Да 128 павялічылася колькасьць ахвяраў пажару ў жылым комплексе ў Ганконгу

Падчас пажару, 26 лістапада 2025

200 чалавек лічацца зьніклымі бязь вестак.

Колькасьць ахвяр найгоршага за амаль 80 гадоў пажару ў Ганконгу павялічылася да 128, і каля 200 чалавек лічацца зьніклымі бяз вестак у шматпавярховым жылым комплексе, які быў ахоплены полымем.

Пра гэта паведаміў у пятніцу начальнік службы бясьпекі горада, піша Reuters.

Пажар у жылым комплексе Ван Фук Корт, які складаецца з васьмі 32-павярховых вежаў у паўночным раёне Тай По, пачаўся і хутка распаўсюдзіўся ў сераду днём.

«Мы не выключаем магчымасьці таго, што, калі паліцыя ўвойдзе ў будынак для дэталёвага расьсьледаваньня, могуць быць знойдзены новыя целы», — сказаў начальнік службы бясьпекі Ганконга на прэс-канфэрэнцыі.

Ён дадаў, што толькі 39 з 128 загінулых былі ідэнтыфікаваныя. Паводле яго слоў, выратавальныя работы завершаныя, і як мінімум 79 чалавек, у тым ліку 12 пажарных, атрымалі раненьні.

Кветкі ля згарэлых будынкаў. Ганконг, 28 лістапада 2025

«Наша мэта цяпер — пераканацца, што тэмпэратура ў будынку зьнізіцца, і як толькі ўсё будзе прызнана бясьпечным, паліцыя зьбярэ доказы і правядзе далейшае расьсьледаваньне», — сказаў ён.

Жылы масіў, дзе пражывае больш за 4600 чалавек, быў абгорнуты бамбукавымі рыштаваньнямі і зялёнай сеткай для рамонтных работ. Паліцыя паведаміла, што арыштавала трох чыноўнікаў будаўнічай кампаніі па падазрэньні ў ненаўмысным забойстве за выкарыстаньне небясьпечных матэрыялаў, у тым ліку лёгкаўзгаральных пенапляставых пліт, якія закрывалі вокны.


Падчас тушэньня пажару, 26 лістапада 2025

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Ганконгу на пажары ў жылым комплексе дзясяткі чалавек загінулі, сотні прапалі бязь вестак