Міжнародная арганізацыя працы патрабуе ад уладаў Беларусі вярнуць пашпарты вызваленым лідэрам прафсаюзаў

Аляксандар Ярашук на прэсавай канфэрэнцыі ў Вільні 12 верасьня 2025, на наступны дзень пасьля вызваленьня і вывазу ў Літву

Адміністрацыйная рада Міжнароднай арганізацыі працы (МАП) разгледзела сытуацыю ў Беларусі з выкананьнем правоў працоўных і ўхваліла рашэньне, у якім сярод іншага запатрабавала ад уладаў Беларусі вярнуць пашпарты ўсім вызваленым з турмаў лідэрам і актывістам незалежных прафсаюзаў.

Як паведаміў старшыня Кангрэсу незалежных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук, які цягам усяго зьняволеньня заставаўся віцэ-прэзыдэнтам Міжнароднай канфэрэнцыі прафсаюзаў і чальцом Адміністрацыйнай рады МАП, быў вызвалены і вывезены ў Літву 11 верасьня, прадстаўніца Беларусі пры аддзяленьні ААН у Жэнэве Ларыса Бельская патрабавала перагаласаваць рашэньне, калі пабачыла вынік галасаваньня.

«Гаворка ішла пра Беларусь, улады якой сыстэматычнымі парушэньнямі правоў працоўных і прафсаюзаў прывялі краіну да самага жорсткага з прадугледжаных статутам МАП пакараньню — ухваленьню параграфу 33. Нагадаю, што за ўсю 106-гадову гісторыю арганізацыі гэты параграф выкарыстоўваўся толькі двойчы — супраць М’янмы і Беларусі», — напісаў Аляксандар Ярашук на сваёй старонцы ў Facebook.

Аднак улады Беларусі адмовіліся выконваць патрабаваньні гэтага параграфу і праігнаравалі спэцыяльнага пасланьніка МАП у гэтым пытаньні Лелеа Бентэа Карэа. Паводле Аляксандра Ярашука, большасьць чальцоў Адмінрады выказалі жорсткую ацэнку дзейнасьці ўладаў Беларусі, а прадстаўнік беларускага ўраду абвінавачваў МАП у неаб’ектыўнасьці і прадузятасьці.

«Рашэньне [...] ухвальвалі сёньня. Мяркуючы па ўсім, у беларускіх чыноўнікаў, якія працягваюць жыць у сваёй рэальнасьці, яно выклікала шок. Пастаянная прадстаўніца Беларусі пры аддзяленьні ААН у Жэнэве Ларыса Бельская, калі пачула расклад галасоў, патрабавала перагаласаваньня. Але і яно прынцыпова нічога не зьмяніла», — паведаміў Аляксандар Ярашук.

«Рашэньне, дзе апроч усяго іншага, у якасьці першачарговага гучала патрабаваньне вярнуць пашпарты Ярашуку і Фядынічу і аднавіць ім выплату пэнсій, ухвалілі пры 40 галасах „за“, 9 — утрымаліся і 2 — супраць», — удакладніў ён.

Аляксандар Ярашук адзначыў, што наступнае пасяджэньне Адміністрацыйнай рады МАП, на якім улады Беларусі павінны паведаміць аб выкананьні патрабаваньняў, адбудзецца ў сакавіку 2026 году.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МУС Беларусі: Бяз пашпарта беларусы ня могуць выяждаць за мяжу

11 верасьня пасьля сустрэчы ў Менску Аляксандра Лукашэнкі з амэрыканскай дэлегацыяй зь месцаў зьняволеньня вызвалілі 52 чалавекі, сярод якіх 14 замежных грамадзян і 38 беларускіх палітвязьняў. Пазьней прэс-сакратарка Лукашэнкі Натальля Эйсмант у інтэрвію расейскаму агенцтву ТАСС заявіла, што іх памілавалі.

Усіх іх прымусова вывезьлі ў Літву. Ужо на тэрыторыі Літвы частка палітзьняволеных даведалася, што іх вывезьлі без пашпартоў, толькі з даведкай, якая пацьвярджае асобу, з подпісам тагачаснага кіраўніка дэпартамэнту грамадзянства і міграцыі Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі Аляксея Бегуна.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта працяг рэпрэсій, а не вызваленьне». Чаму палітвязьняў, якіх адпусьцілі з-за кратаў, вывозяць за мяжу

Як слушна называць прымусовы вываз палітычных вязьняў за мяжу Беларусі

Палітычных вязьняў, якіх улады Беларусі вызваляюць з турмаў у межах пагадненьняў з амэрыканскім бокам, не пакідаюць у Беларусі. Гэта абурае многіх зь іх, якія амаль даседзелі прызначаны турэмны тэрмін і спадзяваліся жыць на радзіме, аднак апынуліся за мяжою, бяз дому і часта без дакумэнтаў. Як будзе найбольш карэктна называць гэты прымусовы вываз людзей з краіны? Разьбіраемся.

Выправаджэньне (выдварэньне)?

Не, бо выправадзіць зь Беларусі могуць толькі замежных грамадзян і асобаў без грамадзянства за правапарушэньні.

Такія дзеяньні адбываюцца ў форме высланьня (высылкі), распараджэньня пакінуць краіну, якое іншаземец можа выканаць добраахвотна;

або дэпартацыі, адміністрацыйнага выправаджэньня іншаземца за межы краіны.

Высланьне і дэпартацыя іншаземных грамадзян і асобаў без грамадзянства рэглямэнтуюцца адпаведнымі заканадаўчымі актамі. Высланьне і дэпартацыя грамадзян Беларусі забароненыя законам.

Найбольш слушным тэрмінам у цяперашнім становішчы беларускіх палітвязьняў будзе прымусовая экспатрыяцыя (антонім рэпатрыяцыі). Гэта — выгнаньне грамадзяніна Беларусі за межы ягонай радзімы. Прымусовая экспатрыяцыя — незаконная працэдура, яна супярэчыць Канстытуцыі краіны.