У паведамленьні агенцтва гаворыцца, што 25-26 лістапада 2025 года ў Варшаве і Беластоку былі затрыманыя пяць падазраваных: грамадзяне Ўкраіны Аляксандар С. і непаўналетняя Сафія Ч., а таксама грамадзяне Беларусі Вікторыя М., Антон М. і Ўладзімер У.
Раённы суд у Любліне ўзяў чатырох падазраваных пад варту на тры месяцы. Праз дрэнны стан здароўя падазраванага Ўладзімера У (ён знаходзіцца ў бальніцы, дзе было прад’яўлена абвінавачанне) пракурор вызначыў меру стрыманьня, не звязаную з пазбаўленьнем волі, у выглядзе забароны на выезд з краіны.
Паводле агенцтва, падазраваных завербавалі праз мэсэнджэр Telegram, і яны фатаграфавалі аб’екты і атрымлівалі інфармацыю аб крытычна важнай інфраструктуры, сыстэмах і аб’ектах, «якія маюць вырашальнае значэнне для бясьпекі Рэспублікі Польшча і яе грамадзян», а таксама разьмяшчалі плякаты і стваралі графіці.
«Акрамя таго, гэтыя асобы былі гатовыя выконваць загады і іншыя задачы, вызначаныя кліентамі, якія працуюць у межах гэтай структуры, за што ім плацілі крыптавалютай. Апісаныя дзеяньні адпавядаюць усталяванаму і добра вядомаму мэтаду дзеяньняў расейскай выведкі», — гаворыцца ў паведамленьні.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Польшчы затрымалі яшчэ аднаго падазраванага ў справе дывэрсій на чыгунцы ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Вільні асудзілі грамадзяніна Ўкраіны за падпал IKEA