Нямецкі суд узяў пад варту ўкраінца, падазраванага ў падрыве «Паўночных патокаў»

Ілюстрацыйнае фота

Суд у Нямеччыне ўзяў пад варту грамадзяніна Украіны, падазраванага ў дывэрсіі на газаправодах «Паўночны паток», паведаміла 28 лістапада нямецкая Генэральная пракуратура.

«Сьледчы судзьдзя Фэдэральнага суду выканаў сёньня (28 лістапада 2025 г.) ордэр на арышт грамадзяніна Ўкраіны Сяргея К.», — гаворыцца ў паведамленьні, якое цытуе Ўкраінская служба Радыё Свабода.

Напярэдадні Сяргей Кузьняцоў быў экстрадаваны з Італіі ў Нямеччыну. Тады паведамлялася, што ў пятніцу ён зьявіцца перад сьледчым судзьдзём Фэдэральнага суду ў Карлсруэ.

19 лістапада стала вядома, што Касацыйны суд Італіі адхіліў апэляцыю і пастанавіў экстрадаваць у Нямеччыну грамадзяніна Ўкраіны Сяргея Кузьняцова, які падазраецца ў датычнасьці да дывэрсіі на газаправодах «Паўночны паток» у Балтыйскім моры.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Італія ўхваліла экстрадыцыю ўкраінца ў справе аб падрыве «Паўночных патокаў»

Украінец Сяргей Кузьняцоў быў арыштаваны ў жніўні ў італьянскім горадзе Рыміні празь некалькі дзён пасьля таго, як нямецкая фэдэральная пракуратура выдала эўрапейскі ордэр на яго арышт. Кузьняцоў стаў першым арыштаваным па справе аб сабатажы газаправодаў «Паўночны паток». У Нямеччыне яму прад’явілі некалькі абвінавачваньняў, у тым ліку ў тэрарызьме. У судзе ён не прызнаў сябе вінаватым.