«Хоць удар бесьпілётніка ў лютым не прывёў да выкіду радыяактыўных рэчываў, ён выклікаў істотныя структурныя пашкоджаньні, што паўплывала на праектную функцыю ўкрыцьця і прагназаваны тэрмін яго службы», — паведамілі ў МАГАТЭ.
Асобна адзначаецца, што на гэтым тыдні змаглі выйсьці на поўную магутнасьць вырабу энэргіі Хмяльніцкая, Ровенская і Паўдзённаўкраінская АЭС, на якіх у выніку расейскіх абстрэлаў пашкоджаньні атрымалі падстанцыі, што маюць значэньне для ядзернай бясьпекі. Толькі адзін блёк застаецца на паніжанай магутнасьці, але ўсе лініі электраперадач удалося аднавіць.
У МАГАТЭ паабяцалі неўзабаве накіраваць ва Ўкраіну каманду, якая праінспэктуе стан гэтых падстанцыяў.
Асобна ў арганізацыі паведамілі, што, нягледзячы на шматразовыя заклікі, паблізу Запароскай АЭС захоўваецца ваенная актыўнасьць. Запароская АЭС — найбуйнейшая атамная электрастанцыя Эўропы. Расейскія войскі акупавалі горад Энэргадар і разьмешчаную паблізу яго Запароскую АЭС на пачатку сакавіка 2022 году.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзьве АЭС ва Ўкраіне зьнізілі магутнасьць, бо расейскія войскі пашкодзілі падстанцыю
Расейскія войскі прынамсі двойчы атакавалі падстанцыі Паўдзённаўкраінскай і Хмяльніцкай АЭС — у ноч на 31 кастрычніка, а Ровенскай і Хмяльніцкай АЭС — у ноч на 7 лістапада. Тады МАГАТЭ таксама папярэджвала аб пагрозах для ядзернай бясьпекі і заклікала да «максымальнай ваеннай стрыманасьці ў ваколіцах ядзерных аб’ектаў і поўнага выкананьня сямі неад’емных прынцыпаў ядзернай бясьпекі».
У той жа час Расею як крыніцу гэтай небясьпекі ў заяве ня згадвалі ні тады, ні цяпер.