточныя дні. Таксама з 15 сьнежня прадугледжаны штодзённы дадатковы цягнік № 719/720 Масква – Менск – Масква.

З прычыны капітальнага рамонту мосту праз раку Друць часова зьменіцца графік руху пасажырскіх цягнікоў 2–3 сьнежня і 9–10 сьнежня на перагоне Рагачоў – Сьверкава ўчастку Жлобін – Магілёў.

«Белавія» адкрывае рэйсы ў Шарм-аш-Шэйх і Алматы

1 сьнежня стартуе чартэрная праграма палётаў «Белавія» у эгіпэцкі Шарм-аш-Шэйх зь Берасьця. Рэйсы будуць выконваць раз на 10 дзён.

Ад 18 сьнежня самалёты «Белавія» пачынаюць наўпроставыя рэйсы ў былую сталіцу, найбуйнейшы горад Казахстану Алматы. Анансаваныя рэйсы ў панядзелкі і чацьвяргі, назад — у аўторкі і пятніцы. Каштаваць квіткі будуць ад 659 рублёў у адзін бок, а туды і назад — ад 1169 беларускіх рублёў.

Аўтамабілістам трэба перайсьці на зімовыя шыны

Ад 1 сьнежня аўтамабілі на дарогах Беларусі мусяць мець зімовыя шыны на ўсіх колах, з аднолькавым рысункам пратэктару на адной восі. Патрабаваньне не датычыць грузавых аўтамабіляў звыш 3,5 тон, а таксама аўтобусаў звыш 5 тон.

За ўдзел у дарожным руху на летніх або зношаных шынах пагражае папярэджаньне ці штраф да адной базавай велічыні, а пры паўторным парушэньні цягам году — ад 2 да 5 базавых велічыняў. Калі такое парушэньне прывядзе да стварэньня аварыйнай сытуацыі або ДТЗ, штраф значна вырасьце, магчымае пазбаўленьне правоў. Патрабаваньні да зімовых шынаў будуць актуальныя да 1 сакавіка 2026 году.

Двухтыднёвыя школьныя вакацыі

Сёлета зімовыя канікулы для школьнікаў пачнуцца 25 сьнежня і прадоўжацца 14 дзён.

Навучаньне ў школах адновіцца 8 студзеня 2026 году.

Зноў падаражэюць цыгарэты

Як паведамілі ў Міністэрстве падаткаў і збораў, падаражэюць 50 марак цыгарэт, некаторыя на 20-30 капеек. У большасьці выпадкаў цана пачку цыгарэт вырасьце на 20 капеек, як на цыгарэты Dunhill, але на некаторыя маркі цэны вырастуць болей.

Вырасьце дапамога на пахаваньне

У сьнежні ў Беларусі на 11,6 рубля павялічыцца дапамога на пахаваньне, якая вылічваецца адпаведна памеру сярэдняга заробку за пазамінулы месяц, калі лічыць ад даты сьмерці. Паводле зьвестак Нацыянальнага статыстычнага камітэту, у кастрычніку 2025 году сярэдні заробак у Беларусі павялічыўся амаль на 12 рублёў і склаў 2758,6 рубля, такім чынам, у сьнежні 2025 году дапамога на пахаваньне складзе 2758 рублёў 60 капеек.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Новыя школьныя прадметы, зьмены правілаў уезду ў Латвію. Што мяняецца для беларусаў з 1 верасьня