Пачынаючы з жніўня гэтага году раённыя выканаўчыя камітэты Пінску, Лунінца і Менску, а таксама вайсковы камісарыят Горадні пачалі набываць партатыўныя прылады для выяўленьня дронаў. Такія ж самыя дэтэктары выкарыстоўваюць расейскія вайскоўцы на вайне ва Ўкраіне.
Як падлічыла Свабода, зь ліпеня 2024 году ў паветранай прасторы Беларусі было зафіксавана каля 700 дронаў. Часьцей за ўсё іх прылёты супадалі ў часе з масавымі расейскімі паветранымі атакамі Ўкраіны. У большасьці выпадкаў улады хаваюць інфармацыю пра гэтыя здарэньні, не інфармуюць людзей пра небясьпеку падчас такіх пралётаў, часам нягледзячы на факты выбухаў і разбурэньняў.
У кастрычніку 2024 году Аляксандар Лукашэнка сьцьвярджаў, што Беларусь зьбівае над сваёй тэрыторыяй усе беcьпілётнікі незалежна ад іхнага паходжаньня. Аднак доказаў гэтаму не прыводзілася. Лукашэнка прызнаў замоўчваньне гэтых фактаў і апраўдваў яго тым, што і расейскія, і ўкраінскія дроны залятаюць ненаўмысна.
«Мы дамовіліся па каналах з украінцамі, што мы ня будзем у сродках масавай інфармацыі „падсьвечваць“ факты залёту бесьпілётнікаў — і расейскіх, і ўкраінскіх — на нашую тэрыторыю, — казаў Лукашэнка 17 верасьня 2024 году. — Бо і тыя, і другія кепска кіруюць гэтымі бесьпілётнікамі. Па-першае, новыя для іх. А па-другое, працуюць сыстэмы радыёэлектроннай барацьбы, якія зьбіваюць з курсу бесьпілётнікі”.
Разам з тым у Беларусі пачалася «вайна» супраць уладальнікаў звычайных цывільных дронаў. У канцы 2023 году зьявіўся ўказ, які фактычна забараніў фізычным асобам мець і выкарыстоўваць дроны без спэцыяльнага дазволу. А з лістапада 2025-га да яго дадалі яшчэ і крымінальную адказнасьць за паўторнае падобнае парушэньне. Адзначалася, што заканадаўчы акт накіраваны на «ўзмацненьне аховы паветранай прасторы Беларусі».
Дзякуючы зьвесткам зь дзяржаўных тэндэраў, якія прааналізавала Свабода, высьветлілася, што сёлета раённыя выканкамы ўпершыню пачалі закупляць партатыўныя дэтэктары дронаў. Гэта абсталяваньне, якое цяпер актыўна выкарыстоўваюць пераважна на вайне ва Ўкраіне, яно стала стандартным інструмэнтам вайсковых падразьдзелаў. Выглядае, што такія закупы набываюць сыстэмны характар і ў Беларусі.
Усе райцэнтры, акрамя Менску, дзе закупаюць абсталяваньне, знаходзяцца непасрэдна каля дзяржаўнай мяжы. Лунінец — прыкладна за 40 км ад украінскай, Пінск — каля 20 км, Кобрын — прыкладна за 30 км ад украінскай і каля 40 км ад Польшчы. Горадня стаіць фактычна на мяжы з Польшчай і ўсяго ў 30 кілямэтрах ад Літвы.
Так, 1 верасьня 2025 году Пінскі райвыканкам падпісаў з прыватнай беларускай фірмай гуртовага продажу «Неакрыт» дамову на набыцьцё 5 такіх дэтэктараў на суму амаль 25 тысяч рублёў. Як заявілі чыноўнікі, мадэль прылады павінна быць «”Булат” v. 4 ці аналяг». Радыюс дзеяньня павінен быць ня меншы за 1,5 кілямэтра.
«Булат» — гэта невялікая партатыўная прылада, якая выяўляе дроны па іх радыёсыгналах і папярэджвае карыстальніка гукам і надпісам на дысплэі, што побач зьявіўся ці набліжаецца бесьпілётнік.
«Булат»
У апісаньні «Булату» расейская кампанія-распрацоўнік «3mx» адкрыта піша, што прылада была распрацаваная ў 2022 годзе «для патрэбаў спэцыяльнай вайсковай апэрацыі». Сама кампанія створаная ў 2023 годзе і практычна працуе на вайсковыя патрэбы, падтрымлівае расейскіх вайскоўцаў і піша ім публічныя словы падзякі.
Прапагандысцкае расейскае агенцтва RT Today з словаў расейскіх вайскоўцаў пісала, што «„Булат“ бачыць менавіта тыя дроны, якія часьцей за ўсё выкарыстоўваюцца ў зоне баявых дзеяньняў».
Скрыншот з сайту кампаніі — вытворцы «Булату»
Беларускі паралімпіец Аляксей Талай, вядомы таксама сваёй дапамагай расейскім вайскоўцам на акупаваных тэрыторыях Украіны, прывозіў у верасьні сёлета такія ж самыя «Булаты» для «супрацоўнікаў паліцыі, якія працуюць у самых складаных месцах памежжа».
Для якіх менавіта патрэбаў чыноўнікам Пінскага райвыканкаму спатрэбіліся гэтыя прылады, не паведамляецца.
Скрышот зь відэа расейскага тэлеканала
Акрамя пінскіх уладаў, набыць такія ж прылады выказалі жаданьне Лунінецкі і Менскі раёны выканаўчы каміэт. На сайце дзяржаўных закупаў восеньню гэтага году яны падалі запыты аб паданьні зьвестак на куплю адпаведна аднаго і чатырох дэтэктараў. Параметры і характарыстыкі заяўленыя такія ж, як і ў «Булату», але пры гэтым Менскі раённы выканаўчы камітэт запрасіў мадэль дэтэктара тыпу «Набат V.2.C».
Цана, за якую выканкамы гатовыя іх купіць, — каля 5 тысяч рублёў за адзінку.
«Набат» вырабляе таксама расейская кампанія — GoDrone. Яна гэтаксама, як і «3mx», разгарнула актыўную дзейнасьць падчас вайны Расеі супраць Украіны. Паводле заяваў вытворцы, іхныя прылады распрацаваныя «на шматлікія запыты вайскоўцаў у зоне спэцыяльнай вайсковай апэрацыі».
З сайту дзяржаўных закупаў таксама вынікае, што тыя ж сыстэмы тыпу «Набат» і «Булат» у колькасьці 21 адзінкі набывае Вайсковы камісарыят Горадзенскай вобласьці на суму амаль 102 тысячы рублёў. Тэхнічнае заданьне разьмешчана з подпісам выканаўцы абавязкаў начальніка кірунку тэрытарыяльнай абароны вайсковага камісарыяту Д. Дзедуля. Тэндэраў з падобнымі запытамі з удзелам вайсковых камісарыятаў у іншых вобласьцях Беларусі няма.
Кобрыньскі раённы выканаўчы камітэт пайшоў далей і замовіў у беларускай кампаніі «Хобі-Парк» дзьве стацыянарныя прылады ня толькі для выяўленьня, але і для глушэньня сыгналаў бесьпілётнікаў. У дакумэнце адзначана, што яны павінны глушыць як каналы кіраваньня БПЛА, так і сыстэмы навігацыі (GPS, GLONASS). Такія ўстаноўкі адносяцца ўжо да поўнамаштабных сыстэмаў здушэньня бесьпілётнікаў, якія выкарыстоўваюць для абароны вялікіх аб’ектаў.
Дакладная мадэль у дакумэнце не называецца, прапанова засакрэчаная, але цана — амаль 70 тысяч беларускіх рублёў за два камплекты — і пазначаная краіна вытворчасьці (Кітай) адпавядаюць мадэлям, якія гэты пастаўнік прапануе на сваім сайце. Сярод іх — кітайская сыстэма здушэньня TX-XJZ02-340, чые функцыі супадаюць з апісанымі ў дзяржаўнай закупцы.
Texin TX-XJZ02-340 — стацыянарная антыдронная сыстэма клясы «джамэраў». Яна стварае шырокапалосныя перашкоды і перарывае сувязь дрона з апэратарам, «глушыць» навігацыю. Прылада прызначаная для кругласуткавай абароны аб’ектаў і выкарыстоўваецца на прамысловых тэрыторыях, вайсковых базах, у іншых ахоўных зонах.
Texin TX-XJZ02-340 — кітайская стацыянарная антыдронная сыстэма
17 і 18 верасьня ў Беларусі арганізавалі «антыдронавае» навучаньне для кіраўнікоў прадпрыемстваў. 200 чалавек з 70 арганізацыяў, сярод якіх сілавікі, чыноўнікі, супрацоўнікі дзяржаўных прадпрыемстваў, наведалі сэмінар на тэму абароны аб’ектаў ад бесьпілётнікаў. Сэмінар правёў адзін з асноўных беларускіх дзяржаўных вытворцаў прыладаў радыёэлектроннай барацьбы ААТ «КБ Радар». На прэзэнтацыі ўдзельнікам прадэманстравалі сродкі абароны ад паветраных пагрозаў, у тым ліку ад дронаў-камікадзэ і розных тыпаў мультыкоптэраў.
Калі ўдзельнікам сэмінару спатрэбяцца гэтыя веды, у паведамленьні «КБ Радар» не ўказана.
«Антыдронавы» сэмінар для кіраўнікоў прадпрыемстваў, арганізаваны беларускім дзяржаўным вытворцам прыладаў радыёэлектроннай барацьбы ААТ «КБ Радар». 17 верасьня 2025 году
На думку Анатолія Храпчынскага, украінскага авіяцыйнага экспэрта, намесьніка генэральнага дырэктара кампаніі вырабу сродкаў радыёэлектроннай барацьбы, такія дзяржаўныя закупы беларускіх райвыканкамаў трэба разглядаць у кантэксьце рыхтаваньня краіны да магчымай эскаляцыі. У інтэрвію Свабодзе ён адзначыў, што Расея назапашвае зараз велізарныя аб’ёмы бесьпілётнікаў і дзейнічае як «тэрарыстычная дзяржава», масава ўжываючы ўдарныя дроны ў тым ліку супраць цывільных ва Ўкраіне. Ад гэтага цярпіць і Беларусь.
Эксперт перакананы, што Беларусь сьвядома рыхтуецца да вялікай вайны, у тым ліку таму, што сама залучаная ў расейскі ВПК, і такі характар закупаў выглядае як будаўніцтва інфраструктуры для абароны ў першыя дні магчымых баявых дзеяньняў.
«Пачнем з таго, што ёсьць разуменьне: любыя спробы [замірэньня] там умоўныя, мірнае ўрэгуляваньне нам зараз не прынясе спакою. Бо ўмоўна колькасьць зброі, якую назапашвае Расейская Федэрацыя, кажа нам, што гэта будзе доўгая вайна. Ці нават калі будуць падпісаныя нейкія мірныя пагадненьні, расейцы ўсё роўна будуць назапашваць зброю. […] Маленькія FPV-дроны цяпер здольныя замяніць кілера ці снайпэра, таму сыстэмы выяўленьня і здушэньня робяцца „must have“ для кожнай прыфрантавай зоны».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Амаль 700 вайсковых дронаў праляцелі над Беларусьсю за год, ёсьць выбухі і разбурэньні. Чаму ўлады гэта ўтойваюць?