Прэм’ер Вугоршчыны Орбан паскардзіўся Пуціну на эканамічныя страты ў выніку вайны ва Ўкраіне

Віктар Орбан і Ўладзімір Пуцін на сустрэчы ў Маскве, 28 лістапада 2025

Прэм’ер-міністар Вугоршчыны Віктар Орбан прыляцеў у Маскву зь візытам і сустрэўся з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным.

«Украіна — гэта суседка Вугоршчыны, таму Вугоршчына ў поўнай ступені адчувае ўплыў украінскага канфлікту на сабе, у тым ліку, маючы адчувальныя эканамічныя страты, таму што эканамічнае ўзаемадзеяньне блякуецца баявымі дзеяньнямі. Гэта датычыць як Эўропы, так і нас», — сказаў Віктар Орбан пасьля таго, як яго прывітаў Уладзімір Пуцін і падзякаваў яму за «ўзважаную пазыцыю па ўкраінскай праблематыцы, украінскім пытаньні».

У пачатку сустрэчы Пуцін адзначыў, што Расея і Вугоршчына вельмі добра супрацоўнічаюць у сфэры энэргетыкі.

«І тут ёсьць пытаньні і праблемы, якія патрабуюць нашага абмеркаваньня», — сказаў прэзыдэнт Расеі.

Віктар Орбан падкрэсьліў, што стабільныя пастаўкі расейскіх энэрганосьбітаў зьяўляюцца асновай энэргетычнай бясьпекі Вугоршчыны:

«Мы высока цэнім стабільнасьць і прадказальнасьць расейскіх энэргапаставак. Вугоршчына зацікаўлена ў падтрыманьні энэргадыялёгу з вашай краінай, і сёньня я хацеў бы дэтальна прагаварыць гэтае кола пытаньняў».

Віктар Орбан сказаў, што Вугоршчына гатова надаць пляцоўку для мірных перамоў.

«Калі падчас нашых перамоў справа дойдзе да выкарыстаньня пляцоўкі Будапэшту, я буду гэтаму таксама вельмі рады, і хачу вам падзякаваць за гатоўнасьць садзейнічаць», — адказаў вугорскаму прэм’еру Пуцін.

Віктар Орбан у часе свайго прэм’ерства сустрэўся з Уладзімірам Пуціным 14 разоў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сустрэча Трампа і Пуціна бліжэйшым часам не плянуецца. Дыпляматычныя перамовы зайшлі ў тупік

16 кастрычніка пасьля тэлефоннай размовы з Пуціным прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што іхная сустрэча адбудзецца ў Вугоршчыне. Тады Орбан заявіў, што гатовы арганізаваць сустрэчу расейскага і амэрыканскага прэзыдэнтаў.

Аднак сустрэча Трампа і Пуціна не адбылася, як пазьней паведаміў прэзыдэнт ЗША, праз працяг баявых дзеяньняў ва Ўкраіне. Пры гэтым Дональд Трамп дапусьціў магчымасьць такой сустрэчы ў Будапэшце ў «агляднай будучыні».

Да пачатку поўнамаштабнага ўварваньня расейскіх войскаў ва Ўкраіну Расея пастаўляла Вугоршчыне праз паўднёвую ветку нафтаправоду «Дружба» каля пяці мільёнаў тонаў нафты-сырцу штогод. Пасьля пачатку вайны пастаўкі зьменшыліся нязначна — прыблізна на два працэнты. Будапэшт працягвае падтрымліваць узаемавыгадныя гандлёвыя адносіны з Масквой і рэгулярна выступае супраць узмацненьня жорсткасьці эўрапейскіх санкцый і супраць вайсковай і эканамічнай падтрымкі Ўкраіны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Орбан паставіў пад сумнеў сувэрэнітэт Украіны