Ціханоўскую і Навальную ўзнагародзілі нямецкай прэміяй

Сьвятлана Ціханоўская і Юлія Навальная

27 лістапада, у час візыту ў Нямеччыну, Ціханоўскую ўзнагародзілі прэміяй Menschen in Europa «Сьмелыя жанчыны за свабоду і дэмакратыю».

Цырымонія адбылася ў нямецкім Пасаў у межах штогадовай праграмы, якая адзначае асобаў, што зрабілі значны ўнёсак у абарону правоў чалавека і дэмакратычных каштоўнасьцяў. Разам зь беларускай прэмію атрымала расейская дзяячка Юлія Навальная, удава памерлага ў турме Аляксея Навальнага.

Узнагарода Menschen in Europa

Ціханоўская заявіла, што прысьвячае ўзнагароду ўсім беларусам, і падкрэсьліла, што менавіта людзі вызначаюць Беларусь і будучыню краіны, а не «злачынны рэжым Лукашэнкі».

«Людзі, якія адчайна змагаюцца кожны дзень, каб зрабіць Беларусь свабоднай, незалежнай і эўрапейскай. І сёньня прысьвячаю гэтую прэмію маім суайчыньнікам».

Раней адбылася дыскусія, на якой Ціханоўская адказала на пытаньні пра сытуацыю ва Ўкраіне, асабісты досьвед, працу і стратэгію беларускіх дэмакратычных сілаў і ролю Эўропы ў разьвязаньні крызісу ў рэгіёне.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Тлумачым з Гурневічам. Ці патрэбная беларусам Ціханоўская